Сёння разам з айцом дамініканінам Радаславам Венцлаўкам ОР мы разважаем пра тое, што кожная сям’я — своеасаблівая, і гэта не перашкаджае нам імкнуцца да святасці.

Свята Святой Сям’і: Езуса, Марыі і Юзафа, год В (31.12.2023)

А калі мінулі дні іх ачышчэння паводле Закону Майсея, бацькі прынеслі Яго ў Ерузалем, каб прадставіць Пану.

Калі яны выканалі ўсё паводле Закону Пана, вярнуліся ў Галілею, у горад свой Назарэт. Дзіця ж расло і ўмацоўвалася, і напаўнялася мудрасцю, а ласка Божая спачывала на Ім.

(Лк 2, 22.39–40)

Узорная сям’я?

Жонка сцвярджае, што яна нявінная, хоць нарадзіла дзіця. Аднак гэта дзіця не ад яе мужа. Муж, нягледзячы на гэта, выхоўвае народжанае дзіця. Больш за тое, у яго няма перспектывы мець супольных дзяцей у гэтым саюзе. Жонка і муж не збіраюцца больш нараджаць дзяцей і не маюць сексуальных адносінаў. Ці была б такая сям’я для нас прыкладам, калі б мужа і жонку ў ёй не звалі Юзаф і Марыя, а дзіця не было б Сынам Божым? Гэта сям’я, якіх ёсць шмат, бо яна жыве па-свойму: у яе нестандартная сітуацыя, і ўзаемныя адносіны, зразумелыя часам толькі ўнутры самой гэтай сістэмы. Такіх сем’яў у Бібліі шмат. У першым чытанні гаворыцца пра пару, якая дачакалася дзіцяці ажно пасля свайго 90-годдзя. У другім згадваецца іх унук, які звязаўся з дзвюма сёстрамі. З першаю, якую не любіў, ён ажаніўся, бо разлічваў займець другую, якая была каханнем усяго яго жыцця. Гутарка ідзе пра Абрагама, Сару, Якуба, Лею і Рахель. Сем’і, якія яны будавалі, — дзівацкія, недасканалыя, поўныя болю — былі шляхам, па якім прыйшло збаўленне для ўсяго свету. У Езуса Хрыста, уцелаўлёнага Бога, сярод продкаў ёсць людзі, якія збудавалі нестандартныя сем’і, а Яго выхавалі сужэнцы, якія творча і эфектыўна працягнулі гэтую «традыцыю». Менавіта сям’ю Езуса, Марыі і Юзафа мы ўшаноўваем як святую, хоць тут няма сабакі і траіх дзяцей, якія нарадзіліся ад сваіх бацькоў, што цудоўна ўпісваюцца ў статыстычную норму і хрысціянскую антрапалогію. Бо святая — не значыць узорная. Святая сям’я — такая, якую Бог адарыў сваёю святасцю, Ён прысутнічае там як мэта, да якой мы разам скіроўваемся, і як крыніца, з якой мы чэрпаем сілы для любові. Не было б Святой Сям’і без уцелаўлення, што адабрала ў Марыі і Юзафа шанцы «ўпісацца» ў ідэальную мадэль, але дало прысутнасць Бога, які прыходзіць як Збаўца. Уцелаўленне Божага Сына можа асвяціць таксама нашыя сем’і: разбітыя, «залатаныя», пазбаўленыя надзеі, бяздзетныя, спакутаваныя ад стратаў і хваробаў. Толькі давайце не будзем баяцца стаць святымі, нягледзячы на моцную заблытанасць нашай гісторыі. Бог не баіцца нас асвяціць.


Айцец Радаслаў Венцлавэк OP

Мы вельмі радыя
бачыць вас на сайце
часопіса «Ave Maria».
Гэта плён працы
неабыякавых людзей,
якія з радасцю ствараюць
гэты часопіс для вас.

Падпіска
Ахвяраванні

Сайт часопіса „Ave Maria“ Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла ў Беларусі

Часопіс існуе дзякуючы вашым ахвяраванням. Сёння мы просім вашай дапамогі — нават невялікая сума падтрымае нас.

Падрабязней