
Сёння разам з айцом дамініканінам Гжэгажам Курасем ОР мы разважаем пра цярпліваць у пазнанні Божых праўдаў.
Урачыстасць святых Апосталаў Пятра і Паўла, год С (29.06.2025)
Калі прыйшоў Езус у межы Цэзарэі Філіпавай, запытаўся ў сваіх вучняў, кажучы: «Кім людзі лічаць Сына Чалавечага?» Яны ж адказалі: «Адны — Янам Хрысціцелем, другія ж — Іллёю, а іншыя — Ераміям ці адным з прарокаў». Ён сказаў ім: «А вы кім лічыце Мяне?» Адказваючы, Сымон Пётр сказаў: «Ты — Хрыстус, Сын Бога Жывога». Тады Езус сказаў яму ў адказ: «Шчаслівы ты, Сымоне, сын Ёны, бо не цела і кроў адкрылі табе гэта, але Айцец Мой, які ў нябёсах. I Я кажу табе, што ты — Пётр, скала, і на гэтай скале Я пабудую Касцёл Мой, і брамы пякельныя не перамогуць яго. Я дам табе ключы Валадарства Нябеснага, і што звяжаш на зямлі, тое будзе звязана ў небе, а што развяжаш на зямлі, тое будзе развязана ў небе».
(Мц 16, 13–19)
Цярплівы, як Пётр
Вельмі шмат аб’яўленых праўдаў для адной размовы... Спачатку Айцец аб’явіў Пятру, кім ёсць Езус. Цяпер Езус аб’яўляе Пятру, што словы, сказаныя тым, паходзяць ад Бога; што той атрымае таемныя ключы, якія маюць моц адначасова на небе і на зямлі, — незвычайныя ключы, бо замест таго, каб адчыняць і замыкаць, яны павінны будуць звязваць і развязваць. Гэта не адзінае загадкавае сцвярджэнне ў сённяшнім чытанні. Ёсць яшчэ брамы пякельныя, якія не перамогуць Касцёл. Як жа так? Брамамі ж не змагаюцца — іх абараняюць, а значыць, брамы пекла, замкнёныя са страху перад Касцёлам, не вытрымаюць Яго націску і разваляцца, тым самым пацярпеўшы паразу. Ну і Касцёл… Пра тое, якім незвычайным было гэтае паняцце для Евангелістаў, можа сведчыць той факт, што ў чатырох Евангеллях слова «Касцёл» (ἐκκλησία) выкарыстоўваецца толькі тры разы, і менавіта ў Евангеллі паводле Мацвея.
Аднак вернемся да Пятра… Што гэты бедны, пабожны і просты рыбак зразумеў тады з важных і вялікіх праўдаў, пачутых ад Езуса? Ці не зашмат гэта для аднаго разу? Можа, Пётр адчуваў, што ўсё гэта яго прыгнятае? Але калі Дух Святы ўсё нагадаў і растлумачыў Апосталам, то ніводзін з іх не меў сумненняў адносна таго, хто павінен першы прамаўляць перад Сінэдрыёнам. Павел будзе шукаць Пятра, каб той, выслухаўшы яго аповеды, пацвердзіў праўдзівасць Евангелля, што абвяшчае пасля свайго навяртання былы пераследнік Касцёла. Урэшце, Пётр, кіруючыся клопатам пра кожнага, каго адольваюць сумненні («ці мае ўсё гэта сэнс?»), напіша: «Не марудзіць Пан з выкананнем абяцання, як некаторыя лічаць гэта марудлівасцю, але Ён доўгацярплівы да нас. Ён не хоча, каб нехта загінуў, але хоча, каб усе прыйшлі да пакаяння» (2 П 3, 9).
Нават калі цяпер ты не разумееш таго, што Бог гаворыць, будзь пры Ім, як Пётр. І ў свой час Бог па-свойму ўсё табе адкрые. Як і Пятру…
Айцец Гжэгаж Курась OP
Пераклад з польскай мовы Ганны Шаўчэнка.
Паводле матэрыялаў партала https://wdrodze.pl