Сёння разам з айцом дамініканінам Томашам Заморскім ОР мы разважаем пра тое, што на працягу жыцця мы вучымся Божаму сыноўству, нягледзячы на сваю нямогласць і слабасць.
Урачыстасць Найсвяцейшай Тройцы, год А (31.05.2026)
Майсей, устаўшы з самае раніцы, узышоў на гару Сінай, як загадаў яму Пан. І ўзяў у рукі свае дзве каменныя табліцы. І сышоў Пан у воблаку, і стаў там паблізу яго, і ён абвясціў імя Пана. І прайшоў Пан перад ім і ўсклікнуў: Пан, Пан Бог міласэрны і літасцівы, доўгацярплівы і шматміласцівы, і праўдзівы.
Майсей адразу ўпаў на зямлю і пакланіўся Богу, і сказаў: Калі я знайшоў упадабанне ў вачах Тваіх, Пане, то няхай пройдзе Пан сярод нас, бо народ гэты цвёрдага карку; даруй беззаконні нашыя і грахі нашыя і зрабі нас спадчынай Тваёй.
(Зых 34, 4b–6. 8–9)
Так палюбіў Бог свет, што аддаў Сына свайго Адзінароднага, каб кожны, хто верыць у Яго, не загінуў, але меў жыццё вечнае. Бо не паслаў Бог Сына свайго ў свет, каб судзіць свет, але каб свет быў збаўлены праз Яго. Хто верыць у Яго, не будзе асуджаны, а хто не верыць, той ужо асуджаны, таму што не паверыў у імя Адзінароднага Сына Божага.
(Ян 3, 16–18)
«Доўгі нос» Бога
Няхай гэта будзе хвіліна кантэмпляцыі і прабывання з Боскім словам — словам, усё ж такі чалавечым, а значыць, занадта слабым, каб змясціць у сабе веліч і таямніцу Бога. Гэтая таямніца заўсёды пераўзыходзіць словы, яе можна пазнаваць, можна перажыць сустрэчу з ёю, але аповед пра яе найчасцей будзе нязграбным і слабым з-за абмежаванасці моўнай матэрыі. Нам застаюцца пробліскі, а самі словы толькі дапамагаюць учыніць акт даверу, а значыць, падпарадкавацца Сэнсу і ўскласці надзею на Божую Прысутнасць. Можа, гэта становіцца магчымым дзякуючы першапачатковаму адчуванню сябе любімым, дзякуючы чуламу дотыку, пяшчоце, блізкасці або разуменню, што Хтосьці цябе бачыць і любіць. Тады наш розум і сэрца, а таксама цела адкрываюцца на тое, што мы — не адны, што жыццё — гэта акунанне ў штосьці большае, гэта прабыванне ў Божай Прысутнасці. Для Ізраэля гэта азначала згоду на Боскае слова. Чалавек, які ўсвядоміў такі прынцып Жыцця, быў перакананы, што Найвышэйшы застаецца ў адносінах з ім, жадае блізкасці з ім.
У чытанні з Кнігі Зыходу мы чуем, што Бог ёсць «erek appajim» — даслоўна гэта значыць «мае доўгі нос», што перакладзена як «доўгацярплівы», бо пры доўгім носе «гняўлівы подых» павінен пераадолець большую адлегласць. Такім чынам, Той, Каго пазнае Ізраэль, міласэрны, доўгацярплівы і ласкавы, як айцец. Аднак ад айца можа навучыцца толькі сын. Быць сынам — у пэўным сэнсе адзіны магчымы адказ на Божае слова. Гэтаму на працягу ўсёй сваёй гісторыі вучыліся ізраэльцяне, гэтаму вучыцца Касцёл і кожны з нас асабіста — мы вучымся сыноўству. Немагчымаму сыноўству, бо часта мы выпрабоўваем Яго «доўгі нос», але ў Хрысце ўсё становіцца магчымым, мы можам быць сынамі ў Сыне. «Так палюбіў Бог свет, што аддаў Сына свайго Адзінароднага, каб кожны, хто верыць у Яго, не загінуў, але меў жыццё вечнае». Хрыстус, Сын Божы, прыходзіць не асудзіць, але збавіць. Ён можа ўдыхнуць новае жыццё ў тое, што памерла, што страціла моц і энергію, што завязла ў якой-небудзь цемры і нямогласці, што занадта старое і грэшнае, каб жыць. Гэтае дыханне — Параклет, які ўсяму навучыць. Усяму — значыць Любові. І толькі гэтаму… І аж пакуль не навучыць…
Айцец Томаш Заморскі ОР
Пераклад з польскай мовы Ганны Шаўчэнка.
Паводле «W drodze».

