Сёння разам з айцом дамініканінам Яраславам Краўцам ОР мы разважаем пра тое, што неабходна для плённага абвяшчэння Евангелля ўсяму свету.
Урачыстасць Спаслання Духа Святога, год А (24.05.2026)
Калі быў вечар таго першага дня тыдня, і дзверы дома, дзе збіраліся вучні, былі замкнёныя з-за страху перад юдэямі, прыйшоў Езус, стаў пасярэдзіне і сказаў ім: «Спакой вам!» Сказаўшы гэта, паказаў ім рукі і бок. Узрадаваліся вучні, убачыўшы Пана. Тады Езус зноў сказаў ім: «Спакой вам! Як паслаў Мяне Айцец, так і Я пасылаю вас». Сказаўшы гэта, дыхнуў і сказаў: «Прыміце Духа Святога. Каму адпусціце грахі, таму будуць адпушчаныя; на кім пакінеце, на тым застануцца».
(Ян 20, 19–23)
Здзіўленне з Пяцідзясятніцы
Нядаўна Папа Леў XIV у гаміліі, прамоўленай падчас Імшы Хрызма, гаварыў пра місію, на якую Бог благаслаўляе свой народ, а менавіта нас. Гэта місія быць хрысціянінам, у якой мы ўдзельнічаем згодна са сваім пакліканнем. Адна фраза, прамоўленая Святым Айцом, прымусіла мяне задумацца: «Збаўленне можа быць прынятае кожным з нас толькі на роднай мове». Гэта папскі каментар да апісанай у Дзеях Апосталаў, поўнай здзіўлення рэакцыі пабожных габрэяў, якія прыбылі ў Ерузалем з розных бакоў свету і слухалі Апосталаў, што прамаўлялі на іх родных мовах. Аднак ці маецца на ўвазе тут толькі лінгвістычнае майстэрства? У гэтай падзеі святы Аўгустын бачыў правобраз будучага Касцёла, які пачне абвяшчаць Хрыста ўсяму свету.
Урачыстасць Спаслання Духа Святога — гэта свята супольнасці Касцёла. У літургіі нагадваецца, што на шляху веры, асабліва ў сакрамэнтах хросту і канфірмацыі, мы атрымліваем дар Духа Святога не толькі для нашага ўласнага асвячэння і духоўнага дасканалення. Ён дае здольнасць кожнаму, хто Яго прымае, быць апосталам уваскрослага Хрыста. Гэтак, як калісьці вучні ў Вячэрніку, так цяпер таксама і мы пасланыя ў свет. Мы павінны прыняць Духа Святога. Каб нашае абвяшчэнне Добрай Навіны магло прыносіць плён, мы павінны гаварыць і сведчыць на мове, зразумелай тым, да каго мы прыходзім. У згаданай гаміліі Папа падказвае, што гэта значыць, прыводзячы ў прыклад вялікіх місіянераў, якія дзейнічаюць вельмі тактоўна: іх метад сведчання — уласнае жыццё, бескарыслівае служэнне, адмаўленне ад усялякіх разлікаў, а таксама дыялог і пашана.
Уваскрослы Хрыстус, прыходзячы да вучняў, сабраных у Вячэрніку, двойчы вітае іх словамі: «Спакой вам». Гэта мова Бога, якой Дух Святы навучае чарговыя пакаленні хрысціянаў. Калі мы дазволім Яму весці сябе, то спазнаем Яго перамяняльную моц, становячыся голасам для свету. Здзіўленне з Пяцідзясятніцы паўтараецца ў кожным пакаленні.
Айцец Яраслаў Кравец ОР.
Пераклад з польскай мовы Ганны Шаўчэнка.
Паводле «W drodze».

