Сёння разам з айцом дамініканінам Паўлам Каняркам ОР мы разважаем пра незвычайную надзею, якую прыносіць нам прадказанне канца свету і прыйсця Сына Чалавечага.
І Нядзеля Адвэнту, год С (01.12.2024)
Езус сказаў сваім вучням: «Будуць знакі на сонцы, месяцы і зорках, а на зямлі — трывога народаў і замяшанне ад гулу марскога хвалявання. Людзі будуць млець ад страху і ад чакання таго, што прыйдзе на свет, бо пахіснуцца нябесныя моцы. І тады ўбачаць Сына Чалавечага, які будзе ісці ў воблаку з моцаю і вялікай славаю.
Калі ж гэта пачне адбывацца, тады выпрастайцеся і падыміце галовы вашыя, бо набліжаецца вашае адкупленне. <...>
Зважайце ж на сябе, каб сэрцы вашыя не былі абцяжараныя свавольным жыццём, п’янствам і жыццёвымі клопатамі, і каб дзень той не застаў вас неспадзявана, бо ён, як пастка, прыйдзе на ўсіх, хто жыве на паверхні ўсёй зямлі. Таму чувайце і маліцеся ўвесь час, каб вы маглі пазбегнуць усяго, што павінна адбыцца, і стаць перад Сынам Чалавечым».
(Лк 21, 25–28. 34–36)
Выпрастайцеся!
Калі сонца ніжэй на даляглядзе, а пад нагамі шалясціць лістота, мы крыху больш настроеныя на меланхалійную музыку Адвэнту. Нават калі ў штодзённасці нам удаецца не звяртаць увагі на выразныя акорды замірання, то прынамсі раз у год трэба адчуць мелодыю дуэту прыроды і літургічнага года, у якім чуецца рэха «memento mori».
Розныя пачуцці можа выклікаць у нас гэтая нота «канца» — свету і нас саміх. Можна адчуць трывогу ў сувязі з павучаннем святога Паўла, які заклікаў мець сэрцы беззаганнымі ў святасці, чакаючы прыйсця Пана; можна станавіцца ўсё больш дасканалымі. У многіх сэрцах, напэўна, з’явіцца расчараванне ад паразы ў імкненні за недасягальным евангельскім узорам, да якога мы не змаглі дарасці. Не дапамагае таксама Ераміева прадказанне справядлівасці, якую ў канцы часоў павінен учыніць Патомак Давіда. Тым больш здзіўляе парадаксальная выснова ў Евангеллі. Словы, якія чытаюцца ў першую нядзелю Адвэнту, прыносяць незвычайную надзею; колькі б разоў я іх ні чуў, яны заўсёды кранаюць маё сэрца: «Выпрастайцеся і падыміце галовы вашыя, бо набліжаецца вашае адкупленне».
Дзякуючы веры тэма канца не толькі абуджае складаныя пачуцці, але і дае надзею на сапраўдную сустрэчу з Любоўю, па якой мы вельмі сумуем. Таму выпрастаймася! Спявайма адвэнтовую песню і хадзем далей да канца, у якім раз і назаўсёды адкрыем сваю годнасць, бо ўжо нішто не аддзеліць нас ад Любові.
Айцец Павел Канярэк OP.
Пераклад з польскай мовы Ганны Шаўчэнка.
Паводле «W drodze».