Адрачыся і ўзяць крыж

Сёння разам з айцом дамініканінам Мацеем Біскупам ОР мы разважаем пра першынство любові да Бога як падмурак здаровых адносінаў з іншымі.

XХІІІ Звычайная нядзеля, год С (07.09.2025)

Шмат людзей ішло за Езусам. Абярнуўшыся, Ён сказаў ім: «Калі хто прыходзіць да Мяне і не зненавідзеў бацькі свайго, маці і жонкі, дзяцей і братоў, сясцёр і нават жыцця свайго, той не можа быць Маім вучнем. Хто не нясе крыжа свайго, а ідзе за Мною, не можа быць Маім вучнем. Бо хто з вас, калі захоча пабудаваць вежу, спачатку не сядзе і не падлічыць выдаткаў, ці мае на завяршэнне будовы. Калі ж закладзе падмурак і не зможа закончыць, усе, хто ўбачыць, пачнуць смяяцца з яго, кажучы: “Гэты чалавек пачаў будаваць і не змог скончыць”. Або які кароль, ідучы на вайну супраць іншага караля, не сядзе і не параіцца спачатку, ці моцны ён, каб ісці з дзесяццю тысячамі супраць таго, хто ідзе на яго з дваццаццю тысячамі? Калі не, то пакуль той яшчэ далёка, ён пашле да яго пасланцоў прасіць міру. Таму кожны з вас, калі не пакіне ўсяго, што мае, не можа быць Маім вучнем.

(Лк 14, 25–33)

Адрачыся і ўзяць крыж

Катэгарычныя словы Езуса пра нянавісць да бацькі і маці гучаць недарэчна. Без жыватворных сувязяў з блізкімі мы марнеем. Хрыстус сам узрастаў сярод моцных сямейных повязяў. Атулены любоўю Марыі, Ён быў прывязаны да Маці. Трывалым і прыгожым было Яго сяброўства, напрыклад, з домам Марыі, Марты і Лазара. Калі Лазар памёр, Езус перажыў моцны боль.

Хрыстус сабраў вакол сябе вучняў, даверыўся ім і зрабіў іх сваімі супрацоўнікамі ў збаўленні свету. Называючы іх сябрамі, Езус не адрокся ні ад кога з іх, хоць Яго і падвялі. Хрыстус паказвае аблічча Бога, які ЁСЦЬ у адносінах з чалавекам, і ніколі без яго. Хіба Пан Бог (Filantropos, як называюць Хрыста на Усходзе), які благаслаўляе пераследнікаў, вучыць любові, раззбройвае нянавісць, а ворагаў робіць сваімі братамі (св. Аўгустын), мог бы адрачыся ад каго-небудзь?

Ужываючы алегорыю, характэрную для людзей Блізкага Усходу, Езус перасцерагае ад адносінаў, якія не маюць сваёй першакрыніцы ў Богу. Бескрытычная любоў, якая «павісае» на іншым, роспачна дамагаецца прыняцця. У той жа час іншы чалавек — толькі «зачэпка». Уцёкі ад самога сябе і захапленне іншым чалавекам аддаляюць ад Бога, які стварыў нас, ведае нас і любіць. Прызнанне першынства Бога гарантуе, што мы знойдзем трывалы падмурак для самапавагі, каб «бачыць чалавека не там, дзе ён стаіць, а там, дзе ён сапраўды ёсць», як пісала Анна Каменска. Без адзіноты няма сапраўднага чалавека. Яна — мера нашай прыстасаванасці да жыцця ў супольнасці з іншымі. Досвед адзіноты дапамагае нам усвядоміць, што ніхто і нішто не можа «прыўлашчыць» сэрца.

«Адрачэнне» ад людзей дзеля Бога дазваляе пазнаць, што яны — не ўласнасць, а дар. На крыжы Хрыстус прытуляе ўсіх, хоць нікога не «прыўлашчвае». У смерці Ён застаўся драматычна сам-насам з Богам. Радыкальна адзінокі і адкінуты, Ён прыняў крыж, Ён «нёс» на сабе кожнага з нас, каб мы былі ўжо «не чужымі і не прыхаднямі, але <...> дамачадцамі Бога». Нават асаблівых адносінаў з Маці Ён не пакінуў выключна для сябе. Ён даручыў Марыю любімаму вучню, каб і Яна ім апекавалася. Нясенне крыжа — гэта таксама вернае «нясенне» іншых. Калі чалавек ёсць дарам, нельга яго пакінуць, як выкарыстаную цацку, што страчвае сваю прывабнасць і закідваецца ў кут. Адрачэнне — гэта вынік «уласніцкай» любові.


Айцец Мацей Біскуп ОР
Паводле матэрыялаў інтэрнэт-часопіса Wdrodze.

 

Мы вельмі радыя
бачыць вас на сайце
часопіса «Ave Maria».
Гэта плён працы
неабыякавых людзей,
якія з радасцю ствараюць
гэты часопіс для вас.

Падпіска
Ахвяраванні

Сайт часопіса „Ave Maria“ Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла ў Беларусі

Часопіс існуе дзякуючы вашым ахвяраванням. Сёння мы просім вашай дапамогі — нават невялікая сума падтрымае нас.

Падрабязней