Сёння разам з айцом дамініканінам Міхалам Галюбеўскім ОР мы разважаем пра духоўную інтуіцыю, якую мы можам паглыбляць для распазнавання таго, што найлепшае.

Урачыстасць Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі, год С (08.12.2024)

Заўсёды кожную малітву за ўсіх вас узношу з радасцю, за ваш удзел у абвяшчэнні Евангелля з першага дня аж дагэтуль. Упэўнены, што той, хто пачаў у вас добрую справу, закончыць яе да дня Езуса Хрыста. <...>

Бог — мой сведка, што я люблю ўсіх вас любоўю Езуса Хрыста. Таму малюся, каб вашая любоў яшчэ больш узрастала ў пазнанні і ва ўсякім адчуванні, каб вы пазнавалі лепшае, каб вы былі справядлівымі і беззаганнымі ў дзень Хрыста, напоўненымі пладамі справядлівасці праз Езуса Хрыста дзеля славы і хвалы Божай.

(Флп 1, 4–6, 8–11)

Бог паслаў анёла Габрыэля ў горад галілейскі, называны Назарэт, да Дзевы, заручанай з мужам па імені Юзаф, з дому Давіда, а імя Дзевы — Марыя. Анёл, увайшоўшы да Яе, сказаў: «Вітай, поўная ласкі, Пан з Табою». Яна ж збянтэжылася ад словаў ягоных і разважала, што гэта за прывітанне. І сказаў Ёй анёл: «Не бойся, Марыя, бо знайшла Ты ласку ў Пана. Вось зачнеш ва ўлонні сваім і народзіш Сына, і дасі Яму імя Езус. Ён будзе вялікі і будзе названы Сынам Найвышэйшага, і дасць Яму Пан Бог трон Давіда, бацькі Ягонага, і валадарыць будзе над домам Якуба вечна, а валадарству Яго не будзе канца».

І сказала Марыя анёлу: «Як станецца гэта, калі я мужа не знаю?» Анёл сказаў Ёй у адказ: «Дух Святы сыдзе на Цябе, і моц Найвышэйшага ахіне Цябе. Таму і Святое, што народзіцца, будзе названа Сынам Божым. Вось і Альжбета, сваячка твая, і яна зачала сына ў старасці сваёй; і ўжо на шостым месяцы тая, якую называлі бясплоднай, бо для Бога няма нічога немагчымага». Тады Марыя сказала: «Вось я, слуга Пана. Няхай мне станецца паводле твайго слова». І адышоў ад Яе анёл.

(Лк 1, 26–38)

Духоўная інтуіцыя

Святы Павел моліцца за філіпянаў, каб іх любоў станавілася ўсё больш дасканалаю ў пазнаванні і адчуванні таго, што лепшае. Гэтае адчуванне патрэбнае ў многіх сферах жыцця. Некалькі разоў мне даводзілася штосьці пячы або гатаваць пад наглядам чалавека, які нашмат лепш у гэтым разбіраўся. Звычайна я крыху губляўся ў задуменні: колькі і чаго трэба дадаць або дасыпаць? Тады я зазіраў у рэцэпт, каб праверыць, ці ёсць там дакладныя ўказанні. Тым часам мой кухонны інструктар сцвярджаў, што дастаткова зрабіць гэта на вока, інтуітыўна, і менавіта так я рабіў — вынік быў сапраўды добры.

Святы Павел піша пра пэўны від фундаментальнай духоўнай інтуіцыі, якая павінна скіроўваць нас да таго, каб нашае жыццё стала чыстым, плённым і мела ў сабе водбліск Божай хвалы. За інтуіцыяй у розных справах — ці то ў гатаванні ежы, ці то ў музыцы, ці то ў спорце — звычайна стаяць набытыя раней веды, практыка, а таксама своеасаблівы дар, талент у пэўнай сферы. Менавіта дзякуючы ім у нейкі момант можна адважыцца на інтуітыўныя рашэнні, інтуітыўны выбар таго, што ў дадзеным выпадку будзе правільным.

Гэтак жа і з духоўнай інтуіцыяй. За ёю стаяць пэўныя веды — знаёмства з Бібліяй, веданне катэхізіса і, магчыма, таксама пісьмовых твораў святых, вывучэнне тэалагічных і духоўных кніг. Да фармавання інтуіцыі вядзе практыка — жыццё паводле Божых запаведзяў, у духу евангельскіх парадаў і ўвогуле імкненне да таго, што ў Святым Пісанні называецца «хадзіць Божымі шляхамі». Урэшце, духоўная інтуіцыя — гэта таксама вынік пэўнага дару, ласкі, якую Бог удзяляе сваім дзецям.

Гэтыя тры «інгрэдыенты», якія выступаюць у розных прапорцыях у розных людзей, становяцца складнікамі духоўнай інтуіцыі, якую мы павінны паглыбляць для пазнавання таго, што лепшае. Яна можа калісьці дапамагчы нам адмовіцца ад атрутнага плода, падобнага да таго, пра які апавядаецца ў Кнізе Быцця, або прыняць неспадзяваны Божы заклік, як прыняла яго Марыя падчас звеставання.


Айцец Міхал Галюбеўскі OP.
Пераклад з польскай мовы Ганны Шаўчэнка.
Паводле «W drodze».

 

Мы вельмі радыя
бачыць вас на сайце
часопіса «Ave Maria».
Гэта плён працы
неабыякавых людзей,
якія з радасцю ствараюць
гэты часопіс для вас.

Падпіска
Ахвяраванні

Сайт часопіса „Ave Maria“ Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла ў Беларусі

Часопіс існуе дзякуючы вашым ахвяраванням. Сёння мы просім вашай дапамогі — нават невялікая сума падтрымае нас.

Падрабязней