Сёння разам з айцом дамініканінам Кшыштафам Паплаўскім ОР мы разважаем пра перамогу над страхам і прыняцце жыццёвых выпрабаванняў.

XІIІ Звычайная нядзеля, год В (30.06.2024)

Калі Езус ізноў пераправіўся ў чоўне на другі бераг, сабралася да Яго мноства народу. А быў Ён каля мора. Прыйшоў таксама адзін з кіраўнікоў сінагогі па імені Яір і, убачыўшы Езуса, упаў да Ягоных ног і моцна прасіў, кажучы: «Дачушка мая памірае, прыйдзі, ускладзі на яе рукі, каб яна ўратавалася і жыла». І Ён пайшоў з ім. А вялікі натоўп ішоў за Езусам і ціснуліся да Яго.

Таксама прыйшлі ад кіраўніка сінагогі і сказалі: «Дачка твая памерла, навошта ты яшчэ турбуеш Настаўніка?» Але Езус, пачуўшы гэтыя словы, сказаў кіраўніку сінагогі: «Не бойся, толькі вер!» І не дазволіў нікому ісці за сабою, акрамя Пятра, Якуба і Яна, брата Якуба. Калі прыйшоў у дом кіраўніка сінагогі, убачыў мітусню і тых, хто плакаў і моцна галасіў. Увайшоўшы, Ён сказаў ім: «Чаго мітусіцеся і плачаце? Дзіця не памерла, а спіць». І насміхаліся з Яго. Але Ён, выгнаўшы ўсіх, узяў з сабою бацьку і маці дзіцяці і тых, хто быў з Ім, і ўвайшоў туды, дзе было дзіця. Узяўшы дзяўчынку за руку, сказаў ёй: «Таліта, кум!», што значыць: «Дзяўчынка, табе кажу, устань!» Дзяўчынка адразу ўстала і пачала хадзіць. А было ёй дванаццаць гадоў. І замерлі яны ў вялікім здзіўленні. А Ён строга загадаў ім, каб ніхто пра гэта не ведаў, і сказаў даць ёй есці.

(Мк 5, 21–24. 35b–43)

«Толькі вер»

Варта паглядзець на сённяшняе Евангелле ў больш шырокай перспектыве. Езус заканчвае навучаць у прыпавесцях, і пачынаецца апісанне чатырох цудаў: суцішванне буры на возеры, выгнанне злога духа з апантанага ў краі геразенаў, аздараўленне жанчыны, якая цярпела ад крывацёку, і ўваскрашэнне дачкі Яіра (гл. Мк 4, 33 – 5, 43). Як пішуць каментатары, гэтая чарговасць невыпадковая: яна паказвае ўладу Езуса над прыродаю, злом, хваробаю і смерцю. Ёсць яшчэ дзве рэчаіснасці, праз якія трэба паглядзець на кожнае Евангелле, — гэта вера і ўваскрасенне. Менавіта з такой перспектывы пісалі Евангелісты і так глядзелі на ўсё першыя хрысціяне, што выразна акрэсліў святы Павел: «А калі Хрыстус не ўваскрос, то марнае і прапаведаванне нашае, і вера вашая марная» (1 Кар 15, 14). Уваскрашэнне дачкі Яіра, перамога над смерцю — гэта таксама прадвесце ўваскрасення Езуса.

У сённяшнім Евангеллі шмат эмоцый і чалавечых рэакцый: «Упаў да Ягоных ног і моцна прасіў», «Убачыў мітусню і тых, хто плакаў і моцна галасіў», «Насміхаліся з Яго», «Замерлі яны ў вялікім здзіўленні». Мы рэдка думаем пра эмоцыі ў кантэксце жыцця з Богам. Аднак важна ўбачыць, што вера і ўваскрасенне ахопліваюць чалавека цалкам, у тым ліку наш грэх і жыццёвую неўладкаванасць, з усім нашым досведам рассеянасці, няцэльнасці, унутранага і знешняга разладу. Толькі часам настаюць моманты адчування гармоніі і цэласнасці, перадышкі і свабоды.

Праз якія б выпрабаванні мы ні праходзілі і што б мы ні перажывалі, сённяшняе Евангелле паказвае шлях: «Не бойся, толькі вер!» Трэба памятаць гэты сказ і ім жыць цалкам, бо тое, што дастаткова «толькі верыць», — гэта адначасова праўда і няпраўда. Памятайма, што словы «Не бойся» заахвочваюць нас быць адважнымі і не паддавацца. Вера дапамагае нам перамагчы страх і прыняць рэчаіснасць, нават самую складаную, усёй сваёй істотаю і ўсім сваім жыццём. Тады і мы можам спадзявацца, што пачуем: «Вера твая ўратавала цябе» (Мк 5, 34).


Айцец Кшыштаф Паплаўскі ОР.
Пераклад з польскай мовы Ганны Шаўчэнка.
Паводле «W drodze».

 

Мы вельмі радыя
бачыць вас на сайце
часопіса «Ave Maria».
Гэта плён працы
неабыякавых людзей,
якія з радасцю ствараюць
гэты часопіс для вас.

Падпіска
Ахвяраванні

Сайт часопіса „Ave Maria“ Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла ў Беларусі

Часопіс існуе дзякуючы вашым ахвяраванням. Сёння мы просім вашай дапамогі — нават невялікая сума падтрымае нас.

Падрабязней