
Сёння разам з айцом дамініканінам Лукашам Місько ОР мы разважаем пра малітву, якая дапамагае не задыхнуцца пад націскам цяжкасцяў і выпрабаванняў.
XVІІ Звычайная нядзеля, год С (27.07.2025)
Калі Езус маліўся ў пэўным месцы і калі перастаў, адзін з вучняў Ягоных сказаў Яму: «Пане, навучы нас маліцца, як і Ян навучыў сваіх вучняў». Ён сказаў ім: «Калі моліцеся, кажыце:
„Ойча, няхай свяціцца імя Тваё,
няхай прыйдзе Валадарства Тваё.
Хлеба нашага штодзённага давай нам кожны дзень,
і адпусці нам грахі нашыя, бо і мы адпускаем кожнаму даўжніку нашаму,
і не ўводзь нас у спакусу“».
І сказаў ім: «Хтосьці з вас, маючы сябра, пойдзе да яго апоўначы і скажа яму: „Дружа, пазыч мне тры хлябы, бо сябар мой з дарогі зайшоў да мяне, і я не маю чаго даць яму“. А той знутры скажа яму ў адказ: „Не турбуй мяне, дзверы ўжо замкнёныя, і дзеці мае ў ложку са мною. Не магу ўстаць і даць табе“. Кажу вам: калі ён не ўстане і не дасць яму праз тое, што той сябра ягоны, то праз настойлівасць ягоную ўстане і дасць яму, колькі патрабуе.
І Я вам кажу: прасіце, і будзе дадзена вам; шукайце, і знойдзеце; стукайце, і адчыняць вам. Бо кожны, хто просіць, атрымлівае; і хто шукае, знаходзіць; і хто стукае, таму будзе адчынена. Калі ў кагосьці з вас, бацькі, сын папросіць рыбы, ці той дасць яму замест рыбы змяю? Або, калі папросіць яйка, дасць яму скарпіёна? Калі ж вы, будучы дрэннымі, умееце даваць добрыя дары дзецям вашым, тым больш Айцец Нябесны дасць Духа Святога тым, хто папросіць у Яго».
(Лк 11, 1–13)
Разамкнутыя вусны
«Ты <...> павялічыў моц маёй душы» (Пс 138, 3). Ты пачуў і выслухаў, Божа, калі я Цябе клікаў, і ў дадатак даў маёй душы новую моц — так гэта адчувае аўтар сённяшняга псальма. Прызнаюся, гэта адно з самых важных для мяне пытанняў: што робіць Бог, калі я да Яго малюся? У чым заключаецца «выслуханасць» малітвы, калі найчасцей (прызнаем шчыра) не відаць яе вынікаў, прынамсі «хуткадзейных». У адным з біблійных каментароў мне трапіўся цікавы троп: пасля нязначнай замены габрэйскага дзеяслова тэкст згаданага біблійнага ўрыўка гучыць так: «Разамкнуў маё горла (сваёю) моцаю». Ідыёма можа азначаць, што Бог выратаваў псальміста ад пакуты, што заключалася ў немагчымасці свабодна дыхаць; яна можа таксама быць вобразам раскрытага горла, разамкнутых вуснаў псальміста, які можа праслаўляць Бога і маліцца, пра што гаворыцца ў папярэдніх вершах псальма.
Размыканне горла… Для таго, каб свабодна дыхаць… Гэта паратунак і палёгка пасля таго, калі цяжкія абставіны заціснулі на мне пятлю, душаць мяне і прыгнятаюць. Аднак ці знішчаныя самі гэтыя акалічнасці? Можа, менавіта малітва дазваляе мне дыхаць, нягледзячы на цяжкасці? «Калі я пайду сярод няшчасця, Ты мяне падтрымаеш», — гаворыць далей псальміст. Я хаджу сярод няшчасця, але дзякуючы разамкнутаму горлу не задыхáюся. Адначасова магу належным чынам гаварыць з Богам, праслаўляючы Яго, хоць і не толькі…
«Гандаль» Абрагама з Богам — неверагодная гісторыя. Зразумела, што гэта Блізкі Усход, дзе гандаль — звычайная справа. Зразумела, што гэта таксама антрапамарфізацыя Бога, аднак, тым не менш, тут паказана вельмі істотная з’ява, якая датычыць малітвы: гаворачы з Богам не толькі словамі праслаўлення, але і «змагаючыся» з Ім, чалавек вучыцца салідарнасці з іншымі (Абрагам жа заступаецца за цэлы горад), а таксама ачышчае сваё разуменне справядлівасці і несправядлівасці. Гэта вельмі добра бачна ў сённяшнім Евангеллі: Езус пакідае нам словы, якія павінны задаваць кірунак нашым думкам, жаданням і дзеянням, калі мы прамаўляем іх, сустракаючыся з Айцом.
Лукаш Місько ОР.
Пераклад з польскай мовы Ганны Шаўчэнка.
Паводле «W drodze».