Сёння разам з айцом дамініканінам Яцакам Петшакам ОР мы разважаем пра тое, як распазнаць і прыняць у сваім жыцці Божую волю.
ІV Нядзеля Адвэнту, год А (21.12.2025)
Нараджэнне Езуса Хрыста было такім.
Пасля заручын Маці Ягонай Марыі з Юзафам, перш чым яны пачалі жыць разам, Яна зачала ад Духа Святога.
Юзаф жа, муж Яе, будучы справядлівым і не жадаючы зняславіць Яе, хацеў патаемна адпусціць Яе. Калі ён надумаў гэта, вось анёл Пана з’явіўся яму ў сне і сказаў: «Юзэфе, сыне Давіда, не бойся прыняць Марыю, жонку тваю, бо зачатае ў Ёй ёсць ад Духа Святога. Яна ж народзіць Сына, а ты дасі Яму імя Езус, бо Ён збавіць народ свой ад грахоў ягоных».
А ўсё гэта сталася, каб збылося сказанае Панам праз прарока, які кажа: «Вось Дзева зачне і народзіць Сына, і дадуць Яму імя Эммануэль, што азначае “з намі Бог”».
Абудзіўшыся ад сну, Юзаф зрабіў, як загадаў яму анёл Пана, і прыняў жонку сваю.
(Мц 1, 18–24)
Крыпталогія
Бог пастаянна нам штосьці гаворыць, Ён шукае адносінаў з намі. Аднак Божае слова — гэта ўкрытае слова, па-грэцку kryptós lógos. Таму хрысціянства мае штосьці агульнае з крыпталогіяй. Чытаючы Святое Пісанне, мы не адразу здагадваемся пра скрыты там сэнс. Гэтак жа не адразу мы разумеем, што Бог хоча нам сказаць, калі ў нашым жыцці ўзнікаюць розныя пературбацыі. Таму, калі мы з вераю вызнаем: «Будзь воля Твая», мы прымаем такую духоўную пазіцыю, з дапамогаю якой можам прыняць і зразумець Божае пасланне.
У першым чытанні кароль Ахаз апынуўся ў складанай палітычнай сітуацыі, але не хацеў слухаць прарока, яго не цікавіла тое, для чаго Бог дапусціў крызіс і якое выйсце з яго запланаваў. У выніку Юдэя павінна была падпарадкавацца Асірыі, выплочваючы вялізную даніну і ўводзячы культ чужых багоў. Замкнутасць на Божу волю і перакананасць у сваёй слушнасці не прынесла выратавання, а выклікала чарговыя праблемы.
Інакш паступіў Юзаф у Евангеллі. Калі яго планы на супольнае жыццё з каханаю Марыяй раптам разбіліся ўшчэнт, ён стараўся зразумець, штó Бог хоча яму сказаць. Фармулёўку «калі ён надумаў гэта…» можна замяніць больш даслоўнаю: «Калі ён над гэтым задумаўся…» або, як кажуць законнікі, «калі правёў медытацыю…». З кантэксту вынікае, што ў час гэтага разважання Юзаф заснуў і ў сне атрымаў Божае аб’яўленне. Спецыялісты маглі б дыскутаваць, ці было гэта ў час фазы хуткага сну, ці ў момант глыбокага сну, калі сонныя мроі больш рэалістычныя і лагічныя, але важней за ўсё тое, што пасля абуджэння Юзаф не меў ніякіх сумненняў адносна таго, штó ёсць Божаю воляю і штó ён павінен учыніць. Ён зразумеў, што цяжарная Марыя — прароцкі знак, які раней прадказваў Ісая, а Дзіця, якое Яна носіць пад сэрцам, — абяцаны Богам Збаўца, які «збавіць народ свой ад грахоў ягоных».
Сапраўднае вызваленне настае тады, калі мы шукаем Божай волі. Тады часта выяўляецца, што справы або людзі, ад якіх мы хацелі паціху аддаліцца, становяцца для нас найбольшым благаслаўленнем. Юзаф вучыць нас нікога не асуджаць, але заўзята «дэшыфраваць» скрытае ў нялёгкай рэчаіснасці Божае пасланне.
Айцец Яцак Петшак ОР.
Пераклад з польскай мовы Ганны Шаўчэнка.
Паводле «W drodze».

