Евангелле важнейшае за боль!

Сёння разам з айцом дамініканінам Норбэртам Аўгустынам Лісам ОР мы разважаем пра тое, што Евангелле вайжнейшае за ўсе чалавечыя клопаты і справы.

ІІІ Звычайная нядзеля, год В (21.01.2024)

Пасля таго, як выдалі Яна, прыйшоў Езус у Галілею, прапаведуючы Евангелле Божае і кажучы: «Споўніўся час, і наблізілася Валадарства Божае; кайцеся і верце ў Евангелле».

Праходзячы каля Галілейскага мора, убачыў Сымона і Андрэя, брата Сымона, якія закідвалі сеткі ў мора, бо яны былі рыбакамі. Езус сказаў ім: «Ідзіце за Мной, і Я зраблю вас рыбакамі людзей». Яны, пакінуўшы сеткі, адразу пайшлі за Ім. Адышоўшы крыху далей, Ён убачыў Якуба Зэбэдэевага і Яна, брата ягонага, якія таксама былі ў чоўне і ладзілі сеткі. І адразу паклікаў іх. Яны, пакінуўшы бацьку свайго Зэбэдэя ў чоўне з работнікамі, пайшлі за Ім.

(Мк 1, 14–20)

Евангелле важнейшае за боль!

Няпоўныя два месяцы таму, у апошні дзень мінулага літургічнага года Касцёл у Евангеллі нагадваў нам словы Езуса пра тое, што нашыя сэрцы не павінны быць абцяжараныя часовымі клопатамі (гл. Лк 21, 34). У супрацьлеглым выпадку дзень Пана прыйдзе да нас, як пастка. А гэта гучыць вельмі сумна. Характэрнаю рысаю сучаснага чалавека з’яўляецца тое, што ён займаецца толькі сабою, змагаецца за сябе, за свае правы, за ўласныя прыхамаці. Ён не заўважае іншых. Нават на малітве мы праяўляем эгаістычныя тэндэнцыі — завальваем Пана сваімі справамі, не бачым Яго, круцімся вакол саміх сябе ажно да самалюбнага галавакружэння! Проста эгатычнае «вертыга»! Таму літургія слова сённяшняй нядзелі спрабуе вырваць нас з гэтага і паказаць нам жыццё з Божай перспектывы.

Спачатку мы чуем пра Ёну. Нінівіцяне, як і ўсе асірыйцы, для Ёны былі крывавымі забойцамі без чалавечага аблічча. Час Асірыі пакінуў самыя змрочныя апісанні пачварных забойстваў, гвалту і знішчэнняў, занатаваных ва ўсеагульнай гісторыі. Гэта была проста імперыя жорсткасці! Ізраэль, айчыну Ёны, асірыйцы зраўнялі з зямлёю жудасным чынам. Таму не дзіўна, што Ёна не хацеў абвяшчаць ім Божае слова і заклікаць да навяртання. Пасля ўцёкаў у Тарс і здарэння з вялікаю рыбаю Бог зноў сказаў Ёну: «Устань, ідзі ў Нініву, вялікі горад, і скажы ім тое, што Я табе наказаў. І ўстаў Ёна, і пайшоў у Нініву, паводле слова Пана. …І пашкадаваў Бог, што сказаў пра няшчасце, якое спашле ім, і не спаслаў» (Ён 3, 1. 10).

Затым мы чуем новазапаветнае чытанне, якое закранае сямейныя справы, што часам прыносяць больш душэўнага болю, чым трагедыі ў грамадстве. Нягледзячы на гэта, святы Павел адкрывае для сябе і для нас такую праўду: «Кажу вам, браты, што час кароткі. Таму тыя, хто мае жонак, няхай будуць як тыя, хто не мае. І тыя, хто плача, як тыя, хто не плача» (1 Кар 7, 29). Евангелле ж найважнейшае!

Урэшце, што датычыць нашага Пана, то Ён не паспеў нават перажыць жалобы па святым Яне Хрысціцелю. Ён быў нібы непадрыхтаваны да яе. Хрыстус адразу падхапіў заклік Яна, паўтараючы слова ў слова: «Споўніўся час, і наблізілася Валадарства Божае; кайцеся і верце ў Евангелле» (Мк 1, 15). Евангелле важнейшае за ўласны боль!


Айцец Норбэрт Аўгустын Ліс ОР.
Пераклад з польскай мовы Ганны Шаўчэнка.
Паводле «W drodze».

 

Мы вельмі радыя
бачыць вас на сайце
часопіса «Ave Maria».
Гэта плён працы
неабыякавых людзей,
якія з радасцю ствараюць
гэты часопіс для вас.

Падпіска
Ахвяраванні

Сайт часопіса „Ave Maria“ Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла ў Беларусі

Часопіс існуе дзякуючы вашым ахвяраванням. Сёння мы просім вашай дапамогі — нават невялікая сума падтрымае нас.

Падрабязней