Сёння разам з айцом дамініканінам Гжэгажам Курасем ОР мы разважаем пра тое, што не трэба адкладваць добрыя справы на больш спрыяльныя часы — Езус заклікае нас дзейнічаць «тут і цяпер».

XХІІ Звычайная нядзеля, год С (31.08.2025)

Калі Езус прыйшоў у шабат да дому аднаго з кіраўнікоў фарысейскіх з’есці хлеба, яны сачылі за Ім.

Заўважыўшы, што запрошаныя выбіралі першыя месцы, расказаў ім прыпавесць: «Калі нехта пакліча цябе на вяселле, не сядай на першае месца, каб не аказалася, што нехта з пакліканых ім больш ганаровы за цябе, і каб той, хто запрасіў і яго, і цябе, не падышоў і не сказаў табе: “Саступі яму месца”. Тады з сорамам павінен будзеш заняць апошняе месца. Але калі запросяць цябе, прыйдзі і сядай на апошняе месца, каб той, хто цябе запрасіў, падышоў да цябе і сказаў: “Дружа, перасядзь вышэй”. Тады будзе табе пашана перад тымі, хто сядзіць з табою. Бо кожны, хто ўзвышае сябе, будзе паніжаны, а хто паніжае сябе, узвысіцца».

Таксама сказаў кіраўніку фарысеяў, які запрасіў Яго: «Калі наладжваеш абед ці вячэру, не кліч сяброў тваіх, ні братоў тваіх, ні родных тваіх, ні суседзяў багатых, каб і яны не паклікалі цябе ў адказ, і ты атрымаў бы адплату. Але калі наладжваеш гасціну, кліч убогіх, калек, кульгавых, сляпых, і будзеш шчаслівы, што яны не маюць як адплаціць табе, бо адплаціцца табе ў дзень уваскрашэння справядлівых».

(Лк 14, 1. 7–14)

Нічога на потым

Напэўна, для нас застанецца таямніцаю тое, чаму літургісты выдалілі з сённяшняга фрагмента Евангелля ўрывак, у якім распавядаецца пра здарэнне на пачатку сустрэчы ў доме фарысея. Калі Езус прыйшоў з’есці хлеба, а разам з Ім таксама і тыя, хто сачыў за Ім, прыйшоў яшчэ адзін чалавек, хворы на вадзянку. Езус аздаравіў яго, а фарысеям задаў пытанне: «Ці дазволена вылечыць у шабат ці не?» (Лк 14, 3) Пасля гэтай сцэны, калі хворы выйшаў, запрошаныя госці сталі выбіраць сабе месцы за сталом. Тады Езус пачаў вучыць аб любові да іншага чалавека на прыкладзе выбару і змены месцаў за сталом, а таксама на прыкладзе запрашэння гасцей.

Сваё павучанне перад абедам Езус завяршае ўказаннем: «Але калі наладжваеш гасціну, кліч убогіх, калек, кульгавых, сляпых…» Цяпер запытайма сябе ў кантэксце здарэння, якое адбылося на пачатку візіта ў гэтым доме: што зрабіў фарысей, які запрасіў Езуса? Гэта прынцыповае пытанне, хоць на першы погляд так не здаецца. Фарысей пачуў практычныя ўказанні, а за хвіліну да гэтага з яго дома пайшоў чалавек, які не быў запрошаны, які хварэў і ў дадатак яшчэ ігнараваў запаведзь адпачынку ў шабат, бо шукаў лекара.

Цікава, ці ўстаў фарысей з-за стала і ці пайшоў да аздароўленага, каб запрасіць яго да супольнай гасціны? Ці зразумеў ён гэты тонкі момант, калі навучанне Езуса было не толькі заклікам рабіць штосьці ўзнёслае ў будучыні, а інструкцыяй да дзеяння «тут і цяпер»?

Езус не змарнаваў ніводнага моманту, каб уратаваць чалавека. Ён хадзіў у гарады самарыцянаў, якіх ненавідзелі габрэі, спажываў ежу з мытнікамі і грэшнікамі, дакранаўся да хворых, аздараўляў у шабат, на крыжы за хвіліну да смерці прадказаў збаўленне злачынцы. Таму не дзіўна, што Езус вучыць: не трэба чакаць лепшага моманту, іншага надвор’я, спакайнейшага часу, каб зрабіць штосьці добрае для чалавека самотнага, падтрымаць слабога ці выслухаць засмучанага.


Айцец Гжэгаж Курась OP
Пераклад з польскай мовы Ганны Шаўчэнка.

Паводле матэрыялаў партала https://wdrodze.pl

 

Мы вельмі радыя
бачыць вас на сайце
часопіса «Ave Maria».
Гэта плён працы
неабыякавых людзей,
якія з радасцю ствараюць
гэты часопіс для вас.

Падпіска
Ахвяраванні

Сайт часопіса „Ave Maria“ Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла ў Беларусі

Часопіс існуе дзякуючы вашым ахвяраванням. Сёння мы просім вашай дапамогі — нават невялікая сума падтрымае нас.

Падрабязней