Сёння разам з айцом дамініканінам Гжэгажам Хжаноўскім ОР мы разважаем пра сутнасць прыпавесці пра мудрых і неразумных паннаў.

XXXІІ Звычайная нядзеля, год А (12.11.2023)

Езус расказаў сваім вучням такую прыпавесць: «Валадарства Нябеснае будзе падобнае да дзесяці паннаў, якія, узяўшы свае светачы, выйшлі насустрач жаніху. Пяць з іх былі неразумныя, а пяць — мудрыя. Неразумныя, узяўшы свае светачы, не ўзялі з сабою алею. Мудрыя ж разам са светачамі сваімі ўзялі алей у пасудзіны. Калі жаніх спазняўся, то задрамалі ўсе і паснулі. А сярод ночы ўзняўся крык: „Вось жаніх! Выходзьце яму насустрач“. Тады ўсталі ўсе панны гэтыя і прывялі ў парадак свае светачы. Неразумныя ж сказалі мудрым: „Дайце нам вашага алею, бо нашыя светачы гаснуць“. А мудрыя адказалі: „Каб хапіла і вам, і нам, пайдзіце лепш да тых, хто прадае, і купіце сабе“. Калі ж пайшлі яны купляць, прыйшоў жаніх, і тыя, што былі падрыхтаваныя, увайшлі з ім на вяселле, і зачыніліся дзверы. Пасля прыйшлі і астатнія панны ды кажуць: „Пане, пане, адчыні нам“. А ён адказаў ім: „Сапраўды кажу вам: не ведаю вас“. Таму чувайце, бо не ведаеце ні дня, ні гадзіны».

(Мц 25, 1–13)

Неразумныя панны

У прыпавесці Езуса Хрыста разам з мудрымі паннамі мы бачым таксама неразумных. Гэта эўфемізм (што азначае замену непрыемнага слова больш далікатным), бо даслоўна грэцкае слова трэба было б перакласці як «дурныя», «лянівыя». У прыпавесці выкарыстоўваецца гутарковая мова і даецца даволі выразная ацэнка. Ці не замоцныя гэтыя словы, скіраваныя да маладых жанчынаў? І ў чым жа заключалася іх глупства? А таксама наша глупства, калі мы да іх падобныя.

Што ж, будзем разбірацца па чарзе. Езус у прыпавесці выкарыстоўвае габрэйскі звычай, звязаны з цырымоніяй шлюбу. Пасля шлюбу муж прыходзіў у дом маладой, каб у прысутнасці світы забраць яе ў свой дом. Але жаніх з прыпавесці спазняўся і панны — як мудрыя, так і неразумныя — заснулі. Заснуць на нуднай вечарыне — звычайная справа, і праблема не ў гэтым. Праблемаю з’яўляецца недахоп алею.

Чаму неразумныя панны не мелі алею, і што гэты недахоп азначае? Яны не мелі алею, бо жылі бесклапотна. Хіба гэта дрэнна — жыць бесклапотна, асабліва ў маладосці? Калі ўзяць пад увагу адно са значэнняў слова «клопат», то «бес-клапотна» жыць ні ў якім узросце не варта. Часам пра рэлігійную веру гавораць як пра «апошні клопат». Чалавек клапоціцца пра многія рэчы, якія маюць для яго розную вартасць. Але сярод банальных клопатаў, клопатаў кожнага дня, ёсць таксама рэчы, справы і людзі, якія патрабуюць асаблівага клопату. Мы адчуваем і ведаем, што без іх наша жыццё было б больш убогім, а ў некаторых выпадках нават пустым і пазбаўленым сэнсу. Для веруючага чалавека апошнім клопатам з’яўляецца Бог. Менавіта Яго прысутнасць у жыцці чалавека і наш клопат пра гэтую прысутнасць — найвышэйшая каштоўнасць. Гэта алей, якім мы напаўняем свае светачы.

Яшчэ адзін момант: жаніх затрымліваецца. Гэта значыць, што чалавеку дадзены час, каб ён знайшоў веру і каб яна прынесла свае плады любові да бліжняга. Прыход жаніха метафарычна азначае момант смерці і суду над жыццём кожнага чалавека. Усе людзі памруць і будуць асуджаныя, і вельмі неразумна забывацца пра гэта. Відаць, па гэтай прычыне Езус не гаворыць намёкамі, а ўжывае такія моцныя выразы таксама і адносна нас, калі мы такія ж неразумныя, як панны, так і адносна багацея, які ўскладае надзею на падрыхтаваныя запасы. Але пра гэта ўжо ў іншай прыпавесці.


Айцец Гжэгаж Хжаноўскі ОР.
Пераклад з польскай мовы Ганны Шаўчэнка.
Паводле «W drodze».

Мы вельмі радыя
бачыць вас на сайце
часопіса «Ave Maria».
Гэта плён працы
неабыякавых людзей,
якія з радасцю ствараюць
гэты часопіс для вас.

Падпіска
Ахвяраванні

Сайт часопіса „Ave Maria“ Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла ў Беларусі

Часопіс існуе дзякуючы вашым ахвяраванням. Сёння мы просім вашай дапамогі — нават невялікая сума падтрымае нас.

Падрабязней