У святле Пана мы пазнаем сябе

Сёння разам з айцом дамініканінам Норбэртам Аўгустынам Лісам ОР мы разважаем пра тое, кім з’яўляецца кожны з нас у святле Божай любові.

Свята Перамянення Пана (06.08.2023)

Узяў Езус Пятра, Якуба і Яна, брата ягонага, і павёў іх адных на высокую гару, і перамяніўся перад імі. Аблічча Ягонае заззяла, як сонца, і адзенне Ягонае стала белае, як святло. І вось з’явіліся ім Майсей і Ілля, і размаўлялі з Ім. Адазваўшыся, Пётр сказаў Езусу: «Пане, добра нам тут быць. Калі хочаш, я зраблю тут тры шатры: Табе адзін, Майсею адзін і адзін Іллі». Калі ён яшчэ казаў, светлае воблака агарнула іх, а голас з воблака сказаў: «Гэта Сын Мой умілаваны, якога Я ўпадабаў. Яго слухайце». Пачуўшы гэта, вучні ўпалі ніцма і вельмі спалохаліся. А Езус падышоў, дакрануўся да іх і сказаў: «Устаньце і не бойцеся». Узняўшы вочы, яны нікога не ўбачылі, акрамя аднаго Езуса.

Калі сыходзілі з гары, Езус загадаў ім, кажучы: «Нікому не кажыце пра бачанне, пакуль Сын Чалавечы не ўваскрэсне».

(Мц 17, 1–9)

У святле Пана мы пазнаем сябе

На працягу літургічнага года мы двойчы чытаем евангельскі аповед пра цудоўнае перамяненне. Першы раз — у Вялікім посце. Паводле айцоў Касцёла, гэтая падзея павінна была ўмацаваць вучняў перад скандалам крыжа. Аднак у жнівеньскія дні, калі ў касцёлах адбываецца шмат шлюбаў, варта прачытаць гэты тэкст з іншай перспектывы. Праз яго прызму мы можам паглядзець на сябе і запалаць надзеяй, што хоць ужо «цяпер мы дзеці Божыя, але яшчэ не выявілася, чым будзем. Ведаем, што, калі Ён аб’явіцца, мы будзем падобнымі да Яго, бо ўбачым Яго такім, якім ёсць» (1 Ян 3, 2).

Стары Запавет (Майсей і Ілля) разам з Новым (Пётр, Якуб і Ян) «сплятаюцца ў адно» на гары Табор. Дамінуючаю рысаю Хрыста з’яўляецца святло Яго аблічча і асляпляльная белізнá Яго адзення. Езус выглядае як Абраннік, які чакае сваю Нявесту. Гэта Яго час! Гэта вобраз Яго вяселля! Пакуль што Ён адзін… Неўзабаве з’явіцца Яна. Аднак Ён спачатку павінен «заснуць», каб з Яго боку нарадзілася Яна, як калісьці Ева нарадзілася з боку Адама. У святле той «Раніцы» абое бачаць адно аднаго ў іншым святле. Аднак ніхто не зразумее гэтага, пакуль не сустрэне Уваскрослага, пакуль Сын Чалавечы не ўваскрэсне ў яго душы. Іначай мы спынімся толькі на міфе, ад чаго засцерагае сёння святы Павел.

Кім жа Яна з’яўляецца? Анёл паказаў Яе святому Яну: «Хадзі, я пакажу табе абранніцу, жонку Баранка» (Ап 21, 9). «Убачыў я таксама святы горад, новы Ерузалем, які сыходзіў ад Бога з неба, падрыхтаваны, быццам нявеста, прыбраная для свайго жаніха. …І меў Божую славу. Ззянне ягонае падобнае да каштоўнага, быццам яшма, каменя, чыстага, як крышталь» (Ап 21, 2. 11). Гэта пра нас! Толькі з іншай перспектывы. Гэта пра нашае перамяненне. Аднак не нашаю моцаю, а моцаю Пана і Яго Любові, а таксама годнасці, якою Ён нас адорвае.

Папа Бэнэдыкт XVI пісаў, што святая Жазэфіна Бакіта, якую прадавалі на рынках рабоў, збівалі да крыві (да канца жыцця у яе засталіся 144 раны), «пасля тых жудасных “паноў”, якім раней яна належала як уласнасць, <…> змагла пазнаць цалкам іншага “Пана”, жывога Бога, Бога Езуса Хрыста… Дагэтуль яна ведала толькі гаспадароў, якія пагарджалі ёю і прыгняталі яе… Яна даведалася, што гэты Пан ведае таксама і яе, што Ён стварыў яе і, больш за тое, любіць яе». Таму святая Жазэфіна Бакіта сведчыла: «Я, нарэшце, адчуваю, што мяне любяць і, што б ні здарылася, гэтая Любоў мяне чакае. Таму маё жыццё добрае» («Spe salvi», 3).


Айцец Норбэрт Аўгустын Ліс ОР.
Пераклад з польскай мовы Ганны Шаўчэнка.
Паводле «W drodze».

 

Мы вельмі радыя
бачыць вас на сайце
часопіса «Ave Maria».
Гэта плён працы
неабыякавых людзей,
якія з радасцю ствараюць
гэты часопіс для вас.

Падпіска
Ахвяраванні

Сайт часопіса „Ave Maria“ Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла ў Беларусі

Часопіс існуе дзякуючы вашым ахвяраванням. Сёння мы просім вашай дапамогі — нават невялікая сума падтрымае нас.

Падрабязней