Праведнасць фарысея Паўла

Сёння разам з айцом дамініканінам Лукашам Місько ОР мы разважаем пра спадзяванне на ўласную праведнасць і скажонае ўспрыняцце сябе.

XХX Звычайная нядзеля, год С (26.10.2025)

[Езус] расказаў таксама прыпавесць і некаторым упэўненым у сваёй праведнасці, якія пагарджалі іншымі: «Два чалавекі зайшлі ў святыню памаліцца: адзін фарысей, а другі мытнік. Фарысей, стаўшы, маліўся сам сабе так: “Божа, дзякую Табе, што я не такі, як іншыя людзі, рабаўнікі, несправядлівыя, распуснікі або як гэты мытнік. Пашчу два разы на тыдзень, даю дзесяціну з усяго, што набываю”. А мытнік, стоячы воддаль, не адважваўся нават падняць вачэй да неба, але, б’ючы сябе ў грудзі, казаў: “Божа, будзь міласцівы да мяне, грэшнага”. Кажу вам, што менавіта гэты пайшоў да дому свайго апраўданы, а не той, бо кожны, хто ўзвышае сябе, прыніжаны будзе, а хто прыніжае сябе, будзе ўзвышаны».

(Лк 18, 9–14)

Праведнасць фарысея Паўла

Пост і дзесяціна. Закон не патрабаваў посту, але, нягледзячы на гэта, пабожны фарысей ажно два разы на тыдзень утаймоўваў сваё цела. Дзясятая частка ўраджаю і прыбытку павінна была належаць Пану, тым часам фарысеі ў сваёй руплівасці аддавалі дзесяціну нават з найдрабнейшых зёлак. Хіба гэта дрэнна? Сённяшняя прыпавесць — для тых, хто ўскладае надзею на ўласную праведнасць: знешняя пабожнасць, рэальная і добрая, дастасоўвацца да нормаў — не ганебна, аднак жа ўспрыняцце сябе, Бога і свету пры гэтым можа скажацца, бо ў рэшце рэшт такія праведнікі не бачаць нікога, акрамя саміх сябе…

Пра гэтае ўспрыняцце сябе і свету распавядае Павел. Святы фарысей піша Цімафею пра сябе, і яго словы гучаць нечакана падобна да словаў яго сабрата з Евангелля: «У добрай барацьбе я змагаўся, бег скончыў, веру захаваў. Нарэшце рыхтуецца мне вянок справядлівасці…» (2 Цім 4, 7). Хіба гэта не праява самаўпэўненасці? Аднак важны кантэкст яго вызнання. Павел піша пра сваю адзіноту, пра тое, што вучні пакінулі яго ў момант небяспекі, аднак ён іх не асуджае: «Няхай не будзе палічана ім гэта» (2 Цім 3, 16), — Павел вельмі добра разумее складанасць чалавечых рашэнняў. Ён ганарыцца сваімі намаганнямі, успрымае іх як ахвяру, але яго праведнасць — справа Бога, а не яго асабістая заслуга: менавіта Пан дасць яму вянец, менавіта Пан выратуе яго ад зла. Трывалая вернасць місіі не выклікае ў Паўла пагарды да іншых, слабейшых, якіх ён не ацэньвае, а атуляе сваёю заступніцкаю малітваю.

Набліжаецца момант яго смерці. Справа жыцця, якой ён прысвяціў столькі сілаў, апынаецца пад пагрозаю. Але даўні фарысей Павел стаяў перад сваім Панам, як той пакорны мытнік, ведаючы, што ўсё ёсць дарам. Таму цяпер ён без роспачы ўспрымае сваю пакінутасць і гаворыць: «Пан стаў пры мне і ўмацаваў мяне» (2 Цім 3, 17). Ён сам давядзе сваю справу да канца.


Лукаш Місько ОР.
Пераклад з польскай мовы Ганны Шаўчэнка.
Паводле «W drodze».

Мы вельмі радыя
бачыць вас на сайце
часопіса «Ave Maria».
Гэта плён працы
неабыякавых людзей,
якія з радасцю ствараюць
гэты часопіс для вас.

Падпіска
Ахвяраванні

Сайт часопіса „Ave Maria“ Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла ў Беларусі

Часопіс існуе дзякуючы вашым ахвяраванням. Сёння мы просім вашай дапамогі — нават невялікая сума падтрымае нас.

Падрабязней