Сёння разам з айцом дамініканінам Лукашам Місько ОР мы разважаем пра тытул Хрыста, Валадара Сусвету.
Урачыстасць Езуса Хрыста, Валадара Сусвету, год С (23.11.2025)
…Дзелячы вопратку Ягоную [Езуса], кідалі лёсы. А людзі стаялі і глядзелі. І кіраўнікі іхнія таксама насміхаліся, кажучы: «Іншых ратаваў, няхай сябе ўратуе, калі Ён Месія, выбраны Богам!» Жаўнеры таксама здзекаваліся з Яго, падыходзілі і падавалі Яму воцат, кажучы: «Калі Ты кароль юдэйскі, уратуй сябе!» І быў над Ім надпіс: «Гэта кароль юдэйскі». Адзін з павешаных на крыжы злачынцаў зневажаў Яго, кажучы: «Ці Ты не Хрыстус? Уратуй сябе і нас!» Але другі папракнуў яго, кажучы: «Нават Бога ты не баішся, хоць маеш тую самую кару? Мы асуджаны справядліва, бо атрымліваем належнае за нашыя ўчынкі. Ён жа нічога дрэннага не зрабіў». І сказаў: «Езу, узгадай мяне, калі прыйдзеш у сваё Валадарства». А Езус адказаў яму: «Сапраўды кажу табе: сёння будзеш са Мною ў раі».
(Лк 23, 35–43)
Унутры Езуса са Свябодзіна
Гэты загаловак, сапраўды, крыху «клікбейтавы». Аднойчы я праводзіў рэкалекцыі ў адной з парафій, і гасцінны пробашч прапанаваў мне з’ездзіць паглядзець на статую Езуса Хрыста, Валадара Сусвету, у Свябодзіне, што ў Любушскім ваяводстве. Гэтая фігура, якую параўноўваюць са знакамітай статуяй у Рыа-дэ-Жанэйра, выклікае шмат эмоцый з часу яе стварэння ў 2010 годзе. Ці з’яўляецца яна творам мастацтва? Гэта кранальны сімвал аддання нашых земляў Збаўцы? А можа, гэта праява мегаламаніі і звычайны кітч?
Прызнаюся, што я ехаў туды пераважна са скептычным настроем. Калі б не ініцыятыва пробашча той парафіі, дзе я абвяшчаў рэкалекцыі, напэўна, я б ніколі сам туды не трапіў. Першае ўражанне: «Велічна… Вось гэта размах…» Але ж не паспрачаешся, што тут ёсць і тэалагічная цэльнасць… Хрыстус Валадар — вялікі, адназначна... Ён павінен уражваць памерам. Мая асцярожнасць саступіла месца захапленню толькі тады, калі я ўбачыў унутры гэтую 36-метровую канструкцыю: задзіраючы галаву ўверх, гледзячы на скрыжаваныя стальныя бэлькі, якія ўзносяцца ў недасягальную вышыню ў густой канструкцыі ўнутры статуі, я зразумеў, што гэты аспект Езуса са Свябодзіна нашмат цікавейшы. Гэтаксама як цікавейшае і важнейшае тое, што для нас практычна значыць узвышанае пацяцце валадарання Хрыста.
Біблійнае ўспрыняцце Езуса як Валадара і абвяшчэнне прыйсця Божага Валадарства праз Яго ўвайшло ў літургію праз свята, якое мы цяпер адзначаем, даволі позна, а дакладней, 100 гадоў таму. Устанаўліваючы гэтую ўрачыстасць, Папа Пій ХІ пералічыў тагачасныя хваробы свету, лекам ад якіх павінна было стаць прызнанне Хрыста як Валадара. З таго часу шмат што змянілася, але надзіва многія справы застаюцца і далей выклікам для зраненай чалавечай супольнасці. Напэўна, можна прыводзіць шмат рытарычных адсылак да Хрыста як Валадара, але важнейшым за сам тытул (гэтак жа, як унутраная структура статуі ў Свябодзіне) будзе адкрыццё важнасці для мяне і для свету Таго, у Кім усё створана, у Кім ёсць уся паўната і Кім усё паяднана.
Лукаш Місько ОР.
Пераклад з польскай мовы Ганны Шаўчэнка.
Паводле «W drodze».

