Сёння разам з айцом дамініканінам Міхалам Галюбеўскім ОР мы разважаем пра тое, што Бог «не зважае на асобу» і мы таксама не павінны распаўсюджваць паміж людзьмі варожасць, падзяляючы іх на сваіх і чужых, лепшых і горшых.
ХХIІІ Звычайная нядзеля, год В (08.09.2024)
Браты мае, не зважаючы на асобы, майце веру ў Езуса Хрыста, нашага Пана хвалы. Бо калі на сход ваш прыйдзе чалавек з залатым пярсцёнкам, у бліскучым адзенні, і ўвойдзе таксама бедны ў бруднай вопратцы, і вы паглядзіце на апранутага ў бліскучае адзенне, і скажаце яму: «Ты сядай тут, на добрае месца», а беднаму скажаце: «Ты стань там ці сядай тут, каля падножжа майго», то ці ж не робіце адрознення між вамі самімі і не становіцеся суддзямі са злымі думкамі?
Паслухайце, мае ўмілаваныя браты. Ці ж не бедных свету выбраў Бог як багатых вераю і спадкаемцаў Валадарства, якое Ён абяцаў тым, хто любіць Яго?
(Як 2, 1–5)
Езус выйшаў з межаў Тыра і прайшоў праз Сідон да Галілейскага мора, пасярод зямель Дэкаполіса. Калі прывялі да Яго глуханямога, прасілі, каб усклаў на яго руку. Адвёўшы яго далей ад натоўпу, Ён уклаў у яго вушы свае пальцы і, паслініўшы, дакрануўся да ягонага языка. Паглядзеўшы на неба, уздыхнуў і сказаў яму: «Эффата!», што значыць: «Адкрыйся». Адразу адкрыліся вушы ягоныя і развязаліся путы языка ягонага, і пачаў гаварыць выразна. Тады Езус загадаў ім, каб нікому не казалі. Але колькі ні забараняў ім, яны апавядалі яшчэ больш. Будучы надзвычай здзіўленымі, яны казалі: «Ён зрабіў ўсё добра: учыніў, што глухія чуюць, а нямыя гавораць!»
(Мк 7, 31–37)
«Не свае»
Святы Якуб у сённяшнім літургічным чытанні гаворыць пра тое, што мы, жывучы вераю ў Хрыста, не павінны «зважаць на асобы». У апісанай ім сцэне знявага ўбогага чалавека — гэта вынік несправядлівага асуджэння. Вартасць гэтага чалавека іншая ў вачах Бога. Аднак такая памылковасць у людскіх меркаваннях можа датычыць не толькі розніцы ў матэрыяльным дастатку.
Аднойчы праводзіліся псіхалагічныя даследаванні, якія паказалі, што, калі людзей падзяліць на дзве групы паводле адвольнага крытэрыю, то да членаў уласнай групы яны пачынаюць адчуваць сімпатыю і эмпатыю, а да членаў іншай — негатыўныя эмоцыі. Ці не знаёмае вам такое пачуццё антыпатыі да «тых», «не сваіх»? Інтэнсіўнасць і прычыны гэтага пачуцця могуць быць розныя, але ў пэўных варыяцыях яно вяртаецца да нас на працягу ўсяго жыцця. Гэта можа быць непрыязнасць да дзяцей з іншай вуліцы або з іншага класа ў школе; да фанатаў іншай футбольнай каманды ў вашым горадзе або да супрацоўнікаў з суседняга аддзела; да прыхільнікаў іншай партыі ці да іншаземцаў; да веласіпедыстаў, калі мы водзім аўтамабіль, і, наадварот, да аўтамабілістаў, калі мы ездзім на веласіпедзе. «Ці ж не робіце адрознення між вамі самімі і не становіцеся суддзямі са злымі думкамі?» (Як 2, 4)
У той жа час «Бог не зважае на асобу», але ў кожным народзе і ў кожнай групе «даспадобы Яму той, хто баіцца Яго і паступае справядліва» (Дз 10, 34–35). Хрыстус — гэта Той, хто прыйшоў, каб вызваліць нас ад схільнасці да падзелаў і ўзаемнай непрыязнасці, што караніцца глыбока ў нашых душах. Прыйшоў, каб прынесці спакой і «ў адным целе зноў прымірыць з Богам адных і другіх праз крыж, забіўшы ў сабе тую варожасць» (Эф 2, 16–17).
Падобным чынам можна таксама трактаваць аздараўленне з сённяшняга чытання Евангелля, дзе Пан Езус гаворыць глуханямому: «Эффата!» Чалавек адкрыўся на тое, каб чуць іншых і камунікаваць з імі, каб яго сустрэчы з людзьмі сталі якасна новымі, больш глыбокімі.
Няхай Пан Бог і нас таксама аздаравіць ад схільнасці асуджаць «не сваіх», тых, каго мы прынцыпова падазраем, лічым горшымі або варожымі. Няхай Ён дапаможа нам камунікаваць з імі па-новаму, а Касцёл усё больш яўна становіцца месцам, дзе можна адшукаць еднасць і спакой «праз крыж, забіўшы ў сабе тую варожасць».
Айцец Міхал Галюбеўскі OP.
Пераклад з польскай мовы Ганны Шаўчэнка.
Паводле «W drodze».