Сёння разам з айцом дамініканінам Томашам Грабоўскім ОР мы разважаем пра перамену нашых сэрцаў.
ІІ Нядзеля Адвэнту, год А (07.12.2025)
Выйдзе парастак з пня Есэевага,
і атожылак з кораня ягонага прынясе плод;
і спачне на ім Дух Пана,
дух мудрасці і разумення,
дух парады і моцы,
дух пазнання і боязі Пана.
Напоўніцца баяззю Пана,
і будзе судзіць не з погляду вачэй сваіх,
і не са слыху вушэй сваіх будзе асуджаць.
Ён будзе судзіць убогіх паводле справядлівасці,
і прыгнечаным зямлі будзе выносіць прысуд ў праўдзе;
і жазлом вуснаў сваіх ударыць зямлю,
і дыханнем вуснаў сваіх заб’е няправеднага.
І будзе справядлівасць поясам на бёдрах Яго,
і вернасць — поясам на сцёгнах Ягоных.
Тады воўк будзе жыць разам з ягнём,
і леапард разам з казлянём будзе ляжаць;
і цяля, і малады леў, і вол будуць разам,
а малы хлопчык будзе паганяць іх.
І карова будзе пасвіцца разам з мядзведзіцай,
і дзеці іх будуць ляжаць разам,
і леў, як вол, будзе есці салому.
І немаўля будзе гуляць над нарою аспіда,
і дзіця працягне руку сваю да гнязда гадзюкі.
Не будуць чыніць зла ані шкоды на ўсёй святой гары Маёй,
бо будзе напоўнена зямля пазнаннем Пана,
як водамі напаўняецца мора.
І будзе ў той дзень:
корань Есэя, што стане сцягам для народаў,
будуць шукаць язычнікі,
і стане слаўным месца ягонага адпачынку.
(Іс 11, 1–10)
У тыя дні з’явіўся Ян Хрысціцель, які навучаў у Юдэйскай пустыні і казаў: «Кайцеся, бо наблізілася Валадарства Нябеснае». Гэта пра яго сказаў прарок Ісая: «Голас таго, хто кліча ў пустыні: “Падрыхтуйце дарогу Пану, простымі рабіце сцежкі Яму!”» Сам жа Ян меў адзенне з вярблюджай воўны і скураны пояс на сцёгнах сваіх; а ежай яму была саранча ды дзікі мёд.
Тады выходзілі да яго Ерузалем і ўся Юдэя, і ўсе ваколіцы Ярдана 6і прымалі хрост ад яго ў рацэ Ярдан, вызнаючы грахі свае.
Убачыўшы многіх фарысеяў і садукеяў, якія прыходзілі да яго хрысціцца, ён сказаў ім: «Племя змяінае, хто навучыў вас уцякаць ад будучага гневу? Прынясіце ж годны плён пакаяння і не думайце казаць сабе: “Маем Абрагама за бацьку”, бо кажу вам, што Бог можа з камянёў гэтых абудзіць дзяцей Абрагаму. Ужо сякера прыкладзена да карэння дрэў. Таму кожнае дрэва, якое не дае добрага плоду, будзе ссечана і кінута ў агонь. Я вас хрышчу вадою дзеля пакаяння, але той, хто ідзе за мною, мацнейшы за мяне, і я няварты несці сандалі Ягоныя. Ён вас будзе хрысціць Духам Святым і агнём. Лапата Яго ў руцэ Ягонай, і Ён ачысціць гумно сваё і збярэ пшаніцу сваю ў засекі, а мякіну спаліць агнём непагасным».
(Мц 3, 1–12)
Намашчаныя
Слова, перш чым сталася целам, было поўнае парадоксаў. Іх нагрувашчанасць у сённяшніх чытаннях можа закружыць галаву. Каб у гэтым не заблытацца, трэба памятаць, што мы маем справу са словам Бога. Прычына ўяўнай блытаніны не ў збегу супярэчнасцяў, з’яваў, якія немагчыма ўявіць, а ў закасцянеласці чалавечага мыслення. Калі мы чуем пра льва, які будзе есці салому, або пра ягня, якое бесклапотна будзе спаць каля ваўка, розум аўтаматычна адносіць гэтыя словы да казачных: такі свет немагчымы, нерэальны, гэта танная показка, для тых, хто змучаны пастаянным суперніцтвам, пагоняю за прызнаннем і ўплывам. У дачыненні да кожнага слова варта зняць шкарлупіну, якая абмяжоўвае гнуткасць думак.
Вось некалькі тропаў, прыдатных для здабыцця гнуткасці розуму. Месія будзе «парасткам з пня Есэевага». На гэты раз не «патомак Давіда», караля, пераможцы і казачна багатага ўладара, а хлопец з пашы пад Бэтлеемам. Пастух з ліраю і прашчаю. Прашчаю словаў, якія «ўдараць гвалтаўніка», як камень, нацэлены ў чало Галіяфа. «Заб’е няправеднага», але не чалавека. Боская моц поўная лагоднасці. Панаванне Бога не будзе падобным на дамінаванне. Ён пераможа праз пашырэнне згоды. Льва будзе паганяць малое дзіця, а немаўля будзе бавіцца каля нары аспіда. Не трэба садзіць у клетку льва, не трэба праганяць змеяў. Дастаткова змяніць сэрца — вось таямніца новага валадарства. Свет, у якім няма гвалту, не мае патрэбы ў тым, каб да яго вяртацца.
Як гэтага дасягнуць? Павел тлумачыць рымлянам, што хрысціяне павінны прыняць тое самае намашчэнне, дзякуючы якому Месія стаў слугою і габрэяў, і язычнікаў. Пераступіў адвечную мяжу варожасці. У сабе яе сам аддаў на знішчэнне. Таму мог палюбіць адных і другіх. Мог, таму што Ён напоўнены Божым Духам. Цяпер вызнаўцы Езуса павінны прымаць іншых так, як самі былі прынятыя Ім. Як мы можам гэта ажыццявіць? Дзякуючы таму самаму Духу, якім намашчаны Хрыстус і мы. Калі і гэтыя словы выглядаюць казачнымі, трэба прасіць аб гэтым дары. Так пачынаецца перамена сэрца.
Айцец Томаш Грабоўскі ОР.
Пераклад з польскай мовы Ганны Шаўчэнка.
Паводле: «W drodze».

