Сёння разам з айцом дамініканінам Кшыштафам Палысам ОР мы разважаем пра крыніцы пачуцця незадаволенасці і нерэалізаванасці, што ўвесь час пераследуе чалавека ў зямным жыцці.

XVІІІ Звычайная нядзеля, год С (03.08.2025)

Нехта з натоўпу сказаў Езусу: «Настаўнік, скажы брату майму, каб ён падзяліўся са мною спадчынай». Але Ён адказаў яму: «Чалавеча, хто паставіў Мяне над вамі суддзёю або пасрэднікам?» І сказаў ім: «Глядзіце, сцеражыцеся ўсялякай прагнасці, бо нават калі хтосьці мае дастатак, жыццё яго не залежыць ад ягонай маёмасці». І расказаў ім прыпавесць: «У аднаго багатага чалавека добра ўрадзіла поле. І ён разважаў сам-насам: “Што мне рабіць? Няма куды мне сабраць ураджай мой”. І сказаў: “Вось што зраблю: паламаю засекі мае і збудую большыя, і збяру туды ўсё збожжа маё і ўсё дабро маё. І скажу душы маёй: Душа, шмат дабра ў цябе ляжыць на многія гады. Адпачывай, еш, пі і весяліся”. Але Бог сказаў яму: “Неразумны! Гэтай жа ноччу забяруць душу тваю ў цябе. Каму ж дастанецца тое, што ты нарыхтаваў?” Так бывае з тым, хто збірае сабе скарбы, а не багацее перад Богам».

(Лк 12, 13–21)

Створаныя для раю

«Я ўсё жыццё прысвяціла сям’і. Нішто іншае не было для мяне важным. І раптам усё развалілася, — распавядала знаёмаму святару жанчына, ад якой муж нечакана сышоў пасля дзесяцігоддзяў гадоў сужэнскага жыцця. — А Касцёл жа вучыць, што сям’я — найважнейшая». «Не, — рашуча, але са спачуваннем адказаў ксёндз. — Касцёл вучыць, што найважнейшы — Бог».

Гэта адзіная сэнсоўная перспектыва. Ніводзін чалавек, нават самы блізкі, не належыць нам. Ніводнае дзіця не належыць бацькам, ніводная рэч не з’яўляецца цалкам нашаю ўласнасцю. Тое ж самае датычыць поспеху і няўдачаў. Усё належыць Пану. Тут, на зямлі, мы жывем з адчуваннем, што нам чагосьці не хапае, што мы да канца не рэалізаваныя, бо мы былі створаныя для раю. Наш дом — дзесьці ў іншым месцы.

Часам я назіраю, як драматычна людзі спазнаюць усё большую горыч, безвынікова шукаючы пацвярджэння ўласнай вартасці ў працы або ў іншых людзях. «Блізкія мяне не цэняць, нягледзячы на прафесійныя поспехі, я жыву з пачуццём, быццам я непрыдатны». Ці можа іншы чалавек цалкам зразумець нас? Ці можа штосьці ў гэтым свеце нас цалкам задаволіць? Калі мы не прымем гэтую праўду пра сваё становішча, замест пачуцця споўненасці будзе нарастаць расчараванне.

Распавядаючы гісторыю пра заможнага чалавека, Езус не забараняе карыстацца дабротамі гэтага свету, але нагадвае, што ніводная рэч не мае над намі ўлады і нікому мы не належым цалкам. Толькі Богу. Таму не трэба здзіўляцца, што нашых словаў будзе недастаткова, каб усё растлумачыць, і нашыя прагненні занадта вялікія, каб хтосьці мог іх задаволіць.

Яшчэ адна заўвага адносна сённяшняга першага чытання (Экл 1, 2; 2, 21–23): на лекцыях па Старым Запавеце прафесар Кшыштаф Мельцарэк настойліва паўтараў дамініканскім студэнтам, што Эклезіяст — не песіміст. Нягледзячы на тое, што на пачатку кнігі гучаць словы пра марнасць і пагоню за ветрам, далей мы чуем заахвочванне чэрпаць ад жыцця поўнымі прыгаршчамі. Мудрэц Эклезіяст — прыхільнік умеркаванасці і разважлівасці не толькі ў шчасці, але і ў выпадку няўдачы. Гэта настаўнік здаровай дыстанцыі. На зямлі мы жывем кароткі час, і ўрэшце настане такі момант, калі ўсё праміне. Тады не будзе ўжо болю, несправядлівасці, адзіноты, нават смерці, і ўсе нашыя прагненні будуць задаволеныя. Нават такія, якіх мы не ўсведамляем.


Айцец Кшыштаф Палыс ОР.
Пераклад з польскай мовы Ганны Шаўчэнка.
Паводле «W drodze».

Мы вельмі радыя
бачыць вас на сайце
часопіса «Ave Maria».
Гэта плён працы
неабыякавых людзей,
якія з радасцю ствараюць
гэты часопіс для вас.

Падпіска
Ахвяраванні

Сайт часопіса „Ave Maria“ Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла ў Беларусі

Часопіс існуе дзякуючы вашым ахвяраванням. Сёння мы просім вашай дапамогі — нават невялікая сума падтрымае нас.

Падрабязней