Трынаццатая звычайная нядзеля, год С (30.06.2013).
«Калі набліжаліся дні ўзнясення Езуса, Ён цвёрда вырашыў ісці ў Ерузалем і выслаў пасланцоў перад сабою. Пайшоўшы, яны ўвайшлі ў самаранскую вёску, каб падрыхтаваць Яму побыт. Але там не прынялі Яго, бо Ён накіроўваўся ў Ерузалем. Калі вучні Якуб і Ян убачылі гэта, сказалі: Пане, хочаш, мы скажам, каб агонь сышоў з неба і знішчыў іх? Але Ён, павярнуўшыся да іх, забараніў ім. І пайшлі ў іншую вёску. Калі яны былі ў дарозе, хтосьці сказаў Яму: Я пайду за Табою, куды б Ты ні пайшоў. Езус сказаў яму: Лісы маюць норы, і птушкі нябесныя — гнёзды, а Сын Чалавечы не мае, дзе схіліць галаву. А другому сказаў: Ідзі за Мною. Той адказаў: Пане, дазволь мне спачатку пайсці і пахаваць айца майго. Але Езус сказаў яму: Пакінь мёртвым хаваць сваіх мёртвых, а ты ідзі і абвяшчай Валадарства Божае. Яшчэ іншы сказаў: Я пайду за Табою, Пане, але спачатку дазволь мне развітацца з хатнімі маімі. Езус жа сказаў яму: Ніводзін, хто паклаў руку сваю на плуг і азіраецца назад, не надаецца да Валадарства Божага» (Лк 9, 51–62).
«Непакліканыя»
Кожны хрысціянін паліканы да Божага Валадарства і да абвяшчэння Яго іншым людзям — адпаведна са сваім становішчам у Касцёле. Аднак на некаторых ляжыць асаблівая адказнасць. Гэта тыя, хто стаў на шлях святарскага служэння. Кожны святар мае ўласную непаўторную гісторыю паклікання. Аднак, на жаль, як бы жорстка для кагосьці не гучалі гэтыя словы, не заўсёды і не кожнае пакліканне да сваятарства з’яўляецца Божым. Часам матывацыя да таго, каб стаць святаром, можа быць ад пачатку няправільнай. І, здаецца, евангеліст Лука асцярожна паказвае розніцу матывацый у рашэнні ісці за Хрыстом, калі апісвае, з аднаго боку, тых, хто па ўласным жаданні кажа «Пайду за Табой», і з іншага боку, тых, каго сам Езус кліча: «Ідзі за мной». Першых Збаўца не толькі папярэджвае, што ісці за Ім няпроста, а нават кажа пра непрыдатнасць да Божага Валадарства тых, хто ставіць нейкія ўмовы. Так, чалавека, які захоча стаць на гэты шлях, кіруючыся або аднымі эмоцыямі, або падманлівым уяўленнем аб служэнні ці недастатковым усведамленнем усіх яго цяжкасцяў, Езус ахалоджвае словамі: «Сын Чалавечы не мае, дзе схіліць галаву». Магчыма, гэтыя словы скіраваныя і да тых, хто лічыць, што святарства дасць яму пэўныя матэрыяльныя выгоды ці жаданы аўтарытэт. Празмерная прывязанасць да блізкіх людзей таксама можа быць вялікай перашкодай у Божым служэнні, нават у выпадку правільнай матывацыі. Таму чалавек пакліканы самім Езусам, чуе словы: «Пакінь мёртвым хаваць сваіх мёртвых». Безумоўна, нельга ўспрымаць гэтае выказванне літаральна, бо цяжка ўявіць нябожчыкаў, якія займаюцца арганізацыяй жалобнай цырымоніі, — тым больш, што пахаванне памерлых — учынак міласэрнасці адносна цела. Сэнс гэтых словаў мы зразумеем, калі ў «мёртвых» убачым людзей, душы і думкі якіх скіраваныя не на ўваскрасенне і жыццё ў будучым свеце, а на зямное, смяротнае існаванне. Чалавек, які на першае месца ставіць заспакаенне выключна зямных патрэбаў (нават не абавязкова сваіх асабістых) не зможа пайсці ў Нябеснае Валадарства, і тым больш, павесці туды іншых. Толькі прыклад жыцця, цалкам адданага Хрысту, або яўны Божы цуд могуць даць нерэлігійным людзям шанец адарваць позірк душы ад зямлі і ўзнесці яго да нябёсаў, дзе знаходзяцца сапраўдныя скарбы. Аднак Езус не хваліць і тых са сваіх пакліканых, якія хочуць атрыманыя ад Яго харызмы выкарыстаць не ў добрых мэтах, а каб, напрыклад, паказаць сваю выключнасць ці ўладу, або для помсты. Узгадаем Яго рэакцыю на прапанову Яна і Якуба спаслаць агонь з неба, які б спаліў негасціннае самаранскае паселішча. Адзіны агонь, які прагне запаліць Езус, — гэта агонь Духа Святога, агонь любові, які спальвае ўсё тое, што перашкаджае чалавеку ў вандроўцы да неба. Гэты агонь Божы здольны таксама ачысціць і першапачаткова няправільную матывацыю, даць такім «непакліканым» святарам стаць сапраўднымі пастырамі і правадырамі душ і звестунамі Божага Валадарства.
Айцец Міхал Ермашкевіч ОР
Дар сапраўднай свабоды
Словы святога Евангелля, прапанаваныя нам у гэтую нядзелю, датычаць справы ўнутранай свабоды чалавека, неабходнай дзеля выканання паклікання, дадзенага нам Богам. Сёння, занураныя ў індывідуалістычны спосаб мыслення, мы часта забываемся пра гэта. У недастатковай вольнасці ад матэрыяльных рэчаў і, тым больш, у шуканні поўнага прымання з боку іншых людзей — прычыны нашых расчараванняў і незадаволенасці жыццём. Мы не вучым гэтаму і сваіх дзяцей.
Першае літургічнае чытанне (1 Вал 19, 16b. 19–21) і Евангелле звяртаюць нашую ўвагу на справу свабоды ў адносінах з роднымі, блізкімі нам людзьмі. Гэта цяжкая тэма, бо нашая прывязанасць да блізкіх адпавядае натуральнай патрэбе быць любімымі. Пан Езус паказвае, што, калі гэтая прывязанасць становіцца празмернаю, яна абмяжоўвае нашую гатоўнасць да супрацоўніцтва ў справе пашырэння Божага Валадарства. Можна ўзгадаць сітуацыі, калі нам, напрыклад, нязручна пайсці на святую Імшу, бо акурат прыехалі госці; калі не стае смеласці зрабіць заўвагу блізкім, якія парушаюць Божыя запаведзі, бо мы баімся іх пакрыўдзіць! Таму Пан Езус сваімі цвёрдымі словамі правакуе нас, прымушаючы перагледзець сваё цяперашняе становішча.
Гэтую тэму дапаўняе і другое літургічнае чытанне (Гал 5, 1. 13–18), якое паказвае, што рашэннямі чалавека кіруюць і духоўныя, і, як называе іх Біблія, цялесныя жаданні. Нараджаючыся, мы ўваходзім у кантакт з навакольным светам з дапамогаю цялесных пачуццяў. На гэтым узроўні мы запамінаем і ўражанні ад кантакту са светам. Сярод гэтых успамінаў ёсць і пазітыўны, і негатыўны, балючы досвед. Гэты балючы досвед можа пазбаўляць нас свабоды, канцэнтраваць на сабе ўсю нашую ўвагу і энергію, і такім чынам перашкаджаць нам вучыцца глядзець на сябе і сваё жыццё у духоўнай перспектыве. Яны з’яўляюцца перашкодаю ў фармаванні сталых адносінаў з іншымі людзьмі ў духу любові. Каб пазбавіцца ад гэтай слабасці, трэба ісці шляхам прымірэння з гісторыяй свайго жыцця, з Богам, які, як мы часам думаем, не абараніў нас ад ранаў. Нам трэба паверыць, што Езус, Сын Божы, дзеліць з намі наш боль.
Духоўная сталасць чалавека выяўляецца ў разуменні, што, згаджаючыся быць «заложнікам» сваіх блізкіх, папулярнасці, кар’ернага росту, багацця, як і свайго болю, ён перастае кіраваць сваім жыццём. А вызваліцца можна, толькі зразумеўшы, што каштоўнасць чалавека не залежыць ад таго, прымаюць ці не прымаюць яго іншыя людзі, нават блізкія; тым больш не залежыць яна ад багацця, становішча ў іерархіі грамадства, а толькі ад прымання, якое дае нам Бог Айцец у Асобе Езуса Хрыста. У Ягонай смерці за чалавецтва да нас вяртаецца годнасць Божых дзяцей, а праз Яго ўваскрасенне мы ўзбагачаемся абяцаннем вечнага жыцця з Богам! У гэтым заключаны дар сапраўднай свабоды для нас.
Айцец Браніслаў Дашкевіч ОР