Сёння разам з айцом дамініканінам Шыманам Бялікам ОР мы разважаем пра тое, што з’яўляецца Божаю святыняю тут, на зямлі, і ў вечнасці.

Свята гадавіны пасвячэння Латэранскай базылікі (09.11.2025)

Набліжалася юдэйская Пасха, і Езус увайшоў у Ерузалем. У святыні знайшоў тых, хто гандляваў валамі, авечкамі і галубамі, а таксама мянялаў, якія сядзелі там. Ён зрабіў біч з вяровак, павыганяў усіх са святыні, і авечак, і валоў, і грошы мянялаў парассыпаў, а сталы перавярнуў. А гандлярам галубамі сказаў: «Забярыце гэта адсюль! Не рабіце дом Айца Майго домам гандлю». І прыгадалі вучні Ягоныя, што напісана: «Руплівасць аб доме Тваім паглынае Мяне». На гэта юдэі сказалі Яму ў адказ: «Якім знакам пакажаш нам, што так можаш рабіць?» Езус сказаў ім у адказ: «Зруйнуйце святыню гэтую, і Я за тры дні ўзвяду яе». Юдэі сказалі: «Сорак шэсць гадоў будавалася гэтая святыня, а Ты за тры дні ўзвядзеш яе?» Ён жа казаў пра святыню свайго цела. І калі Ён уваскрос, успомнілі вучні Ягоныя, што Ён гэта казаў, і паверылі Пісанню і слову, якое казаў Езус.

(Ян 2, 13–22)

Ключ

Будынак, скарбніца мастацтва, гістарычная сядзіба Папаў Рымскіх… Што мы сёння святкуем? Святыня — як крыніца жывой вады ў Эзэхіэля і псальміста, будынак, узведзены з жывых камянёў у Паўла, урэшце, Езус, які прарочыў пра ўласнае ўваскрасенне і пераносіў вобраз святыні з гмаху на сваё Цела… Гэта ключавыя словы, вялікае «УЖО ТАК» Божай прысутнасці сярод нас і вялікае «ЯШЧЭ НЕ» адносна паўнаты Яго панавання. Як піша Паўль Бадэ ў кнізе «Горад Нябесны», у Апакаліпсісе святога Яна ёсць ключ да таямніцаў Еўропы. «Святы горад, новы Ерузалем, які сыходзіў ад Бога з неба, падрыхтаваны, быццам нявеста, прыбраная для свайго жаніха» (Ап 21, 2). Гэтыя словы — нібы таемны код, што ляжыць у аснове ўсялякіх пераломных падзей, якія адбываліся ў гісторыі ў нашай частцы свету.

Гэты тэкст ужо амаль дзве тысячы гадоў вызначальны для нашага лёсу. Штогод ён чытаецца ва ўсіх катэдрах, кляштарах і капліцах 9 лістапада — у дзень, калі мы адзначаем успамін пасвячэння ў 324 годзе рымскай Латэранскай базылікі, узведзенай язычніцкім імператарам Канстанцінам для хрысціянаў. Базыліка была пабудавана непасрэдна каля палаца імператара. Яшчэ за дзвесце гадоў да гэтага хрысціянаў імперыі страшна пераследавалі. Акт пасвячэння базылікі быў паваротным момантам. Гэта быў пачатак хрысціянскага заходняга свету. Таму таксама 9 лістапада 1923 года, калі Адольф Гітлер павёў бунтаўнікоў пад агонь баварскай паліцыі, 9 лістапада 1938 года, калі ў час Крыштальнай ночы ў нямецкіх гарадах знішчалі сінагогі, а таксама 9 лістапада 1989 года, калі ў Берліне была разбурана сцяна, у сотнях еўрапейскіх святыняў падчас нешпараў чыталіся гэтыя „чужыя“, незразумелыя і загадкавыя словы: «Убачыў я таксама святы горад, новы Ерузалем, які сыходзіў ад Бога з неба. <...> Святыні ў ім я не бачыў, бо святыня ягоная — гэта Пан Бог усемагутны і Баранак» (Ап 21, 2.22).

Не шукай надзеі ў палітычных лідарах. Шукай ключа да святыні!


Шыман Бялік ОР.
Пераклад з польскай мовы Ганны Шаўчэнка.
Паводле «W drodze».

Мы вельмі радыя
бачыць вас на сайце
часопіса «Ave Maria».
Гэта плён працы
неабыякавых людзей,
якія з радасцю ствараюць
гэты часопіс для вас.

Падпіска
Ахвяраванні

Сайт часопіса „Ave Maria“ Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла ў Беларусі

Часопіс існуе дзякуючы вашым ахвяраванням. Сёння мы просім вашай дапамогі — нават невялікая сума падтрымае нас.

Падрабязней