Разам з айцом дамініканінам Гжэгажам Хжаноўскім ОР мы разважаем пра тое, што азначае заклік Хрыста ўзяць Яго ярмо на сябе.
ХІV Звычайная нядзеля, Год А (09.07.2023)
У той час, адказваючы, Езус сказаў: «Праслаўляю Цябе, Ойча, Пане неба і зямлі, што Ты закрыў гэта ад мудрых і разумных і адкрыў гэта дзецям. Так, Ойча, бо так было Табе даспадобы. Усё перададзена Мне Айцом Маім, і ніхто не ведае Сына, апроч Айца; і Айца ніхто не ведае, апроч Сына і таго, каму Сын захоча адкрыць.
Прыйдзіце да Мяне, усе спрацаваныя і абцяжараныя, і Я супакою вас. Вазьміце ярмо Маё на сябе і навучыцеся ад Мяне, бо Я ціхі і пакорны сэрцам, і знойдзеце спакой для сваіх душаў. Бо ярмо Маё прыемнае і цяжар Мой лёгкі».
(Мц 11, 25–30)
Ярмо, але якое?
Пан Езус сказаў сваім вучням: «Ярмо Маё прыемнае і цяжар Мой лёгкі» (Мц 11, 30). Задумаўся я над гэтым выразам і нават зазірнуў у слоўнік, каб праверыць значэнне слова «ярмо». Там ёсць некалькі дэфініцый, але мяне зацікавіла наступная: «Драўляны хамут для вупражы рабочай буйной рагатай жывёлы». Ёсць і больш метафарычныя значэнні, такія як «няволя, прыгнёт, уціск». Езус кажа, каб мы ўсклалі на сябе Яго ярмо, гэта значыць, нейкую працу. Ці выглядае гэты заклік для нас прывабным? Наўрад ці, бо ён не абяцае нейкіх павярхоўных задавальненняў. Аднак у значэнні напоўненай глыбокім сэнсам жыццёвай прапановы ён гучыць зусім іначай. Паразважайма над гэтым, улічваючы кантэкст.
Па-першае, Езус звяртаецца да спрацаваных і абцяжараных, абяцаючы ім супакаенне душаў. Значыць, прапануе ім не дадатковы цяжар, а палёгку. Па-другое, Езус быў цесляром, і не выключана, што рабіў ярмы. Магчыма, ён даводзіў слухачам, што можа зрабіць добрую вупраж, якая не цісне жывёле, пераконваў, што добра валодае сваім рамяством, і такім чынам знайшоў сімпатыю і адабрэнне ў слухачоў. Урэшце, дзеля чаго ўвогуле ўскладаць ярмо на шыю? Справа ў тым, што кожны з нас функцыянуе ў сістэме нейкіх адносінаў, абавязкаў і залежыць ад іншых. Апрача радасці, мы спазнаем таксама паражэнні, смутак і цярпенні. Інакш кажучы, ярмо носіць кожны, пытанне толькі ў тым, ці добра яно зробленае, ці з’яўляецца яно вырабам таго, хто добра валодае сваім рамяством. Ярмо Езуса тым і адрозніваецца ад ярма, якое «націрае» і «цісне», што надае сэнс нашым жыццёвым выпрабаванням, пралівае святло на жыццё і несмяротнасць.
Менавіта таму Езус гаворыць, каб мы прынялі Яго ярмо. Важна, што Ён яго сам зрабіў, яно будзе дапасаванае акурат да нас, не будзе нас моцна раніць, і мы зможам добра функцыянаваць у адносінах з бліжнімі… А можа, усё зусім не так? Можа, усё гэта занадта саладжава? А што, калі я атрымаю пад дых ад жыцця так, што не ў стане буду знайсці ніякага сэнсу? Будзе толькі цемра і цярпенне. Што тады?
Спадзяюся, я ніколі не страчу веры ў тое, што Евангелле мае моц асвятляць жыццёвы змрок. «Вядзі мяне, Святло, сваёю дабратворнаю апекаю, Святло спрадвечнае» (Дж. Г. Ньюман).
Айцец Гжэгаж Хжаноўскі ОР.
Пераклад з польскай мовы Ганны Шаўчэнка.
Паводле «W drodze».