Сёння разам з айцом дамініканінам Паўлам Дамброўскім ОР мы разважаем пра тое, што азначае ўлада Бога над чалавечымі сэрцамі.

ІV Звычайная нядзеля, год В (28.01.2024)

Калі прыйшлі ў Кафарнаум, Езус адразу ў шабат увайшоў у сінагогу і навучаў. І здзіўляліся вучэнню Ягонаму, бо Ён вучыў іх як той, хто мае ўладу, а не як кніжнікі. Быў тады ў сінагозе чалавек, апанаваны нячыстым духам, які закрычаў: «Што Табе да нас, Езус Назаранін? Ты прыйшоў загубіць нас? Я ведаю Цябе, хто Ты: Святы Божы». Але Езус забараніў яму, кажучы: «Змоўкні і выйдзі з яго!» Тады нячысты дух, скалануўшы яго і закрычаўшы моцным голасам, выйшаў з яго. І спужаліся ўсе так, што пыталіся адзін у аднаго, кажучы: «Што гэта? Новае вучэнне з моцаю? Ён загадвае нават нячыстым духам, і яны слухаюцца Яго». І хутка разышлася пра Яго чутка па ўсёй ваколіцы Галілеі.

(Мк 1, 21–28)

Дзіўная ўлада

Святы евангеліст Марк піша, што Езус навучаў «як той, хто мае ўладу». Што гэта за ўлада, з якой усе так дзівіліся? Яе дакладна нельга атаясамліваць з фізічнаю моцаю. Бог не мае ўзброеных сілаў, якія на зямлі выконваюць Яго загады. Ён ніколі не выкарыстоўвае тэрору, прымусу ці страху. Яго ўлада таксама не спакушае, не прымяняе метаду закуліснага ўплыву ці яўнага шантажу. Іншымі словамі, Бог сам адкідвае многія формы выкарыстання ўлады, да якіх мы прызвычаіліся і ад якіх не можам адмовіцца.

Божая ўлада датычыць перш за ўсё чалавечага сэрца — гэтай таямнічай прасторы, дзе сустракаюцца розум і воля, любоў і пазнанне. Хрыстус уваходзіць у «сінагогу» сэрца і там навучае. Яго прысутнасць пралівае святло на тыя пласты нячыстасці, што ляжаць на дне нашых сэрцаў, на ўсе вялікія і малыя хітраспляценні зла. Аднак улада Хрыста грунтуецца не на тым, каб праверыць чалавечае сэрца, асудзіць і вынесці прысуд. Ён прамаўляе ва ўнутраным санктуарыі чалавека, каб перамяняць яго, ачышчаць і асвячаць, бо там, дзе сапраўды гучыць голас Хрыста, змаўкае зло і сціхае яго асуджальны тон.

У Езусе Бог паказаў сваю дзіўную ўладу — уладу любові, спакою і справядлівасці. Дзіўную — таму што яна не навязваецца звыш. Чалавек павінен дабравольна паддацца гэтаму асабліваму панаванню, каб спазнаць яго моц і збаўчыя вынікі. «О, каб вы паслухалі сёння Ягоны голас», — заахвочвае псальміст. Няхай нашыя сэрцы не чарсцвеюць, калі Езус прамаўляе да іх. Няхай яны сапраўды прагнуць Ягонае ўлады.


Айцец Павел Дамброўскі OP.
Пераклад з польскай мовы Ганны Шаўчэнка.
Паводле «W drodze».

 

Мы вельмі радыя
бачыць вас на сайце
часопіса «Ave Maria».
Гэта плён працы
неабыякавых людзей,
якія з радасцю ствараюць
гэты часопіс для вас.

Падпіска
Ахвяраванні

Сайт часопіса „Ave Maria“ Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла ў Беларусі

Часопіс існуе дзякуючы вашым ахвяраванням. Сёння мы просім вашай дапамогі — нават невялікая сума падтрымае нас.

Падрабязней