Хрысціянская рэвалюцыя

Сёння разам з айцом дамініканінам Паўлам Дамброўскім ОР мы разважаем пра радыкальнае аднаўленне свету, якое Бог учыніў праз сваё ўцелаўленне.

ІV Нядзеля Адвэнту, год С (22.12.2024)

Сабраўшыся, Марыя ў тыя дні паспяшыла ў горную краіну, у горад Юды. Яна ўвайшла ў дом Захарыі і прывітала Альжбету. Калі Альжбета пачула прывітанне Марыі, узварухнулася дзіцятка ва ўлонні яе, і напоўнілася Альжбета Духам Святым. Яна ўсклікнула моцным голасам, і сказала: Благаслаўлёная Ты між жанчынамі і благаслаўлёны плод улоння Твайго. Адкуль мне гэта, што Маці Пана майго прыйшла да мяне? Бо калі голас прывітання Твайго загучаў у вушах маіх, узварухнулася радасна дзіцятка ва ўлонні маім. І шчаслівая тая, якая паверыла, што споўніцца сказанае Ёй Панам».

(Лк 1, 39–45)

Хрысціянская рэвалюцыя

У чацвёртую нядзелю Адвэнту распачынаецца непасрэдная падрыхтоўка Касцёла да ўрачыстасці Божага Нараджэння. У гэты час нашая Правадніца — Марыя, бо Яна была найбліжэй да таямніцы ўцелаўлення. Менавіта праз Яе, праз Яе чалавечнасць Бог прыняў людскую натуру і прыйшоў на свет як дзіця.

З вуснаў прарокаў у Старым Запавеце гучала шмат месіянскіх прароцтваў. Аднак ніхто ў Ізраэлі не мог напоўніцу ўявіць, як будзе выглядаць гэтае першае прыйсце Збаўцы. Сама Марыя ў момант звеставання спытала: «Як станецца гэта?» (Лк 1, 34). У сённяшнім першым чытанні паказана, што Бог нават прарокам не адкрываў падрабязнасцяў рэалізацыі свайго збаўчага плану. Міхей ведаў толькі тое, што «Пан пакіне іх да часу, пакуль не народзіць тая, якая павінна нарадзіць». Але Бог даў яму пазнаць сутнасць сваёй задумы адносна свету, што заключалася ў поўным перавароце ўсяго парадку. Валадар, які паходзіць «ад вечных дзён», уцелавіцца ў Бэтлееме, які не меў асаблівага значэння і быў найменшым сярод гарадоў плямёнаў Юдэйскіх. Валадар гэты народзіцца для Бога і для свету, бо Пан сказаў: «З цябе выйдзе для Мяне той, хто будзе Валадаром у Ізраэлі. <...> І ўстане, і будзе пасвіць іх моцаю Пана, у велічы імені Пана Бога свайго», і Яго магутнасць будзе бязмежнаю. У Ім таксама запануе трывалы спакой. Да Хрыста не было і ніколі не будзе такога валадара. Герберт Маккейб калісьці напісаў, што, калі хрысціянства — гэта не рэвалюцыя, то нішто іншае не выпадае называць гэтым словам. Праз уцелаўленне Бог здзейсніў радыкальнае аднаўленне свету. Менавіта такое пасланне вынікае з песні «Magnificat», у якой Марыя прадказвае поўны пераварот духоўнага, ідэйнага і сацыяльнага парадку.

Бог нарадзіўся ў Бэтлееме, каб у жыцці кожнага чалавека і кожнай супольнасці ўчыніць ажыўляльную рэвалюцыю. Нам застаецца згадзіцца на новы Хрыстовы парадак. Таму апошні акорд адвэнтавай падрыхтоўкі гучыць асабліва чыста ў шчырай просьбе псальміста: «Божа, аднаві нас і асвяці, і дай нам збаўленне» (Пс 80, 4).


Айцец Павел Дамброўскі OP.
Пераклад з польскай мовы Ганны Шаўчэнка.
Паводле «W drodze».

 

Мы вельмі радыя
бачыць вас на сайце
часопіса «Ave Maria».
Гэта плён працы
неабыякавых людзей,
якія з радасцю ствараюць
гэты часопіс для вас.

Падпіска
Ахвяраванні

Сайт часопіса „Ave Maria“ Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла ў Беларусі

Часопіс існуе дзякуючы вашым ахвяраванням. Сёння мы просім вашай дапамогі — нават невялікая сума падтрымае нас.

Падрабязней