Сёння разам з айцом дамініканінам Яраславам Краўцам ОР мы разважаем пра тое, як паступова ў душы нараджаецца вера.

Велікодная нядзеля Уваскрасення Пана, год А (05.04.2026)

У першы дзень тыдня Марыя Магдалена прыйшла да магілы раніцай, калі было яшчэ цёмна, і ўбачыла, што камень адсунуты ад магілы. Тады пабегла і прыйшла да Сымона Пятра і да другога вучня, якога любіў Езус, і сказала ім: «Забралі Пана з магілы, і не ведаем, дзе паклалі Яго!» Тады выйшаў Пётр і другі вучань, і пайшлі да магілы. Пабеглі абодва разам. Другі вучань пабег наперадзе хутчэй за Пятра і прыбыў да магілы першы. Заглянуўшы, убачыў, што ляжаць палотны, аднак не ўвайшоў. Тады прыйшоў услед за ім Сымон Пётр, увайшоў у магілу і ўбачыў палотны, якія там ляжалі, і хусту, якая была на галаве Ягонай, не з палотнамі яна ляжала, а асобна, скручаная на іншым месцы. Тады ўвайшоў і другі вучань, што прыбег першы да магілы, убачыў і паверыў. Бо яны яшчэ не ведалі Пісання, што трэба было Яму ўваскрэснуць з мёртвых.

(Ян 20, 1–9)

Дарога ў Эмаўс

Дамініканскі тэолаг Сайман Тагуэл пісаў, што Божы Провід дзейнічае такім чынам: куды б мы ні зайшлі і што б ні зрабілі, менавіта там знаходзіцца пачатак нашага шляху да неба: «Нават калі мы прапусцілі б невядома колькі ўказальнікаў, сотні разоў павярнулі не там, дзе трэба было, і дарэмна ўскладнілі сабе дарогу, шлях і далей ляжыць перад намі, а Хрыстус чакае, каб адарыць нас сваёю ласкаю».

У Евангеллі нядзелі Уваскрасення Пана ўсе знаходзяцца ў дарозе. Марыя Магдалена яшчэ да світанку, з болем і тугою ідзе да магілы. Туды бягуць таксама апосталы Пётр і Ян. Іншыя вучні, засмучаныя, адпраўляюцца ў Эмаўс — вёску, аддаленую ад Ерузалема больш чым на дзесяць кіламетраў.

Марыя Магдалена ідзе да магілы, таму што ёю кіруе любоў. Пётр і Ян бягуць туды, бо жадаюць праверыць, ці праўда тое, што яны «чулі пра Слова жыцця, што бачылі на свае вочы, на што глядзелі і да чаго дакраналіся» (1 Ян 1, 1). Вучні, якія скіроўваліся ў Эмаўс, пакінулі Ерузалем, бо іх надзеі рухнулі. «А мы спадзяваліся, што Ён той, хто павінен вызваліць Ізраэль» (Лк 24, 21), — кажуць яны незнаёмаму Спадарожніку. Гэты сказ гучыць як рэха многіх нашых гісторый. Колькі разоў мы спадзяваліся, што будзе іначай!..

Менавіта ў гэты момант з’яўляецца Уваскрослы, хоць не заўсёды ўдаецца Яго адразу распазнаць. Марыя Магдалена прымае Яго за садоўніка. Вучні, вандруючы ў Эмаўс, праходзяць з Ім шмат кіламетраў, не ведаючы, хто Ён. Нават Пётр і Ян, стоячы каля пустой магілы, яшчэ толькі вучацца верыць. Але менавіта з гэтай пустой магілы пачынаецца штосьці новае. Вера нараджаецца паступова: спачатку — як здзіўленне, потым — як надзея, і ўрэшце яна становіцца радасцю сустрэчы з Уваскрослым.

Шлях да нашага Эмаўса часта падобны. «Мы верым Езусу, хоць Яго не бачым. Верым Езусу, хоць Яго не разумеем. Верым, хоць Ён заўсёды вядзе нас далей, чым мы хочам ісці», — пісаў кс. Ян Твардоўскі.

Уваскрасенне не дае адказаў на ўсе пытанні, не робіць лёгкім наш шлях. Аднак яно дае штосьці важнейшае — упэўненасць, што мы ідзем не адны. Вера — гэта не толькі адказы на пытанні. Гэта падарожжа з Тым, Хто ўваскрос і жыве.


Айцец Яраслаў Кравец ОР.
Пераклад з польскай мовы Ганны Шаўчэнка.
Паводле «W drodze».

Мы вельмі радыя
бачыць вас на сайце
часопіса «Ave Maria».
Гэта плён працы
неабыякавых людзей,
якія з радасцю ствараюць
гэты часопіс для вас.

Падпіска
Ахвяраванні

Сайт часопіса „Ave Maria“ Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла ў Беларусі

Часопіс існуе дзякуючы вашым ахвяраванням. Сёння мы просім вашай дапамогі — нават невялікая сума падтрымае нас.

Падрабязней