Сёння разам з айцом дамініканінам Шыманам Бялікам ОР мы разважаем пра тое, што любоў да бліжняга не павінна быць абстрактнаю — яе трэба праяўляць у канкрэтных знаках.
XV Звычайная нядзеля, год С (13.07.2025)
У той час: Адзін кніжнік устаў і, выпрабоўваючы Яго, сказаў: «Настаўнік, што мне рабіць, каб атрымаць у спадчыну жыццё вечнае?» Ён адказаў яму: «У Законе што напісана? Як чытаеш?» Той адказаў: «Любі Пана Бога твайго ўсім сэрцам тваім, і ўсёй душой тваёй, і ўсёй моцаю тваёй, і ўсім розумам тваім, а бліжняга свайго, як самога сябе». Езус сказаў яму: «Слушна ты адказаў. Так рабі, і будзеш жыць». Але той, жадаючы апраўдацца, сказаў Езусу: «А хто мой бліжні?»
На гэта Езус адказаў: «Адзін чалавек ішоў з Ерузалема ў Ерыхон і трапіў у рукі разбойнікаў, якія знялі з яго адзенне, пабілі яго і пайшлі, пакінуўшы ледзь жывога. Выпадкова нейкі святар ішоў той дарогай і, убачыўшы яго, прайшоў міма. Таксама і левіт, будучы на тым месцы, падышоў, паглядзеў і прайшоў міма. А нейкі самаранін, падарожны, натрапіў на яго і, убачыўшы, злітаваўся. Падышоў, перавязаў яму раны, паліваючы алеем і віном. І, пасадзіўшы яго на сваю жывёліну, прывёз у заезд і паклапаціўся аб ім. А на другі дзень, ад’язджаючы, дастаў два дынары, даў карчмару і сказаў яму: “Паклапаціся аб ім. А калі патраціш больш, я аддам табе, калі вярнуся”. Як здаецца табе, хто з гэтых трох быў бліжнім таму, хто трапіў у рукі разбойнікаў?» Ён сказаў: «Той, хто паступіў з ім міласэрна». Тады Езус сказаў яму: «Ідзі і ты рабі так».
(Лк 10, 25–37)
Канкрэтны
Няма дыстыляванага гуманізму, не існуе абстрактнай любові да бліжняга. Я сустракаю бліжняга ў канкрэтнай патрэбе. Святар і левіт з сённяшняй прыпавесці страцілі шанцы на тое, каб быць чалавечным святаром і чалавечным левітам. Як выявілася, іх функцыя была важнейшаю за асобу — за таго, на каго напалі разбойнікі, і за іх уласную асобу.
Няма Айца без Сына. Сын, Хрыстус — гэта вобраз нябачнага Бога, Першародны перад кожным стварэннем, бо ў Ім усё было створанае. Хто бачыць Сына, той бачыць і Айца, як Сын сведчыць сам пра сябе. Ніхто таксама не ведае Сына, толькі Айцец, і Айца ніхто не ведае, толькі Сын, і той, каму Сын пажадае аб’явіць.
Няма патрэбы караскацца на неба. Хрушчоў меў рацыю, калі гаварыў, што Гагарын у космасе Бога не бачыў. Слова вельмі блізкае да цябе і да мяне. Яно зышло з неба, прыняло чалавечую натуру, нарадзілася ў чалавечай сям’і. Мне не трэба нікуды адпраўляцца, каб Яго пачуць, трэба толькі перастаць удаваць, што я Яго не чую.
Няма Хрыста «ўніверсальнага». Ёсць канкрэтны Езус Хрыстус, народжаны «з Айца перад вякамі, потым з Маці — як мы самі», — так спяваецца ў старадаўняй калядцы. Ёсць гэты канкрэтны Езус Хрыстус у гэтых канкрэтных кавалачках хлеба, у тваім канрэтным касцёле: пудрава-барочным, драўляным ці ў бетоннай залі з сямідзясятых гадоў ХХ стагоддзя. Хрыстус «партыкулярны» і «ўніверсальны». У гэтых кавалачках хлеба. У гэтым касцёле. У гэтым бліжнім. У ім Ён жыве. У ім чакае перавязкі ранаў, намашчэння алеем. У Ім Ён сам цябе сустракае. Ідзі і рабі гэтаксама. Раздавай, лячы, намашчай, сустракай. Любі.
Шыман Бялік ОР.
Пераклад з польскай мовы Ганны Шаўчэнка.
Паводле «W drodze».

