
Сёння разам з айцом дамініканінам Міхалам Галюбеўскім ОР мы разважаем пра важнасць добрага духоўнага кіраўніцтва на жыццёвым шляху кожнага чалавека.
ІІ Звычайная нядзеля, год В (14.01.2024)
Стаяў Ян Хрысціцель і двое з вучняў ягоных і, убачыўшы Езуса, які ішоў, сказаў: «Вось Баранак Божы». Пачулі двое вучняў яго, што ён казаў, і пайшлі за Езусам. А Езус, абярнуўшыся і ўбачыўшы, што яны ідуць за Ім, кажа: «Чаго шукаеце?» Яны сказалі Яму: «Раббі (што азначае „настаўнік“), дзе жывеш?»
Ён сказаў ім: «Ідзіце і ўбачыце». Яны пайшлі і ўбачылі, дзе Ён жыве, і засталіся ў Яго ў той дзень. Было каля дзясятай гадзіны.
Адным з двух, якія пачулі ад Яна пра Езуса і пайшлі за Ім, быў Андрэй, брат Сымона Пятра. Знайшоўшы спачатку брата свайго Сымона, сказаў яму: «Мы знайшлі Месію (гэта значыць Хрыста)». І прывёў яго да Езуса. Езус, глянуўшы на яго, сказаў: «Ты Сымон, сын Яна; ты будзеш названы Кефас», што азначае „Пётр“, „скала“».
(Ян 1, 35–42)
Праваднікі і падарожнікі
Элі дапамог распазнаць голас Бога Самуэлю, які «яшчэ не пазнаў Пана, і слова Пана яшчэ не адкрылася яму». Ян сказаў двум сваім вучням пра Хрыста як Божага Баранка. Андрэй прывёў да Яго свайго брата. Добрая гэта справа — дапамагчы іншаму знайсці правільны шлях у жыццёвым падарожжы, стаць для кагосьці ў пэўны момант, а магчыма, толькі на хвіліну, правадніком у дарозе. Часта праваднік і сам знаходзіцца ў падобным падарожжы. Бывае, ён праходзіць свой шлях не вельмі ўдала (як Элі), аднак, нягледзячы на гэта, можа дапамагчы іншаму.
Падказкі правадніка маюць розную значнасць. У пэўнай ступені досвед кіраўніцтва маюць настаўнікі, трэнеры ці кансультанты. Аднак асаблівую важнасць нашы жыццёвыя справы набываюць тады, калі гутарка заходзіць пра Шлях з вялікай літары, пра магчымасць пайсці за Баранкам Божым. Тут вялікую адказнасць у правадніцтве маюць бацькі, сябры, духоўныя кіраўнікі і ўсе, хто суправаджае іншага чалавека ў нейкай найважнейшай справе.
Досвед эфектыўнага кіраўніцтва прыносіць радасць. Я ўяўляю сабе радасць Элія, Яна Хрысціцеля і Андрэя. Магчыма, гэтая радасць спалучаецца з ноткай меланхоліі, напрыклад, калі кіраўнік згадвае, што яму самому ў маладосці ніхто не паказаў правільнага шляху дастаткова выразна, альбо калі ён паказвае гэты шлях, а сам па розных прычынах не ідзе па ім. Як Элі, які не выканаў добра свайго паклікання, або як Ян Хрысціцель, які разумеў, што яго пакліканне адрозніваецца ад шляху яго вучняў.
З другога боку, ёсць тыя, каму гэты шлях адкрываецца вельмі выразна. Яны могуць прыняць параду або адкінуць, маюць свабодны выбар. Як і іх праваднікі, яны могуць спазнаць радасць і быць удзячныя. Уяўляю ўдзячнасць Самуэля перад Элі, удзячнасць вучняў Яна Хрысціцеля, удзячнасць Пятра перад яго братам.
Усе мы часам бываем у жыцці падарожнікамі і праваднікамі. Няхай жа Бог дасць нам ласку мудрых парадаў і правільнага выбару.
Айцец Міхал Галюбеўскі OP.
Пераклад з польскай мовы Ганны Шаўчэнка.
Паводле «W drodze».