Сёння разам з айцом дамініканінам Паўлам Ямрузам ОР мы разважаем пра тое, ці супярэчыць сумненне сапраўднай веры.
ІІ Велікодная нядзеля, год А (12.04.2026)
Калі быў вечар таго першага дня тыдня, і дзверы дома, дзе збіраліся вучні, былі замкнёныя з-за страху перад юдэямі, прыйшоў Езус, стаў пасярэдзіне і сказаў ім: «Спакой вам!» Сказаўшы гэта, паказаў ім рукі і бок. Узрадаваліся вучні, убачыўшы Пана. Тады Езус зноў сказаў ім: «Спакой вам! Як паслаў Мяне Айцец, так і Я пасылаю вас». Сказаўшы гэта, дыхнуў і сказаў: «Прыміце Духа Святога. Каму адпусціце грахі, таму будуць адпушчаныя; на кім пакінеце, на тым застануцца».
Тамаш, адзін з Дванаццаці, якога звалі Блізня, не быў з імі, калі прыйшоў Езус. Іншыя вучні казалі Яму: «Мы бачылі Пана!» Але ён сказаў ім: «Калі не ўбачу на руках Яго ранаў ад цвікоў і не ўкладу пальца свайго ў раны ад цвікоў, і не ўкладу рукі сваёй у бок Яго, не паверу».
Праз восем дзён зноў былі ў доме вучні Ягоныя і Тамаш з імі. Хоць дзверы былі замкнёныя, Езус прыйшоў, стаў пасярэдзіне і сказаў: «Спакой вам!» Потым сказаў Тамашу: «Дай сюды палец твой і паглядзі на рукі Мае; дай руку тваю і ўкладзі ў бок Мой; і не будзь няверуючым, але веруючым!» У адказ Тамаш сказаў Яму: «Пан мой і Бог мой!» Езус сказаў яму: «Ты паверыў, таму што ўбачыў Мяне. Шчаслівыя тыя, хто не бачыў, а паверыў!»
Шмат іншых знакаў, пра якія не напісана ў гэтай кнізе, учыніў Езус перад вучнямі сваімі. Гэтае ж напісана, каб вы паверылі, што Езус — гэта Хрыстус, Сын Божы, і каб, веруючы, вы мелі жыццё ў імя Ягонае.
(Ян 20, 19–31)
Не без сумненняў
Люблю бачыць у Евангеллі гэтую бездапаможнасць Апосталаў, іх разгубленасць, грахі, часам звычайную неарганізаванасць, а таксама маладушнасць, страх, баязлівасць, урэшце, нявер’е. Як для аповеду пра збаўленне, тут вельмі шмат «таго, што чалавечае». Аднак гэта не прыгнятае, бо «тое, што чалавечае», у Евангеллі збаўлена. Значыць, яно збаўчае.
Грыгорый Вялікі напісаў, што нашай веры больш дапамагае нявер’е Тамаша, чым вера Апосталаў. Тамашаў недавер — гэта люстэрка, у якім я магу разгледзець свае ўласныя сумненні і пераканацца, што яны не ўяўляюць перашкоды паміж мною і Збаўцам. Для мяне ёсць месца ў Вячэрніку. Урэшце, ні адзін з Апосталаў не ўбачыў так яскрава, з Кім мае справу, як менавіта Тамаш, які сумняваўся, але вызнаў: «Пан мой і Бог мой!» Хто ведае, можа, таму ён і паверыў, што дазволіў сабе сумнявацца?
Ёзаф Ратцынгер у сваіх «Уводзінах у хрысціянства» пісаў: «Ніхто не можа цалкам пазбегнуць сумненняў і цалкам пазбегнуць веры; для адных вера будзе існаваць насуперак сумненню, для іншых — праз сумненне і ў форме сумнення. <...> Можа, менавіта сумненні аднаго і другога чалавека захоўваюць іх ад замкнутасці ў сабе і маглі б стаць „месцам сустрэчы“. Яны не дазваляюць ім ізалявацца, веруючага падштурхоўваюць заўважыць чалавека ў няверуючым, а няверуючага — у веруючым».
Сумненне — не супрацьлегласць веры, а яе ўласцівасць. Калі так, то яно сапраўды можа стаць «месцам сустрэчы». Сумненне не выключае даверу — яно з’яўляецца яго ўмоваю. Што ж засталося б ад даверу, калі б усе сумненні былі развеяныя? Не ведаю — таму веру. І таму магу шукаць прытулку ў ранах Збаўцы — я, чалавек, які сумняваецца, але верыць.
Айцец Павел Ямруз ОР.
Пераклад з польскай мовы Ганны Шаўчэнка.
Паводле «W drodze».

