Мужчына — Божы дар для свету

«Пан Бог стварыў чалавека з пылу зямлі і ўдыхнуў у ноздры ягоныя подых жыцця, і стаў чалавек жывой істотай. І пасадзіў Пан Бог сад у Эдэне на ўсходзе, і пасяліў там чалавека, якога стварыў. Потым Пан Бог узяў чалавека і пасяліў яго ў садзе Эдэн, каб ён працаваў і даглядаў яго. І загадаў Пан Бог чалавеку, кажучы: З усялякага дрэва ў садзе можаш есці, але з дрэва пазнання дабра і зла не спажывай, бо ў дзень, калі з’ясі з яго, напэўна памрэш смерцю» (Быц 2, 7. 15–17).

Мы пачынаем з самага моманту стварэння. Ва ўрыўку з Кнігі Быцця мы чытаем, што Бог стварыў гэты свет і змясціў у ім людзей. Мужчына і жанчына — дары для нашага свету. Паразмаўляма сёння пра мужчын.


Матэрыял падрыхтаваны паводле рэкалекцый сястры Паўлы Бобер MSF. 

Сястра Паўла Бобер MSF —тэолаг, выкладчык, псіхолаг, псіхатэрапеўт са шматгадовай практыкай.

Бог стварыў мужчыну першым, і гэта ніякая не дыскрымінацыя. Пра гэта таксама сведчыць Кніга Быцця: «І сказаў Бог: Учынім чалавека паводле Нашага вобразу і Нашага падабенства. Няхай пануе над рыбамі марскімі, над птаствам нябесным, над жывёламі, над усёю зямлёю і над усялякім паўзуном, што поўзае па зямлі. І стварыў Бог чалавека паводле свайго вобразу, паводле Божага вобразу стварыў яго, стварыў мужчыну і жанчыну» (Быц 1, 26–27). Тут няма ніякай згадкі пра няроўнасць. Крыху раней, калі апісваецца момант стварэння жанчыны, акцэнт робіцца таксама на роўнасць: «Гэта косць ад касцей маіх і цела ад майго цела» (Быц 2, 23).

Такім чынам, Бог першым стварае мужчыну, пасяляе яго ў Сад і робіць кіраўніком зямлі. Заўважце, што менавіта кіраўніком, а не гаспадаром — чалавек кіруе зямлёю ад імя Бога. Яшчэ Бог заключае з мужчынам запавет: не есці з дрэва пазнання дабра і зла, то бок, чыніць яго ахоўнікам маральнага закону на зямлі; ускладае на яго абавязак падтрымліваць і захоўваць цноты. Бог таксама абавязвае мужчыну працаваць на зямлі і даглядаць яе. Задача жанчыны — быць у гэтай справе добрай памочніцай для мужчыны.

Узгадваю прыклад маёй маці, якая ніколі не стамлялася сядзець побач з татам у гаражы, калі ён займаўся сваім хобі — вырабляў па вечарах сталы і крэслы. А мама падавала яму малаток, цвікі і іншае. Яна казала: «Калі стаіш і глядзіць на каханага чалавека, на тое, як ён рухаецца, які ў яго выраз твару, як у яго ўсё атрымліваецца, як жа гэта прыгожа! А яшчэ ў гэты час можна памаліцца — гэта цудоўна!» Я ў маленстве страшна нудзілася, калі даводзілася тату дапамагаць, а мама толькі смяялася і гаварыла, што я яшчэ маленькая і не гатовая быць жонкаю. Калі мужчына заняты справаю, а жанчына не перашкаджае — гэта добрая падтрымка. Калі маўчыш або гаворыш зусім мала, калі мужчына думае — гэта вельмі добра, бо для мужчыны працэс мыслення — вельмі сур’ёзны занятак, ён не можа, як жанчына, адначасова думаць пра розныя рэчы і нешта яшчэ пры гэтым рабіць. Вядома, гэтаму можна навучыцца, але ад прыроды мужчыны гэтага не ўмеюць. Даць мужчыну спакойна падумаць і не турбаваць яго ў гэтым працэсе — азначае, што ты яго разумееш.

Якім жа Бог стварыў мужчыну, што ўпісаў у мужчынскую душу?

Найперш жаданне ствараць і здзяйсняць: нешта вынаходзіць, выпрацоўваць, вырабляць, чыніць усё, што звязана з рызыкаю і прыгодамі (адразу зраблю заўвагу, што гэта зусім не азначае, што такога жадання не ўкладзена і ў жаночую душу; мы цяпер апісваем, а не параўноўваем). Наступнае жаданне мужчынскай душы — ахоўваць сваю тэрыторыю, прычым нашмат мацнейшае, чым у жанчын. Тэрыторыя — гэта радзіма, сям’я, дом, жыццё, створанае ім, то бок, ягоныя дзеці. Яшчэ адно жаданне, якое часам акрэсліваюць як «ратаванне прыгажуні», — жаданне абараняць жонку, блізкую жанчыну. З гэтым звязаныя пытанні сілы, барацьбы, бітвы. Гэта жаданне быць абаронцам, падтрымліваць слабых, быць да іх высакародным. 

Гэтым мужчына падобны да Бога, гэтыя яго рысы — адлюстраванне Божага вобразу. Сіла — адлюстраванне Божай магутнасці. Жаданне ахоўваць — адлюстраванне таго, як Бог ахоўвае нашае жыццё і душу. Любоў да рызыкі — вобраз таго, як сур’ёзна Бог рызыкнуў, даўшы чалавеку вольную волю, і вобраз рызыкі Хрыста памерці за чалавецтва.

Што ж учынілася з мужчынам пасля першароднага граху?

Бог сказаў яму: «У поце аблічча свайго будзеш спажываць хлеб». Паразважаем пра гэтыя змены ў кантэксце трох жаданняў мужчынскай душы. Рабіць нічога не хочацца, апрацоўваць зямлю не хочацца, рызыкаваць — тым больш. Не хочацца ствараць, бо стрымлівае страх насмешак (асабліва ад жанчын) і страх, што нічога не атрымаецца, які ў мужчыны нашмат мацнейшы. У жанчын свае страхі. Мужчыны могуць настолькі баяцца аказацца не на вышыні перад паважанай, каханай і ўвогуле проста перад знаёмай жанчынай, што абараняюцца, прыніжаючы жанчыну, часам нават загадзя, каб яна не паспела раніць яго. Гэта такі спосаб самаабароны.

Дарэчы, заўважу, што сталасць мужчыны праяўляецца ў асноўным у трох рэаліях: калі ў мужчыны не ўзнікае ўнутранай патрэбы прынізіць жанчыну; калі ён яе не баіцца; і калі ён не жадае самасцвярджацца за кошт тых, хто слабей за яго, — і жанчын, і мужчын. Напрыклад, вельмі дрэнна, калі бацька спрабуе самасцвярджацца за кошт уласнага сына.

Што пасля першароднага граху робіцца з патрэбаю ў барацьбе і змаганні? Яна таксама знікае, мілей становяцца хатнія мяккія тапкі, утульная канапа, тэлевізар, камп’ютар. Сёння часцей жанчыны гатовыя змагацца і біцца. Узнікае тэндэнцыя хавацца за жанчыну, а яшчэ, калі трапіцца вельмі актыўная жанчына, упэўненая, што яе кахання і яе сілаў хопіць на дваіх, мужчына ўвогуле супакойваецца і «залягае на дно». Для чаго яму развівацца і да нечага імкнуцца, браць на сябе адказнасць? Гэта можа быць часовая тэндэнцыя, але яна можа доўжыцца і ўсё жыццё. Хрэстаматыйны біблійны прыклад — Абрагам, які двойчы хаваўся за жонку і падстаўляў яе небяспецы. Баючыся, што фараон заб’е яго, хочучы забраць ягоную жонку ў гарэм, Абрагам, бацька нашай веры, угаворвае Сару сказаць, што яны брат і сястра. Гэта ўсё наступствы першароднага граху.

Мужчына адмаўляецца ад барацьбы, бо баіцца, што можа не пераадолець перашкоды, і саступае. Гэта здараецца не толькі ў працы, але і ў адносінах: мужчына асцерагаецца падысці да жанчыны, якая яму спадабалася, бо баіцца, што нічога не атрымаецца, і вельмі балюча гэта перажывае.

Пытанне сілы вельмі важнае для мужчыны — яго заўсёды турбуе: ці змагу я? Ёсць такая прыпавесць: вырашылі аднойчы жабкі пазмагацца між сабою, хто здолее ўзлезці на высокую гару, і паклікалі людзей іх судзіць. Караскаюцца ўсё вышэй, усё цяжэй. І людзі пачалі ім крычаць: «Не, далей занадта складана, занадта высока, вы не зможаце, нічога не выйдзе!» Адна за адной жабкі вярнуліся ўніз, але адна жабка здолела ўзлезці на самы верх: яна была глухая і не чула перасцярогаў. Мы, аднак, не глухія, і калі доўга чуем у свой адрас «ты не здолееш», перастаем нават спрабаваць. Гэты страх проста паралізуе.

Што ж з гэтым рабіць?

Сталець і станавіцца дарослымі. А каб за гэта ўзяцца, трэба паглядзець, што ці хто адбірае ў цябе сілы? Можа быць, давядзецца разабрацца з тваімі адносінамі з бацькамі: прабачыць маці, якая выхоўвала хлопчыка, каб быў ціхім і не высоўваўся: «Не бегай так; не пэцкай адзежу; не біся ні з кім»; прабачыць тату, які, слухаючы маму, ціхенька падказваў: «а ты ўсё адно давай здачы». Падрабязней аб прабачэнні можна прачытаць у іншых нумарах часопісаў «Ave Maria» і на сайце ave-maria.by, у серыях артыкулаў «Пяць этапаў ацалення пачуццяў» і «Мацярынская любоў. Духоўныя практыкаванні». Трэба нарэшце разабрацца ў сабе і адчуць тое дзікае ўнутранае памкненне, укладзенае Богам у мужчынскую душу. Яно ёсць у мужчынах, і гэта нармальна, бо свет створаны так, што ў ім ёсць не толькі ціхі ветрык, але і ўраганы, ёсць пустыні, горы, дзікія звяры.

Неабходна зразумець, хто забірае ў мужчыны сілу. Неабходна прабачаць, каб псіхічныя і фізічныя сілы пачалі аднаўляцца, а страхі — памяншацца. Сталыя мужчыны нават выглядаюць інакш: прамая спіна і плечы, прамы пагляд, паднятая галава. Наступны крок — паразважаць пра тое, ці няма ў вас цягі да дэструктыўных прыгодаў: «Што б такое ўчыніць, каб усё зруйнаваць?»; ці не турбуе жаданне помсты, жаданне ўсё рабіць насуперак, ламаць і руйнаваць? Паспрабуйце прааналізаваць, калі з’явілася гэтае жаданне і патрэба ў дэструктыўных прыгодах. Гэтыя прыгоды могуць быць вельмі розныя, нават палярныя: не толькі жаданне разбіць мэблю ў хаце, але і гомасексуальныя схільнасці, дэспатызм або, наадварот, імкненне існаваць у жанчыны «пад абцасам». 

Што яшчэ можна зрабіць? Знайсці свой вобраз і падабенства ў Богу, пабудаваць з Ім, Стварыцелем і Айцом, асабістую сувязь. Мужчыны часта ставяцца да Бога як да канкурэнта, а паспрабуйце ўспрыняць Яго як Таго, Хто даў вам у карыстанне зямлю, надзяліў вас паўнамоцтвамі перадаваць жыццё ад Ягонага імя. Калі злучыць гэтыя спрадвечныя мужчынскія схільнасці з Богам, Стварыцелем і Айцом, гэтага можа быць дастаткова, і тады не спатрэбіцца вырашаць пытанні з прабачэннем і пазнаннем сябе, бо гэта атрымаецца аўтаматычна. Калі знайсці галоўнае, астатняе дадасца проста як натуральнае наступства.

У Бібліі ёсць мноства цудоўных мужчынскіх вобразаў, якія могуць натхняць мужчын, стаць добрым прыкладам

Я ўзгадала пра Абрагама ў кантэксце яго памылак, але варта прасачыць, як у Святым Пісанні паказаны шлях старазапаветных патрыярхаў, тое, як яны сталеюць і набліжаюцца да Бога. Іншы добры прыклад: Юзаф Егіпецкі, цудоўная гісторыя пра тое, як хлопчык у жудасных умовах сталее і ператвараецца ў высакароднага мужчыну дзякуючы сваёй веры. Яшчэ прыклады са Старога Запавету: прарок Даніэль у пячоры з ільвамі і трое хлопцаў у вогненнай печы: Сэдрах, Місах, Авендага.

У Новым Запавеце захапляе прыклад Яна Хрысціцеля, чалавека з сапраўдным гарачым мужчынскім сэрцам, прыклад святога Юзафа, галавы Святой Сям’і — прыклад такой вялікай мужчынскай сталасці, якая дазваляе застацца ў ценю! І нарэшце — прыклад Езуса Хрыста. Так, Езус — гэта Бог, але Бог, які ўцелавіўся як мужчына. Часам мы ўяўляем Хрыста як нешта сярэдняе: ні мужчыну, ні жанчыну. Але гэта памылка. Я не сумняваюся ў мужчынскасці Езуса, бо, уявіце, ці пайшлі б звычайныя неадукаваныя рыбакі за некім, хто ні рыба, ні мяса? Яны ўбачылі ў Езусе не проста бадзяжнага філосафа і настаўніка. Памятайма, што Ён рос побач з цесляром, умеў працаваць, а значыць зусім не быў распешчаным хлопчыкам. Некаторыя каментатары Бібліі нават сцвярджаюць, што дрэва ў Палестыне было рэдкасцю, таму, хутчэй за ўсё, Юзаф быў мулярам, працаваў з каменем, а гэта цяжкая і прыземленая праца. Рыбакі пайшлі не за філосафам, а за мужчынам, у якім адчулі прыклад для сябе! Апосталаў таксама часам уяўляюць надта далікатнымі і непрыстасаванымі, але Біблія называе Яна і Якуба сынамі грому. Узгадайце, як яны прапануюць Езусу спаліць горад, які быў супраць Яго (гл. Лк. 9, 54). Гэта — бітва, гэта чыста мужчынскі падыход да справы...

Спадзяюся, што гэтыя біблійныя прыклады натхняць мужчынаў аднаўляць і выбудоўваць сваю мужчынскасць, вучыцца разумець свае ўнутраныя памкненні, укладзеныя Богам у іх душы, сталець і ўсведамляць сябе каштоўным дарам для свету.


Сястра Паўла Бобер MSF
Падрыхтавала Юлія Шэдзько
Паводле лекцыі сястры Паўлы Бобер MSF

 

Сайт часопіса „Ave Maria“ Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла ў Беларусі

Часопіс існуе дзякуючы вашым ахвяраванням. Сёння мы просім вашай дапамогі — нават невялікая сума падтрымае нас.

Падрабязней