Сёння разам з айцом дамініканінам Дамінікам Юрчакам ОР мы разважаем пра тое, ці сапраўды мы ў шодзённым жыцці жывем чаканнем прыйсця Пана.
XІХ Звычайная нядзеля, год С (10.08.2025)
Езус сказаў сваім вучням: «Няхай сцёгны вашыя будуць падперазаныя і светачы запаленыя; а вы — падобныя да людзей, якія чакаюць вяртання свайго гаспадара з вяселля, каб, калі прыйдзе і пастукаецца, адразу адчыніць яму. Шчаслівыя тыя слугі, якіх гаспадар знойдзе ў чуванні, калі прыйдзе. Сапраўды кажу вам, што ён падпяражацца і пасадзіць іх, і, падышоўшы, пачне служыць ім. І калі ў другую і ў трэцюю варту прыйдзе і застане іх за гэтым, то шчаслівыя яны. Ведайце, што калі б гаспадар дому ведаў, у якую гадзіну прыйдзе злодзей, то не спаў бы і не дазволіў бы ўварвацца ў дом свой. І вы будзьце гатовыя, бо ў гадзіну, аб якой не думаеце, прыйдзе Сын Чалавечы».
(Лк 12, 35–40)
Лакмусавая паперка
Для некаторых час адпачынку вельмі няпросты. Зразумела, мы часова пакідаем шэрыя будні: пад’ём у дакладны час, прызначаныя сустрэчы, сотні тэлефонных званкоў і э-мэйлаў, неадкладныя рашэнні. У нас няма такога мноства задачаў, якія мы звычайна мусім штодня вырашаць. Таму тэарэтычна ў нас павінна быць больш часу для Бога, сябе і самых блізкіх. Аднак выяўляецца, што па-за штодзённаю схемаю не так лёгка функцыянаваць, і гэта асабліва бачна ў сферы духоўнага жыцця. Чаму? Таму што мы балюча ўсведамляем, як выглядаюць нашыя адносіны з Богам — нядзельная Эўхарыстыя, малітва, чытанне Святога Пісання — у тыя моманты, калі мы не можам выкарыстаць класічныя адгаворкі: няма часу, мноства працы, раптоўны выклік, неадкладная камандзіроўка і г.д. Спіс можна смела працягваць…
У фрагменце Евангелля, які чытаецца падчас сённяшняй літургіі, Касцёл запрашае нас «праверыць пульс» хрысціянскай надзеі. Ці сапраўды мы «падобныя да людзей, якія чакаюць вяртання свайго гаспадара з вяселля»? Ці чакаем мы на самай справе другога прыйсця Хрыста? Можа, мы пакуль толькі ведаем, што наступіць такі момант, аднак гэта для нас проста інфармацыя — такая, якую мы штодзённа атрымліваем з розных крыніцаў, і, па сутнасці, гэта ўсыпляе нашую чуйнасць: мы крыху падобныя да людзей, якія праспалі важнае здарэнне, чарговы раз перастаўляючы час званка ў будзільніку, памылкова думаючы, што чарговыя пяць хвілінаў цалкам зменяць іх рэчаіснасць.
Пан, які «прыйдзе і пастукаецца», — адзіны, хто мае моц перамяніць сучаснасць. Той, каго трэба чакаць з падперазанымі сцёгнамі і запаленымі светачамі, — не строгі гегемон, а слуга, які накрывае стол. Такім чынам, хрысціянскае чаканне — гэта не толькі эмацыйная туга, а штосьці значна большае. Мы з надзеяй ужо цяпер спазнаем прысутнасць Хрыста, гэта лакмусавая паперка нашай веры, што з’яўляецца «зарукаю таго, на што мы спадзяёмся, і доказам таго, чаго мы не бачым. <...> Дзякуючы веры пакліканы Абрагам паслухаўся і пайшоў у месца, якое павінен быў атрымаць у спадчыну. Ён выйшаў, не ведаючы, куды ідзе. Дзякуючы веры ён пасяліўся на абяцанай зямлі. <...> Дзякуючы веры і бясплодная Сара, насуперак старому ўзросту, атрымала сілу, каб зачаць патомства…» (Гбр 11, 1. 8–11).
Што рабіць, каб не ўпусціць моманту прыйсця Пана, каб жыць надзеяй ужо сёння? Можа, варта выкарыстаць час адпачынку, каб паназіраць за сабою і высветліць, ці няма ў нашым жыцці класічных адгаворак, якія выклікаюць атрафію нашай надзеі…
Айцец Дамінік Юрчак ОР.
Пераклад з польскай мовы Ганны Шаўчэнка.
Паводле «W drodze».

