Сёння разам з айцом дамініканінам Яцакам Петшакам ОР мы разважаем пра знешняе і ўнутранае вымярэнне жыцця.

XXXIII Звычайная нядзеля, год С (16.11.2025)

Калі некаторыя гаварылі пра святыню, што яна ўпрыгожана каштоўнымі камянямі і дарамі, Ён [Езус] сказаў: «Прыйдуць дні, калі з таго, што вы тут бачыце, не застанецца каменя на камені, які не будзе зруйнаваны». Спыталіся ў Яго: «Настаўнік, калі ж гэта станецца і што будзе знакам, калі гэта павінна адбыцца?» Ён сказаў: «Глядзіце, каб вас не звялі, бо многія прыйдуць пад імем Маім, кажучы, што гэта Я і што наблізіўся час. Не ідзіце за імі. Калі ж пачуеце пра войны і хваляванні, не палохайцеся, бо спачатку гэта павінна адбыцца, але не адразу канец».

Тады сказаў ім: «Паўстане народ на народ, і каралеўства на каралеўства; будуць вялікія землятрусы, а месцамі голад і мор, жахлівыя з’явы і вялікія знакі з неба. Але перад усім гэтым схопяць вас і будуць пераследаваць, аддаючы ў сінагогі і ў вязніцы, і паставяць перад каралямі і намеснікамі за імя Маё. І будзе гэта вам на сведчанне. Таму пастанавіце ў сэрцы сваім не клапаціцца наперад, як абараніцца, бо Я дам вам мову і мудрасць, якой не здолеюць супрацьстаяць ці супярэчыць праціўнікі вашыя. Выдаваць вас будуць таксама бацькі і браты, родныя і сябры, а некаторых з вас заб’юць. І зненавідзяць вас усе за імя Маё. Але і волас з галавы вашай не прападзе. Цярпеннем сваім уратуеце душы вашыя».

(Лк 21, 5–19)

Прыгожае жыццё

Дамініканская святыня на варшаўскім Служэве мае сціплы, нават суровы дэкор. У часы камунізму не дазвалялася выкарыстоўваць дарагія і прыгожыя матэрыялы. Трэба было задавольвацца цэглаю і бетонам. Аднак такая прастата дзейнічае як магніт. Многія людзі сцвярджаюць, што гэты касцёл прыгожы, у ім незвычайная атмасфера, і таму менавіта сюды яны прыходзяць маліцца.

Зусім іншаю была святыня, узведзеная каралём Ірадам. Спрабуючы здабыць прыхільнасць габрэяў, кароль пабудаваў яе ў два разы большаю за святыню Саламона, выкарыстаўшы найлепшыя камяні і не шкадуючы золата і срэбра. Аднак Пан Езус прадказаў, што яна будзе разбураная.

Бог не хацеў такога дома, які сам па сабе багаты, але ўнутры без душы, пусты, не мае той атмасферы, якая прыцягвае людзей, каб яны ахвотна прыходзілі туды маліцца. Гэты будынак здаваўся цудоўным, але не выконваў патрабаванняў канону праўды, дабра і хараства. Ён павінен быў стаць домам Бога, а стаў «домам гандлю» і «пячораю разбойнікаў».

На прыкладзе святыні Езус тлумачыць вучням, што прыгожае жыццё — не такое, якое поўнае выгодаў, не выстаўленае напаказ, а такое, якое з’яўляецца сведчаннем дзеяння самога Бога. Сапраўды, не назавеш прыгожым жыццё эгаіста або кагосьці, хто ўвесь час прытвараецца і хлусіць. Хараство павінна спалучацца з дабром і праўдаю. Таму мы захапляемся гераічнаю любоўю, якая можа любіць бескарысліва, дарэшты. Мы праслаўляем мучанікаў, якія палічылі за лепшае аддаць жыццё, чым быць нявернымі. Мы шануем людзей, якія маюць моцную веру і выпраменьваюць радасць, хоць змагаюцца з многімі хваробамі і выпрабаваннямі.

Езус кажа: «Глядзіце, каб вас не звялі…» Калі чалавек забываецца пра адзінства дабра, праўды і хараства, ён губіць сябе і сам становіцца тым, хто зводзіць іншых. Ірад знішчыў палову сваёй сям’і, але тое, што ён пабудаваў святыню, было для некаторых важкім аргументам на карысць таго, што ён дзейнічае ў імя Бога. Аднак Езус не даў сябе звесці і патлумачыў вучням, што гэтая святыня была палітычным, а не духоўным праектам. Хрыстус таксама заклікае, каб нашае жыццё было духоўным праектам, угрунтаваным на веры ў Бога, які ёсць Праўдаю, Дабром і Хараством!


Айцец Яцак Петшак ОР.
Пераклад з польскай мовы Ганны Шаўчэнка.
Паводле «W drodze».

Мы вельмі радыя
бачыць вас на сайце
часопіса «Ave Maria».
Гэта плён працы
неабыякавых людзей,
якія з радасцю ствараюць
гэты часопіс для вас.

Падпіска
Ахвяраванні

Сайт часопіса „Ave Maria“ Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла ў Беларусі

Часопіс існуе дзякуючы вашым ахвяраванням. Сёння мы просім вашай дапамогі — нават невялікая сума падтрымае нас.

Падрабязней