
Сёння разам з айцом дамініканінам Мікалаем Вальчакам ОР мы разважаем пра пазнанне Хрыста, якое вядзе да пазнання ўласнай ідэнтычнасці.
XXІ Звычайная нядзеля, год А (27.08.2023)
Калі прыйшоў Езус у межы Цэзарэі Філіпавай, запытаўся ў вучняў сваіх, кажучы: «Кім людзі лічаць Сына Чалавечага?» Яны ж адказалі: «Адны – Янам Хрысціцелем, другія ж — Іллёю, а іншыя — Ераміяй ці адным з прарокаў». Ён сказаў ім: «А вы кім лічыце Мяне?» Адказваючы, Сымон Пётр сказаў: «Ты — Хрыстус, Сын Бога Жывога». Тады Езус сказаў яму ў адказ: «Шчаслівы ты, Сымоне, сын Ёны, бо не цела і кроў адкрылі табе гэта, але Айцец Мой, які ў нябёсах. I Я кажу табе, што ты — Пётр, скала, і на гэтай скале Я пабудую Касцёл Мой, і брамы пякельныя не перамогуць яго. Я дам табе ключы Валадарства Нябеснага, і што звяжаш на зямлі, тое будзе звязана ў небе, а што развяжаш на зямлі, тое будзе развязана ў небе». Тады загадаў вучням, каб нікому не расказвалі, што Ён — Хрыстус.
(Мц 16, 13–20)
Хто ты?
У наш час вельмі важнаю тэмаю, больш-менш асэнсаванаю, з’яўляецца пошук уласнай ідэнтычнасці. Мы прысвячаем гэтаму пытанню шмат часу і ў грамадстве, і ў масмедыя. Пытанне «Хто я?» спадарожнічае кожнаму з нас, і мы шукаем на яго адказу незалежна ад таго, ці маладыя мы, ці ў сталым узросце, ці, можа, ужо набліжаемся да крэсу свайго жыцця.
У сённяшнім Евангеллі пытанне пра ідэнтычнасць ставіцца вельмі канкрэтна. Езус пытаецца ў сваіх вучняў, кім яны Яго лічаць. Зразумела, гэта добрая нагода для кожнага з нас, каб спытаць у саміх сябе, кім мы лічым Езуса, але варта таксама ў сённяшнім Евангеллі звярнуць увагу на Пятра Сымона. Адказваючы на пытанне Хрыста, ён не толькі атрымлівае пацверджанне таго, кім з’яўляецца Езус, але і чуе ад Яго, кім з’яўляецца ён сам. Апостал пачуў, што ён з’яўляецца Пятром — скалою, на якой Хрыстус пабудуе свой Касцёл.
Калі мы хочам пазнаць сваю ідэнтычнасць у праўдзе, пытанне пра тое, кім з’яўляецца Езус, у глыбіні нашага сэрца павінна закрануць пытанне пра тое, кім з’яўляемся мы. Бо калі мы адкрыем, што Езус — наш Пан і Збаўца, тады мы зможам пачуць і пазнаць у праўдзе тое, хто мы такія. Мы адкрыем, што з’яўляемся ўмілаванымі дзецьмі Бога, якія не павінны заслугоўваць Яго любоў, за якіх Ён аддае жыццё, калі яны яшчэ грэшнікі (пар. Рым 5, 8). Урэшце, Ён прымае нас такімі, якія мы ёсць тут і цяпер, аднак з абяцаннем таго, кім мы можам стаць праз блізкія адносіны з Ім.
Сымон не адразу стаў Пятром. Аднак ён ішоў за Езусам. На гэтым шляху ён адрокся, здрадзіў. Перажыў страту Настаўніка і зноў даверыўся Яму пасля ўваскрасення. Гэты досвед прывёў Яго да навяртання. І хоць жыццё Пятра было нялёгкае, ён ніколі больш не здраджваў сваёй ідэнтычнасці.
Не боймася пазнаваць Хрыста, бо тады мы пазнаем саміх сябе ў праўдзе. Не боймася пачуць з вуснаў Бога сваё імя і праўду пра нас — бо ў ёй ёсць Хрыстус, які нас збаўляе.
Айцец Мікалай Вальчак ОР
Пераклад з польскай мовы Ганны Шаўчэнка.
Паводле «W drodze».