Сустрэча, а не «тузаніна»

Сёння разам з айцом дамініканінам Яцакам Петшакам ОР мы разважаем пра тое, што мітусня паўсядзённых клопатаў і справаў часта становіцца перашкодаю для нашай глыбокай і плённай малітвы.

XVІ Звычайная нядзеля, год С (20.07.2025)

У той час: Езус зайшоў у адно паселішча. Нейкая жанчына, якую звалі Марта, прыняла Яго. У яе была сястра імем Марыя, якая села каля ног Пана і слухала Ягоныя словы. Марта ж, занятая многімі паслугамі, падышоўшы, сказала: «Пане, ці Табе ўсё адно, што сястра мая пакінула мяне адну прыслугоўваць? Таму скажы ёй, каб дапамагла мне». Але Пан сказаў ёй у адказ: «Марта, Марта, ты турбуешся і клапоцішся пра многае, а патрэбна толькі адно. Марыя ж выбрала добрую частку, якая не адымецца ў яе».

(Лк 10, 38–42)

Сустрэча, а не «тузаніна»

Марыя і Марта па-рознаму ўяўляюць тое, як найлепш прыняць Езуса. Марта, імя якой азначае «гаспадыня», прымае Яго як чалавека. Яна — пабожная габрэйка, таму хоча быць такою ж гасціннаю, як Абрагам. Таму Марта клапоціцца пра тое, каб Езус мог наесціся і адпачыць. Марыя ж памятае, што Абрагам, прымаючы трох мужоў каля дубоў Мамрэ, спазнаў прысутнасць самога Бога. Таму Марыя сваёю пазіцыяй вызнае, што Езус — Бог, якога належыць перадусім слухаць.

Гэты фрагмент Евангелля можна трактаваць як метафару малітвы. Перш чым чалавек пагрузіцца ў кантэмпляцыю, як Марыя, ён павінен паклапаціцца пра больш прыемныя рэчы. Трэба падрыхтаваць месца, выбраць адпаведны час, задбаць пра базавыя патрэбы цела. Аднак нядобра, калі гэтая падрыхтоўка становіцца важнейшаю за саму сустрэчу. Калі хтосьці запрашае гасцей і замест таго, каб размаўляць з імі, увесь час сядзіць на кухні, то такая сустрэча — фікцыя. Гэта падобна на сітуацыю, калі, напрыклад, ксёндз будуе касцёл і ў сувязі з гэтым не мае часу на малітву. У пэўны момант мітусня Марты становіцца перашкодаю для сустрэчы з Езусам. Евангеліст ужывае тут дзеяслоў περισπάω, што значыць «адцягваць», «адрываць». У Старым Запавеце гэты дзеяслоў выкарыстоўваецца толькі адзін раз, у адносінах да валоў, якія так «тузанулі» воз, што Каўчэг Запавету мог з яго ўпасці (2 Сам 6, 6). Такім чынам, празмерную заклапочанасць Марты аб прыземленых справах можна параўнаць з валом, які забыўся, што вязе Каўчэг Запавету, знак прысутнасці і моцы Бога. У Евангеллі згаданы дзеяслоў выкарыстоўваецца ў форме пасіўнага стану, і гэта ўказвае на тое, што Марта «была адцягнутая» ад Езуса разнастайнымі паслугамі. Горш за тое, у пэўны момант Марта старалася адцягнуць ад Езуса сваю сястру. Яе прэтэнзіі выклікалі рашучую рэакцыю Пана, які стараўся пераканаць Марту, што варта ўжо пакінуць ролю гаспадыні і стаць вучаніцаю, як Марта.

У малітве нельга ігнараваць Бога, «загаворваць» Яго і засыпаць сваімі меркаваннямі. Трэба навучыцца прымаць тое, што Ён хоча нам даць. Слухаючы Езуса, Марыя «выбрала добрую частку». Гэта магло быць канкрэтнае слова, думка, досвед прысутнасці Бога, ласка, якою Езус хацеў умацаваць яе і «якая не адымецца ў яе».


Яцак Петшак ОР.
Пераклад з польскай мовы Ганны Шаўчэнка.
Паводле «W drodze».

Мы вельмі радыя
бачыць вас на сайце
часопіса «Ave Maria».
Гэта плён працы
неабыякавых людзей,
якія з радасцю ствараюць
гэты часопіс для вас.

Падпіска
Ахвяраванні

Сайт часопіса „Ave Maria“ Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла ў Беларусі

Часопіс існуе дзякуючы вашым ахвяраванням. Сёння мы просім вашай дапамогі — нават невялікая сума падтрымае нас.

Падрабязней