Сёння разам з айцом дамініканінам Норбэртам Аўгустынам Лісам ОР мы разважаем пра тое, як здабыць Божую мудрасць.
ХХ Звычайная нядзеля, год В (18.08.2024)
Мудрасць збудавала дом свой і вычасала сем калонаў яго, забіла тое, што было на зарэз, змяшала віно сваё і стол падрыхтавала. Выслала служанак сваіх і кліча з вяршынь узвышшаў горада: «Хто просты, няхай прыйдзе сюды».
Неразумнаму яна сказала: «Хадзіце, ешце хлеб мой, піце віно, якое змяшала. Адкіньце глупства і будзеце жыць, хадзіце шляхам розуму».
(Прып 9, 1–6)
Глядзіце дакладна, як паступаеце, не як неразумныя, а як мудрыя. Выкарыстоўвайце час, бо дні ліхія. Не будзьце ж неразважнымі, але пазнавайце, што ёсць воляй Пана.
І не ўпівайцеся віном, ад якога бывае распуста, але напаўняйцеся Духам, настаўляючы саміх сябе псальмамі, гімнамі і духоўнымі песнямі, спяваючы і выслаўляючы Пана ў вашых сэрцах. Дзякуйце заўсёды за ўсё Богу і Айцу ў імя Пана нашага Езуса Хрыста.
(Эф 5, 15–20)
Езус сказаў народу: «Я — хлеб жывы, які сышоў з неба. Калі хто будзе спажываць хлеб гэты, будзе жыць вечна. А хлеб, які Я дам, — гэта цела Маё дзеля жыцця свету».
Юдэі спрачаліся паміж сабою, кажучы: «Як Ён можа даць нам есці сваё цела?» Езус жа сказаў ім: «Сапраўды, сапраўды кажу вам: калі не будзеце спажываць Цела Сына Чалавечага і піць Крыві Ягонай, не будзеце мець у сабе жыцця. Хто спажывае Маё Цела і п’е Маю Кроў, мае жыццё вечнае, і Я ўваскрашу яго ў апошні дзень. Бо цела Маё — праўдзівы спажытак, а Кроў Мая — праўдзівы напой. Хто спажывае Маё Цела і п’е Маю Кроў, трывае ўва Мне, а Я ў ім. Як паслаў Мяне Айцец, які жыве, а Я жыву праз Айца, так і той, хто спажывае Мяне, будзе жыць праз Мяне. Гэта той хлеб, які сышоў з неба, а не той, які елі айцы вашыя і памерлі. Хто спажывае гэты хлеб, будзе жыць навекі».
Гэта сказаў Ён у сінагозе, калі навучаў у Кафарнауме.
(Ян 6, 51–58)
Рэцэпт мудрасці
Мы можам расказаць пра саміх сябе шмат непрыемных рэчаў. І мы самі ж гэта «праглынем». Горш, калі іншыя пра нас такое гавораць. Тады можа быць балюча. «Я такі дурны!» — з лёгкасцю скажу я пра самога сябе. І гэта не балюча. Але калі я напішу: «Чытач, ты — дурань! Ты павінен падмацавацца каментаром, каб зразумець слова Божае», — гэта ўжо можа быць непрыемна, праўда? Чытаючы такія рэчы, можна ажно з крэсла ўскочыць. Аднак спакойна! Я толькі правакую, каб закрануць у вас струнку супраціўлення. На самай справе ў Бібліі дурным называецца той, хто пярэчыць Богу: «Неразумны сказаў у сваім сэрцы: „Няма Бога“. <...> Бог з нябёсаў пазірае на сыноў чалавечых, каб убачыць, ці ёсць які разумны, што шукае Бога» (Пс 53, 2 і наст.).
У гэтую нядзелю Пан Бог у сваім слове гаворыць пра мудрасць і жыццё. «Мудрасць збудавала дом свой і вычасала сем калонаў яго», як сем дароў Духа Святога. «Выслала служанак сваіх і кліча з вяршынь узвышшаў горада: „Хто просты, няхай прыйдзе сюды“». Аднак тут узнікае праблема. У сучасным свеце больш цэняцца адукаванасць і кемлівасць, чым мудрасць. Нас мучыць сусветная «задышка» ў пагоні за высокім IQ і спрытнасцю, а ўнутры ўжо даўно не хапае дыхання мудрасці. Больш за тое, мудрасць выстаўляецца за дзверы нашага штодзённага жыцця. Часам яна сама сыходзіць, яна палохаецца і ўцякае, «калі прыходзіць несправядлівасць» (пар. Мдр 1, 5). Але што такое мудрасць? Мудрасць — адказ на балючае пытанне: «Навошта ўсё гэта?» Мудрасць —уменне бачыць ўсё ў цэласці, бачыць мэту ўсяго, а не толькі фрагментаў жыцця.
На самай справе ўсе мы — прастакі. Словамі самой мудрасці з Кнігі Прыпавесцяў Бог кліча сёння ўвесь Касцёл да сябе: «Хто просты, няхай прыйдзе сюды. <...> Хадзіце, ешце хлеб мой, піце віно, якое [мудрасць] змяшала». І, такім чынам, мы ўжо заўважаем, што паступова з-пад заслоны Старога Запавету выходзіць Новы — Эўхарыстыя, падмурак мудрасці самога Бога. Сёння Пан Бог гаворыць нам: «Я — хлеб жывы <...>, а Кроў Мая — праўдзівы напой», хто спажывае іх, той «будзе жыць навекі». Калі ты спасцігнуў гэта, значыць, у табе жыве Яго Мудрасць не з гэтага свету. Яна — чыстая, як жывая вада; светлая, як раніца ўваскрасення; гарачая, як жар любові Духа Святога.
Таму «глядзіце дакладна, як паступаеце, не як неразумныя, а як мудрыя. Выкарыстоўвайце час, бо дні ліхія. Не будзьце ж неразважнымі, але пазнавайце, што ёсць воляй Пана».
Айцец Норбэрт Аўгустын Ліс ОР.
Пераклад з польскай мовы Ганны Шаўчэнка.
Паводле «W drodze».