Сёння разам з айцом дамініканінам Шыманам Бялікам ОР мы разважаем пра тое, што азначае знак крыжа ў сучасным свеце.
Свята Узвышэння Святога Крыжа, год С (14.09.2025)
Езус сказаў Нікадэму: «Ніхто не ўзышоў на неба, акрамя таго, хто з неба сышоў, — Сын Чалавечы. Як Майсей узняў змея ў пустыні, так павінен быць узняты Сын Чалавечы, каб кожны, хто верыць у Яго, меў жыццё вечнае.
Бо так палюбіў Бог свет, што аддаў Сына свайго Адзінароднага, каб кожны, хто верыць у Яго, не загінуў, але меў жыццё вечнае. Бо не паслаў Бог Сына свайго ў свет, каб судзіць свет, але каб свет быў збаўлены праз Яго».
(Ян 3, 13–17)
Узвышэнне ў часы заняпаду
Калісьці хтосьці мудры сказаў, што важней не адказ, а правільна пастаўленае пытанне. Зразумела, крыж можа вісець у школах — мы ведаем гэта яшчэ з часоў рашэння Еўрапейскага суда па правах чалавека 2011 года і з добра вядомай прамовы абаронцы крыжа, прафесара Джозафа Вейлера, артадаксальнага габрэя. Здаецца, сёння найважнейшае пытанне, якое мы павінны задаць як вучні Езуса, гучыць не так: «Ці можам мы змяшчаць крыжы ў публічных месцах?», а вось так: «Што найлепш служыць узвышэнню Укрыжаванага?» Імператрыцы, падобнай да святой Алены, якая згодна з традыцыяй знайшла крыж Езуса, няма і ў найбліжэйшай будучыні, хутчэй за ўсё, не будзе. Эпоха Канстанціна, сына Алены, дагарае. Застаюцца крыжы на сцягах дзяржаваў, напрыклад, Швейцарыі. З аднаго боку, добра, што яны адлюстраваныя на кожным швейцарскім прадукце, але ці нагадваюць яны такім чынам спажыўцам, што той, хто паглядзіць на Яго, застанецца жывы? Сапраўды, пераход ад сімвала высокай якасці да знаку збаўлення магчымы. Толькі ці падзейнічае гэта сёння, калі ўжо вырасла пакаленне, якое падчас наведвання касцёлаў і галерэяў пытаецца, што гэта за акрываўлены мужчына на слупе?
У мяне няма адназначнага адказу. Напэўна, Ён дасць рады — і камяні ўсклікаць будуць, што Айцец узвысіў Яго па-над усім, што на Яго імя сагнецца калена ўсялякай істоты. У тым ліку той істоты, для якой крыж асацыюецца са значком з дарагога шакаладу ці з брэндавага гадзінніка. Але настаў час задаць адпаведнае пытанне: як у нашым жыцці тут і цяпер узвышаць Укрыжаванага, а не з тугою чакаць імператрыцы? Каб тыя, хто не ведае Бога або забыўся пра Бога, паглядзелі на Яго і каб Ён прыцягнуў іх да сябе. Каб яны паверылі і мелі жыццё вечнае. Бог жа паслаў свайго Сына ў свет не для таго, каб Ён судзіў свет, а для таго, каб свет праз Яго быў збаўлены. У тым ліку свет заняпалай эпохі Канстанціна.
Шыман Бялік ОР.
Пераклад з польскай мовы Ганны Шаўчэнка.
Паводле «W drodze».

