Сёння разам з айцом дамініканінам Гжэгажам Курасем ОР мы разважаем пра моц вялікай веры, спалучанай са шчырай любоўю.

XX Звычайная нядзеля, год А (20.08.2023)

Езус накіраваўся ў землі Тыра і Сідона. I вось, жанчына канаанская, выйшаўшы з тых ваколіц, крычала Яму: «Змілуйся нада мною, Пане, Сыне Давіда! Цяжка апанаваная злым духам дачка мая. Але Ён не адказаў ёй ні слова.

Вучні Яго, падышоўшы, прасілі Яго: «Адпусці яе, бо яна крычыць услед за намі». Ён жа адказаў: «Я пасланы толькі да загінуўшых авечак з дому Ізраэля». Яна ж, падышоўшы, пакланілася Яму і сказала: «Пане, памажы мне». Ён жа сказаў у адказ: «Нядобра забраць хлеб у дзяцей і кінуць шчанятам». Яна адказала: «Так, Пане! Але і шчаняты ядуць крошкі, якія падаюць са стала гаспадароў іхніх». Тады Езус сказаў ёй у адказ: «О жанчына, вялікая вера твая! Няхай станецца табе, як жадаеш». I з гэтага моманту дачка яе стала здаровай.

(Мц 15, 21–28)

Мера вялікай веры

Вялікаю была вера гэтай жанчыны. Настолькі вялікаю, што падштурхнула яе выйсці з дому на вуліцу, каб шукаць дапамогі для дачкі. Канаанку не спыніла нават тое, што Настаўнік з Ізраэля не затрымаўся дзеля яе, а працягваў ісці наперад, не рэагуючы на воклічы. Вера жанчыны была большаю за пачуццё сораму ад таго, што ў чужым доме яна крычыць, не даючы гаспадарам і гасцям спакойна спажыць ежу.

Гледзячы вачыма веры, стомленымі ад плачу над лёсам дачкі, жанчына не спыняецца перад знешняю «абыякавасцю» Езуса і адмоваю дапамагчы Ёй. Нічога не прыхарошваючы і не драматызуючы, маці ні на хвіліну не страціла з вачэй мэты, якой яна так сябе ахвяравала. Усё ж такі справа датычыла выратавання дзіцяці.

Вялікая вера жанчына спалучаецца з вялікаю любоўю да дачкі. Інакш не было б цуду, бо вера без любові з’яўляецца толькі выкананнем абавязку; а любоў без веры можа стаць эгаістычнаю.

Езус паглядзеў на жанчыну і сказаў нам пра яе тое, што сам бачыў: «Вялікая вера твая!»


Айцец Гжэгаж Курась ОР.
Пераклад з польскай мовы Ганны Шаўчэнка.
Паводле «W drodze».

Мы вельмі радыя
бачыць вас на сайце
часопіса «Ave Maria».
Гэта плён працы
неабыякавых людзей,
якія з радасцю ствараюць
гэты часопіс для вас.

Падпіска
Ахвяраванні

Сайт часопіса „Ave Maria“ Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла ў Беларусі

Часопіс існуе дзякуючы вашым ахвяраванням. Сёння мы просім вашай дапамогі — нават невялікая сума падтрымае нас.

Падрабязней