Сёння разам з айцом дамініканінам Міхалам Галюбеўскім ОР мы разважаем пра Божы замысел адносна чалавечага цела і яго вартаснасць.

ІІІ Велікодная нядзеля, год В (14.04.2024)

Вучні Езуса расказалі пра тое, што здарылася ў дарозе, і як пазналі Яго ў ламанні хлеба.

Калі яны казалі пра гэта, сам Езус стаў сярод іх і сказаў ім: «Спакой вам!» Збянтэжаныя і напалоханыя, яны думалі, што бачаць духа. Але Ён сказаў ім: «Чаму разгубіліся, і чаму сумненні ўзніклі ў вашых сэрцах? Паглядзіце на Мае рукі і ногі: гэта Я! Дакраніцеся да Мяне і пераканайцеся: дух не мае цела і касцей; як бачыце, Я іх маю». Пасля гэтых слоў Ён паказаў ім рукі і ногі. А калі яны ад радасці яшчэ не верылі і дзівіліся, Ён сказаў ім: «Ці маеце тут што з’есці?» Яны падалі Яму кавалак печанай рыбы. Ён узяў і еў перад імі.

І сказаў ім: «Вось словы мае, сказаныя вам, калі Я быў яшчэ з вамі, што павінна збыцца ўсё напісанае пра Мяне ў Законе Майсея, у Прарокаў і ў Псальмах. Тады адкрыў іх розум, каб яны разумелі Пісанне. І сказаў ім: «Так напісана, што Месія павінен цярпець і ўваскрэснуць на трэці дзень з мёртвых, і ў Ягонае імя павінна абвяшчацца пакаянне дзеля адпушчэння грахоў усім народам, пачынаючы ад Ерузалема. А вы — сведкі гэтага».

(Лк 24, 35–48)

Вартаснасць цела

Уваскрослы Хрыстус стараецца пераканаць вучняў, што Ён сапраўды мае цела. І падкрэслівае гэта, кажучы: «Паглядзіце… Дакраніцеся… Ці маеце тут што з’есці?» Потым Езус пры іх спажывае ежу.

Касцёл з самага пачатку разумеў, што гэты факт вельмі важны. Не толькі таму, што даказвае рэальнасць (і нават «нагляднасць», «адчувальнасць») уваскрасення Хрыста, але таксама па той прычыне, што паказвае Божы замысел адносна чалавечага цела і яго вартаснасць. Гэта пацвярджэнне таго, што было сказана ў Святым Пісанні пасля аповеду пра стварэнне чалавека: «Бог бачыў, што ўсё, створанае Ім, было вельмі добрае» (гл. Быц 2, 31). Гэта таксама сведчыць пра новае стварэнне, пра новую зямлю і новае неба, якія будуць месцам прабывання Бога і людзей, адноўленых ва ўваскрашэнні (гл. Ап 21) — уваскрослымі ў целе.

Калі мы чытаем у Евангеллі апісанні аб’яўленняў уваскрослага Пана, Яго цялеснасць там паказваецца як штосьці рэальнае, і адначасова яна пераўзыходзіць звычайны спосаб існавання чалавечага цела. Разважаючы пра гэтыя апісанні, тэолагі гавораць пра «абагаўлёнае цела» і пра яго асаблівыя рысы, якія калісьці будуць уласцівыя ўсім збаўленым: свабода ад цярпенняў (лац. impassibilitas), хуткасць (лац. agilitas), субтыльнасць (лац. subtilitas) і празрыстасць, прамяністасць (лац. claritas). Пры гэтым яны ўлічваюць тое, пра што Езус сёння гаворыць вучням, сустракаючыся з імі, — гутарка ідзе менавіта пра сапраўднае цела.

Адно са значэнняў Вялікадня — гэта менавіта прызнанне таямніцы цела. Гэта «святы вартаснасці нашага цела», створанага Богам і збаўленага Хрыстом. Не, яно яшчэ не абагаўлёнае, яшчэ не знаходзіцца ў поўнай гармоніі з тым, што духоўнае, яшчэ з’яўляецца месцам змагання і напружанасці, падвяргаецца спакусам, прамінальнасці і смерці. Але яно ўжо добрае і нібы скіраванае да абяцання ўваскрашэння, якое Хрыстус прадказаў сёння ў сваёй сустрэчы з вучнямі.


Айцец Міхал Галюбеўскі OP.
Пераклад з польскай мовы Ганны Шаўчэнка.
Паводле «W drodze».

 

Мы вельмі радыя
бачыць вас на сайце
часопіса «Ave Maria».
Гэта плён працы
неабыякавых людзей,
якія з радасцю ствараюць
гэты часопіс для вас.

Падпіска
Ахвяраванні

Сайт часопіса „Ave Maria“ Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла ў Беларусі

Часопіс існуе дзякуючы вашым ахвяраванням. Сёння мы просім вашай дапамогі — нават невялікая сума падтрымае нас.

Падрабязней