
Сёння разам з айцом дамініканінам Томашам Грабоўскім ОР мы разважаем пра тое, як быць праўдзівым і пераканальным сведкам Евангелля.
XIV Звычайная нядзеля, год С (06.07.2025)
У той час: Пан вызначыў іншых семдзесят двух і паслаў іх па двое перад сабою ў кожны горад і месца, куды сам меўся пайсці. І сказаў ім: «Жніво сапраўды вялікае, ды работнікаў мала; таму прасіце Гаспадара жніва, каб работнікаў паслаў на жніво сваё. Ідзіце, вось Я пасылаю вас, як ягнят сярод ваўкоў. Не бярыце ні каліты, ні торбы, ні сандаляў і ў дарозе нікога не вітайце. У які б дом ні ўвайшлі, спачатку кажыце: “Спакой гэтаму дому!” Калі будзе там сын спакою, то на ім спачне спакой ваш. Калі ж не, то вернецца да вас. Заставайцеся ў тым доме, ешце і піце, што ёсць у іх, бо работнік заслугоўвае платы сваёй. Не пераходзьце з дому ў дом. Калі прыйдзеце ў які горад, і прымуць вас, ешце, што вам пададуць. Аздараўляйце ў ім хворых і кажыце ім: “Наблізілася да вас Валадарства Божае”. Калі прыйдзеце ў які горад і не прымуць вас, то выйдзіце на яго вуліцы і скажыце: “Нават пыл горада вашага, які прыліп да ног нашых, атрасаем; аднак ведайце, што наблізілася да вас Валадарства Божае”. Кажу вам, што
Садоме ў дзень той будзе лягчэй, чым гораду таму. <...>
Вярнуліся семдзесят два з радасцю і казалі: «Пане, нават злыя духі слухаюцца нас у імя Тваё!» А Ён сказаў ім: «Я бачыў сатану, які падаў з неба, як маланка. Вось Я даў вам уладу наступаць на змеяў і скарпіёнаў і на ўсю варожую сілу, і нішто не пашкодзіць вам. Аднак не радуйцеся таму, што духі слухаюцца вас, а радуйцеся таму, што імёны вашыя запісаны ў нябёсах».
(Лк 10, 1–12. 17–20)
Самы ўбогі аўтарытэт
Нельга не заўважыць парадаксальнасці наказу: «Вось Я пасылаю вас, як ягнят сярод ваўкоў». Настаўнік з Назарэта — чалавек рацыянальны. Ён ведае, што змясціць ягнят сярод ваўкоў — значыць аддаць іх на з’ядзенне. Хіба Ён гэтага жадае для сваіх вучняў? Не думаю. Наступны сказ праясняе намеры Настаўніка: «Не бярыце ні каліты, ні торбы, ні сандаляў і ў дарозе нікога не вітайце». Тым, хто абвяшчае Евангелле, павінна быць уласцівая безабароннасць, падобная да ягнячай у зграі ваўкоў. Пан хоча, каб яны былі «раззброеныя». Перш чым пачнеш абвяшчаць, пакінь дома «зброю» аўтарытэту ўлады. Ведай, што ніхто не абавязаны цябе слухаць — ні сужэнец, ні дзіця, ні чужы чалавек. Аўтарытэт ведаў таксама пакінь за дзвярыма дому, у які ўваходзіш. Ты пераступаеш парог не для таго, каб пацэліць у суразмоўцу бліскучымі аргументамі. Трэба таксама, каб ты быў без грошай, запаснога адзення ці абутку — як жабрак, міма якога ты праходзіш, ідучы на Імшу. Няхай не будзе ў табе нічога, чым ты будзеш імпанаваць слухачам.
Аддайся на ласку і няласку суразмоўцаў. Калі яны прымуць цябе і дадуць табе есці — вытрываеш. Але не спрабуй ім спадабацца («нікога не вітайце»), каб забяспечыць сабе іх прызнанне ці звычайную ўвагу. Няхай тваё благаслаўленне і спакой выклікаюць у іх жаданне слухаць цябе і паважаць.
Місія евангелістаў адрозніваецца ад дзейнасці прапагандыстаў. У навяртанні да веры ў Хрыста зусім непрыдатныя інструменты прамоўцаў і маркетолагаў (у тым ліку палітычных): улада, дасціпнасць, пазёрства ці велічнасць, што прываблівае маленькіх людзей. Як Касцёл мы дакладна ведаем, што ўсё гэта не дзейнічае. Ужо спрабавалі.
З чым жа мы выходзім? З досведам збаўлення, бо «імёны вашыя запісаны ў нябёсах». Вось што апосталу важна ўзяць з сабою. Сведка карыстаецца самым убогім аўтарытэтам — уласнымі перажываннямі і роздумам. Аднак, калі сведка будзе праўдзівы, то адначасова яго сведчанне будзе найбольш пераканальным. Важна тое, наколькі ён фактычна перажыў тое, што абвяшчае. Ты перажыў?
Айцец Томаш Грабоўскі ОР.
Пераклад з польскай мовы Юліі Косавай.
Паводле матэрыялаў youtube-канала Dominikanie Poznań