Усе мы розныя і можам па-рознаму глядзець на жыццёвыя сітуацыі, але гэта не прычына сварыцца, а нагода аб’ядноўваць намаганні ў пошуках Божага слова, якое нясе спакой і згоду.
Евангельскі аповед пра сітуацыю, у якой апынуліся Марыя і Юзаф з-за таго, што дванаццацігадовы Езус застаўся без іх ведама ў Ерузалемскай святыні (гл. Лк 2, 41–50), мае для нашай веры і жыцця паводле яе вялікае значэнне, як дагматычнае, так і практычнае. Дагматычнае, бо яно, як і ўрывак з Евангелля паводле святога Яна, дзе Езус на Крыжы даручае сваю Маці апецы ўмілаванага вучня (гл. Ян 19, 25–27), пацвярджае праўду аб дзявоцтве Божай Маці ў шлюбе са святым Юзафам і адсутнасці ў Яе іншых дзяцей. Інакш Яна не магла б дазволіць сабе штогод хадзіць на Пасху ў Ерузалем (гл. Лк 2, 41), бо гэты абавязак распаўсюджваўся толькі на мужчын і не датычыў жанчын, тым больш цяжарных або кормячых. А ўзгаданыя ў іншых месцах Святога Пісання браты і сёстры Езуса не былі Яму роднымі, як і Юзаф — бацькам, пра што выразна гаворыць гісторыя нараджэння Божага Сына (гл. Лк 1, 34–35; Мц 1, 18–21). Калі Юзафа і называюць бацькам, то маецца на ўвазе не біялагічнае, а фактычнае бацькоўства. Апроч таго, пасля смерці старэйшага сына апекуном маці-ўдавы аўтаматычна станавіўся малодшы брат, калі б ён быў…
Практычнае ж значэнне ўрыўка, пра які мы гаворым, заключаецца ў навуцы для кожнай сям’і ў складаных сітуацыях. З аднаго боку, мы не можам абвінавачваць Марыю і Юзафа ў кепскім выкананні бацькоўскіх абавязкаў: маўляў, не ўпільнавалі Сына. Дванаццаць гадоў — гэта той узрост, калі хлопец лічыўся поўнагадовым, каб выконваць рэлігійныя абавязкі, і таму Марыя лічыла, што Езус разам з Юзафам пілігрымуе ў групе мужчын. Юзаф жа мог быць перакананы, што хлопец, як і дагэтуль, ідзе разам з Маці ў групе жанчын і малодшых дзяцей, якія ішлі больш павольна. Гэтае здарэнне ў Святой Сям’і вучыць нас, што ўсе мы розныя і можам па-рознаму глядзець на жыццёвыя сітуацыі, але гэта не прычына сварыцца, а нагода аб’ядноўваць намаганні ў пошуках Божага слова, якое нясе спакой і згоду. Гэтыя пошукі заканчваюцца поспехам у Доме Божым, у святых сакрамэнтах, якія вяртаюць нам страчаную ласку.
Словы Марыі «Дзіця, чаму Ты зрaбiў нaм тaк? Вoсь бацька Твoй i я балюча перажывалі, шукaючы Цябе» (Лк 2, 48) вучаць, як бацькам трэба рэагаваць на незразумелыя паводзіны дзяцей: без крыку, абвінавачванняў, пагрозаў. Трэба запытаць аб прычыне такіх паводзінаў і сказаць, якую рэакцыю гэта выклікае ў блізкіх. Калі з маленства менавіта так вырашаць непазбежныя праблемы, звязаныя з сутыкненнем інтарэсаў у сем’ях, можна не баяцца страціць узаемны давер, без якога не можа існаваць ні адна супольнасць, тым больш, калі гэты давер грунтуецца на Богу, калі самым вялікім няшчасцем лічыцца страціць Яго — крыніцу жыцця і любові.
Айцец Міхал Ермашкевіч ОР