Сёння разам з айцом дамініканінам Гжэгажам Курасем ОР мы разважаем пра сэнс Адвэнту.
І Нядзеля Адвэнту, год А (30.11.2025)
[Езус сказаў сваім вучням:] «Як было ў дні Ноя, так будзе і ў час прыйсця Сына Чалавечага. Бо, як у дні перад патопам елі, пілі, жаніліся і выходзілі замуж аж да таго дня, калі Ной увайшоў у каўчэг, і не ведалі, пакуль не прыйшоў патоп і не забраў усіх, так будзе і ў час прыйсця Сына Чалавечага. Тады двое будуць у полі: адзін будзе ўзяты, а другі пакінуты. Дзве будуць малоць на жорнах: адна будзе ўзята, а другая пакінута. Таму чувайце, бо не ведаеце, у які дзень Пан ваш прыйдзе. Знайце ж тое, што, калі б гаспадар дому ведаў, у якую варту прыйдзе злодзей, то не спаў бы і не даў бы падкапаць дом свой. Таму і вы будзьце гатовыя, бо Сын Чалавечы прыйдзе ў тую гадзіну, калі вы не думаеце».
(Мц 24, 37–44)
Усё мінае
Як было ў дні Ноя? Усё было як звычайна. Людзі мелі свае заняткі: працавалі, каб потым штосьці купляць, гатавалі, каб пасля смачна есці. Сустракаліся ў сваіх дамах і на рынках; міналіся на вуліцах і плошчах, кожны заняты сваімі думкамі пра важныя для яго справы.
Дзесьці паміж імі хадзіў Ной, таксама заняты сваімі думкамі, а разважаць яму было пра што. Урэшце, будаванне каўчэга было няпростаю справаю. Мы можам толькі здагадвацца, што канструяванне судна на сушы, далёка ад вады, патрабавала шмат кемлівасці і самаахвярнасці. Асабліва ўлічваючы тое, што на гэтым судне павінна была змясціцца не толькі сям’я Ноя, але таксама жывёлы і запасы на час наваднення.
«У дні Ноя» людзі планавалі супольную будучыню, выходзілі замуж і жаніліся, стваралі сем’і, клапаціліся пра сваіх блізкіх. Тое самае рабіў і Ной. Напэўна, ён клапаціўся пра жонку і дзяцей. Як яны перажывуць навадненне? Калі ўбачаць, як прыбывае вада, ці не пачнуць сумнявацца ў яго сцвярджэннях, што Бог іх абароніць? Хтосьці клапаціўся пра тое, як размясціць запрошаных на вяселле гасцей, а Ной займаўся падрыхтоўкаю да падарожжа, пра якое свет дагэтуль не чуў.
Хоць свет функцыянаваў, як звычайна, «у дні Ноя» не кожны ўспрымаў яго аднолькава. Ной глядзеў на навакольную рэчаіснасць як на сцэну Божага дзеяння. Ён не надаваў вялікай увагі дэталям, бо ведаў, што ўсё хутка міне, і свет пачнецца нанова.
У гэтай розніцы ўспрыняцця крыецца сэнс Адвэнту і таямніца таго, чаму адзін будзе ўзяты, а другі пакінуты — пакінуты бачыць, як навакольны свет мінае, паволі набліжаецца да Божага фіналу. Хоць мы павінны жыць, як звычайна, як «у дні Ноя», усё ж трэба глядзець на свет і клапаціцца пра веру, як Ной. Паколькі мы не ведаем, у які дзень прыйдзе наш Пан, то павінны кіравацца вераю і чуваць.
Айцец Гжэгаж Курась OP
Пераклад з польскай мовы Ганны Шаўчэнка.
Паводле матэрыялаў партала https://wdrodze.pl

