Другая нядзеля Адвэнту, год С (6.12.2015)

Скінь, Ерузалем, вопратку
свайго смутку і нядолі,
і апраніся ў прыгажосць славы,
дадзеную табе навекі ад Бога.
Ахініся плашчом справядлівасці Божай,
ускладзі на галаву дыядэму славы Спрадвечнага!
Бо Бог пакажа тваю прыгажосць усяму,
што ёсць пад небам.
Імя тваё ў Бога навекі будзе названа:
мір справядлівасці і слава пабожнасці!
Узніміся, Ерузалем,
і стань на вышыні,
паглядзі на ўсход,
і ўбач дзяцей тваіх,
сабраных словам Святога
ад узыходу сонца аж да захаду,
якія радуюцца таму, што Бог успомніў пра іх.
Яны выйшлі ад цябе пешшу,
гнаныя ворагамі,
а Бог прывядзе іх да цябе, несучы іх у славе,
як на каралеўскім троне.
Бо вырашыў Бог панізіць
кожную высокую гару і пагоркі адвечныя,
засыпаць даліны, зраўняць іх з зямлёй,
каб Ізраэль мог бяспечна крочыць у хвале Пана,
каб лясы і кожнае пахучае дрэва давалі цень
Ізраэлю на Божы загад.
Бог будзе з радасцю весці Ізраэль
да святла славы сваёй
з міласэрнасцю і справядлівасцю, якія Яму належаць» (Бар 5, 1–9).

«У пятнаццаты год панавання цэзара Тыберыя, калі Понцій Пілат быў намеснікам у Юдэі, а Ірад быў тэтрархам у Галілеі, Філіп, брат ягоны, тэтрархам у Ітурэі і Траханіцкай зямлі, а Лізанія тэтрархам у Абіленах, пры першасвятарах Анне і Каяфе было скіравана слова Божае да Яна, сына Захарыі, у пустыні. Ён прайшоў усе ваколіцы Ярдана, абвяшчаючы хрост пакаяння дзеля адпушчэння грахоў, як напісана ў кнізе слоў прарока Ісаі:

Голас таго, хто кліча ў пустыні:
“Падрыхтуйце дарогу Пану,
простымі рабіце сцежкі Яму!
Кожная даліна ўзвысіцца,
кожная гара і пагорак панізяцца,
і выбоістыя дарогі стануць раўнінай,
і ланцугі гор — далінаю.
І ўбачыць кожнае цела Божае збаўленне”» (Лк 3, 1–6).

Exit

Ці можна распазнаць Пана, якога не чакаеш, па якім не сумуеш, які нам зусім не патрэбны? Ці можна пазаць Бога, пазнаўшы сваю бяду, свой грэх?

Калі мы «аздараўляемся» ад нямодных згрызотаў сумлення, гэтай асабістай адказнасці за ўчыненае зло, і знаходзім тых, хто ў ім вінаваты (сям’я, выхаванне, грамадства — усе апроч мяне), застаецца адзіны клопат: пазбыцца ўсяго, што нас гняце. Багацеі, якія бясконца наракаюць на нешта, задавальняюць свае патрэбы ўсё больш вынаходлівымі спосабамі.

Але ж не, я не кажу пра тых недзе там, далёка. Я кажу пра нас з вамі, сыноў і дачок Караля, пра мяне і пра вас, да каго сёння скіраваныя словы: «Скінь вопратку свайго смутку і нядолі, і апраніся ў прыгажосць славы, дадзеную табе навекі ад Бога. Ахініся плашчом справядлівасці Божай, ускладзі на галаву дыядэму славы Спрадвечнага!». Гэтае абяцанне радасці споўніцца, калі мы прыслухаемся да словаў папы Францішка, які знаходзіць лекі ад «смутку, які нараджаецца ў звыклым да выгодаў і хцівым сэрцы разам з хваравітым пошукам павярхоўных прыемнасцяў і ізаляванасцю сумлення» (пар. Evangelii gaudium, 2). Гэтыя лекі — евангелізацыя. Абвяшчаць іншым радасць ад таго, што Бог збаўляе, становіцца для нас уласным аздараўленнем і адкрыццём радасці Хрыста (гл. Ян 15, 11). Папа Францішак заклікае: «Выйдзем жа, каб ахвяраваць усім жыццё Езуса Хрыста. Тут я паўтараю для ўсяго Касцёл тое, што шмат разоў казаў святарам і свецкім людзям у Буэнас-Айрэсе: я хачу, каб лепей Касцёл быў растрывожаны, паранены і брудны, той, які выйшаў на вуліцы, чым Касцёл хворы ад замкнутасці і выгодаў моцнай прывязанасці да ўласнай бяспекі» (пар. Evangelii gaudium, 49). Дзіўна, але асабістае навяртанне, да якога нястомна заклікае Ян Хрысціцель: «Падрыхтуйце дарогу Пану, простымі рабіце сцежкі Яму!» (Лк 3, 4) сёння азначае для нас галоўным чынам «місійнае навяртанне» (пар. Evangelii gaudium, 30), навяртанне да місіі.

Айцец Тамаш Білка OP
Паводле матэрыялаў часопіса «W drodze»

Мы вельмі радыя
бачыць вас на сайце
часопіса «Ave Maria».
Гэта плён працы
неабыякавых людзей,
якія з радасцю ствараюць
гэты часопіс для вас.

Падпіска
Ахвяраванні

Сайт часопіса „Ave Maria“ Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла ў Беларусі

Часопіс існуе дзякуючы вашым ахвяраванням. Сёння мы просім вашай дапамогі — нават невялікая сума падтрымае нас.

Падрабязней