Сёння разам з айцом дамініканінам Войцехам Прусам ОР мы разважаем пра тое, што кожны з нас можа быць для кагосьці прарокам — прадвеснікам святла і Божага Нараджэння ў душы.
ІІІ Нядзеля Адвэнту, год А (14.12.2025)
Ян, калі пачуў у вязніцы пра чыны Хрыста, паслаў вучняў сваіх 3спытацца ў Яго: «Ты той, які мае прыйсці, ці чакаць нам іншага?» І сказаў ім Езус у адказ: «Ідзіце, раскажыце Яну тое, што чуеце і бачыце: сляпыя зноў бачаць, кульгавыя ходзяць, пракажоныя ачышчаюцца, глухія чуюць, і памерлыя ўваскрасаюць, убогім абвяшчаецца Добрая Навіна. І шчаслівы той, хто не спакусіцца праз Мяне». Калі ж яны пайшлі, Езус пачаў гаварыць народу пра Яна: «На што выйшлі вы ў пустыню глядзець? На трысціну, якую вецер хістае? На што ж вы выйшлі глядзець? На чалавека, апранутага ў мяккія шаты? Тыя, хто носіць мяккія шаты, знаходзяцца ў каралеўскіх дамах. На што выйшлі вы глядзець? На прарока? Так, кажу вам, нават больш, чым на прарока. Гэта той, пра каго напісана:
“Вось Я пасылаю анёла Майго перад Табою,
які падрыхтуе дарогу Тваю перад Табою”.
Сапраўды кажу вам: сярод народжаных жанчынамі не з’явіўся большы за Яна Хрысціцеля. Але найменшы ў Нябесным Валадарстве большы за яго.
(Мц 11, 2–11)
Вартавыя світання
Шмат радасці прыносіць сённяшняя нядзеля. Святар падчас Імшы апранае ружовы арнат, які рэдка выкарыстоўваюцца. Такая ідэя ў літургіі нарадзілася з назіранняў над небам. Хто цярпеў ад бяссонніцы або ноччу падарожнічаў на машыне, ведае, што, калі ноч заканчваецца, на світанку ружавее неба. Замена адвэнтавага «фіялету» на ружовы колер азначае, што чуванне хутка скончыцца, хутка настануць святы.
Вартавым світання з’яўляецца Ян Хрысціцель. Сам сябе ён называе «голасам» — першым тактам, у якім заключана ідэя сімфоніі, але сам ён яшчэ не ёсць сімфоніяй. Прарок — гэта голас у цішыні, у пустыні, дзе чаканне і туга часта спалучаюцца з разгубленасцю і безнадзейнасцю. Таму Бог любіць даваць чалавеку заданне Яна Хрысціцеля.
Прарок падобны да світання, ён раз’ясняе неба для тых, хто не можа чуваць і падае ад стомы або гіне ад бяссонніцы, страчваючы надзею. Таму сёння я дзякую за вестуноў світанка. <…> Думаю пра Маці Тэрэзу з Калькуты і кнігу пра яе цярпенне. Пасля прачытання гэтай кнігі хтосьці з узрушанасцю распавядаў пра тое, якое суцяшэнне атрымаў ад знаёмства з жыццём гэтай законніцы, якая таксама мела досвед адчування адсутнасці Бога.
Думаю таксама пра знаёмую, якая ўжо даўно падарыла мне іншую кнігу. Я адклаў яе на паліцу, бо ўсё не знаходзіў часу на чытанне, хоць знаёмая настойліва раіла мне гэта. Нядаўна, шукаючы натхнення для казання, я зачапіўся зрокам за вокладку і пачаў чытаць. Гэта аповед пра сяброўства Адрыен фон Шпайр і Ханса Урса фон Бальтазара. Яна — жонка і ўрач. Ён — святар і тэолаг. Яны сустрэліся ў 40-я гады мінулага стагоддзя. Адрыен не знаходзіла ў сваёй пратэстанцкай традыцыі разумення сваіх містычных аб’яўленняў, якімі Бог адорваў яе з дзяцінства. Ханс Урс прывёў яе да каталіцкай веры, а яна аддзячыла яму пасланнем, якое перадаў Бог: Касцёл стаў занадта тэарэтычным і ўжо не чэрпае сілаў з прабывання на каленях перад Божаю веліччу. Дзякую Богу за іх сяброўства, пра якое чытаю і з кожным сказам хачу перапыніць чытанне, каб пайсці стаць перад табэрнакулюмам. Менавіта так нараджаецца ў чалавеку Бог. А ўсё дзякуючы таму, што хтосьці не ўхіліўся ад задання Яна Хрысціцеля, прарока, і, намаўляючы мяне распачаць чытанне, пераконваў, што Божае Нараджэнне ўжо вось-вось настане.
Айцец Войцех Прус ОР.
Пераклад з польскай мовы Ганны Шаўчэнка.
Паводле: «W drodze».

