Добры пачатак

Адгулі калядныя і навагоднія святы. Падрыхтоўка, клопаты, гасцяванне засталіся ў мінулым. Нарэшце можна ўздыхнуць з палёгкаю і лёгкім смуткам. Мяжа пяройдзена, наперадзе новы год. Пакуль яшчэ зусім чысты, як няспісаная старонка. А цяпер спыніцеся. Стоп!

Мы вельмі рэдка спыняемся на пачатку тэрміну: на пачатку года, на пачатку месяца, не кажучы ўжо пра пачатак дня. Людзі больш схільныя спыняцца напрыканцы, робячы падрахункі, так бы мовіць, ацэньваючы вынікі. Хоць бывае і так, што мы спыняемся на паўдарозе (занепакоіўшыся, засумняваўшыся або проста засумаваўшы). Але на гэты раз давайце зробім па-іншаму. Запрашаю вас у падарожжа перад пачаткам. Для гэтага вам спатрэбіцца вялікае люстэрка. Не лянуйцеся! Гатова? Тады паспрабуем разам.

Такім чынам, стоп!

Вынікі нядаўна падведзены, а потым былі пырскі шампанскага, звон бакалаў і новы адлік. Сапраўды, частка шляху ўжо пройдзена, і мы, такія, якімі сталі, «склаліся», з усім нашым вопытам радасці і смутку, надзей і расчараванняў, памылак і перамог. Так, гэты чалавек у люстэрку — менавіта ты. Паглядзі на яго ўважліва.

Паглядзі на яго твар. Дзіўны выраз з’явіўся на ім у апошнія гады і ўсё часцей застаецца на ім, а ў некаторых месцах ён стаў нават «прырастаць».

Што гэта? Магчыма, маска незадаволенага жыццём чалавека? Або паспяховага, бесклапотнага балбатуна, заўсёды гатовага расплысціся ва ўсмешцы ці разрагатацца: «Не-не, у мяне ўсё цудоўна, вы не падумайце», — а ў галаве быццам кулямётная чарга: «Толькі б не здагадаліся», або «Толькі б не палічылі занудаю», «Толькі б не шкадавалі і не лезлі ў душу». Усміхніся ж люстэрку, паглядзі, як гэта выглядае на тваім твары.

А вось яшчэ адна, ужо даволі заўважная адмеціна. Паглядзі на гэтыя крыху апушчаныя куточкі вуснаў. Ці пазнаеш маску пакутніка, ахвяры несправядлівасці, чалавечай злосці або проста абставінаў? Як жа гэта было? Ды вось як: «Зноў усё дрэнна...», «Та-ак, цяжка. Хацелася б, вядома, радавацца больш, але дзе там, пры такім жыцці...» Пасля — цяжкі ўздых.

Так, уздыхні і паглядзі ў люстэрка. І дадай фразу: «Так, усім трэба дапамагчы, і ніяк не адмовіш. Але нічога, я пацярплю. А што ж рабіць, абы толькі не пакрыўдзіліся»... Бачыш, маска ўжо прырастае да твару.

Глядзі ўважліва, люстэрка шмат чаго можа расказаць.

Ці бачыш гэтыя зморшчынкі на ілбе, магчыма, яшчэ ледзь заўважныя, а можа, ужо вельмі звыклыя? А цяпер падымі бровы, акруглі вочы і перастань дыхаць. Адчуваеш трывогу? А страх? Цяпер ты ведаеш, адкуль узяліся зморшчынкі. А вертыкальныя складкі на пераноссі — гэта сляды тваёй незадаволенасці і гневу. Паспрабуй звесці бровы і паглядзець грозна. Так, гэта таксама ты.

А вось на вуснах — крыху пагарды, крыху агідлівасці, крыху ганарыстасці. Такім становіцца твой твар, калі ты цалкам упэўнены, што ніколі не зрабіў бы пэўнага ўчынку, ніколі не дапусціў бы нейкага граху.

Цяпер вочы. Паглядзі, можа, у іх ёсць нешта ад просьбы, чакання? Гэта сляды перажытых хвілінаў роспачы. Няўжо іх было так шмат? А, можа, гэта стала ўжо звычкаю?

А ці заўважаеш, што твае вочы не аднолькавыя? Паглядзі, магчыма, у адным заўсёды мільгае недавер, «выпрабавальны пагляд», і ад гэтага вока здаецца крыху меншым, злёгку прыжмураным. А другое вока расплюшчана крыху шырэй, але як быццам не глядзіць, або глядзіць — і не бачыць. Усё гэта гаворыць пра тое, што табе цяжка давяраць людзям і ты амаль ніколі не просіш дапамогі. Чаму? Справа не толькі ў пыхлівасці, але і ў тым, што табе цяжка паверыць. Паверыць у тое, што, калі ты папросіш чагосьці насэмрэч патрэбнага, то атрымаеш гэта. І сумняваешся: можа, штосьці іншае, але не тое, што табе трэба. Таму ты вельмі рэдка просіш спачування, увагі, сяброўства, любові... Люстэрка ведае і пра гэта.

Што яшчэ? Гэты правал у грудзіне? Відавочна, след тых здарэнняў, калі даводзілася здавацца і адступаць перад цяжкасцямі. Адступаць у роспач. А калі крыху павернешся, то, магчыма, убачыш невялікую прыгорбленасць там, дзе злучаюцца шыя і плечы. Гэта схільнасць узвальваць усё на сябе, жыць па прынцыпе: «Мне цяжка, але я выцягну ўсё і ўсіх». Гэты «горб» — адплата за надуманы гераізм і жаданне ўсіх ратаваць, забываючыся, што на самай справе ўсіх ратуе толькі Бог.

Такім чынам, чалавек у люстэрку — гэта ты. Гэта вынік таго, як ты жыў усе гады.

А наперадзе новы год, новы месяц, новы дзень — чыстая старонка. Як пражыць гэты год, гэты дзень? На што яго патраціць?..

На працягу ўсяго свайго жыцця чалавек збірае скарбы ў тры кошыкі. Першы з іх называецца «Мець». Туды мы складваем усе набыткі, якія пачынаюцца з гэтага слова: мець ежу, дом, грошы; мець сяброў, сям’ю; мець веды, аўтарытэт, уладу, сілу, здароўе... І мноства ўсялякага хламу, які — невядома навошта — мы захоўваем у шафах, склепах, у галаве, у душы.

Другі кошык — «Рабіць». Тут захоўваюцца нашыя дасягненні і поспехі, усё тое, што нам удалося зрабіць, а часам і тое, «каго ўдалося зрабіць». Атрыманы дыплом, пабудаваны дом, выгадаваныя дзеці, кар’ера, пасаджаныя дрэвы, закатаныя слоікі... Усё, чым мы ганарымся, да чаго прыклалі намаганні і дасягнулі выніку. На жаль, часам мы забываемся запрасіць на святкаванне сваёй «перамогі» галоўную дзейную Асобу — Таго, каму насамрэч належыць гэтая «перамога». Але пра гэта вы і самі ўсё ведаеце.

Трэці кошык — «Быць». А тут знаходзіцца тое, кім мы насамрэч былі або з’яўляемся, дакладней, сталі цяпер, без масак, без перабольшанняў і падманнай сціпласці. Гэта тое, пра што без ліслівасці могуць расказаць люстэрка, вочы іншых людзей (у іх мы таксама бачым сваё адлюстраванне) і нашае сумленне. Як жа часта мы запэўніваем сябе ў тым, што наогул мы людзі добрыя, добрасумленныя, адважныя, што наогул мы хрысціяне (у адрозненне ад суседкі, супрацоўніка і вунь той парачкі на вуліцы)! А тое, што ўчора крыху схітравалі, паінтрыгавалі, на кагосьці напляткарылі або толькі што накрычалі, дык гэта — выпадковасць, як кажуць, «сарвалася». А ўвогуле мы добрыя і добрасумленныя. «Белыя і пушыстыя».

Але, нават нягледзячы на гэта, псіхолагі сцвярджаюць, што ў сярэднім за сваё жыццё чалавек траціць больш часу і намаганняў на тое, каб назапашваць у кошык «Мець», крыху менш — у кошык «Рабіць» і мінімальна — у кошык «Быць».

Проста задумайцеся, якая розніца паміж тым, каб мець дыплом і быць адукаваным чалавекам, падаваць міласціну і быць міласэрным.

У гэтым і заключаецца сакрэт прыпынку напачатку: спыняючыся ў канцы месяца ці года, мы падлічваем, што ўдалося набыць, колькі мы цяпер маем і што ўдалося зрабіць, а спыняючыся на самым пачатку, мы вырашаем, якімі нам быць. Сапраўды, выбіраючы зранку, што ты будзеш рабіць сёння, за чым будзеш ганяцца, ты выбіраеш сябе на сённяшні дзень, выбіраеш тое, кім ты будзеш. І давайце без ілюзій: калі вы збіраецеся сёння сварыцца, крыўдзіцца і нават крыху помсціць, то не кажыце, што вы добры чалавек. А яшчэ лепш — проста спыніцеся на пачатку новага года, пакуль усё яшчэ наперадзе, і вырашыце, якімі вы будзеце ў новым годзе.

З Новым годам вас, з чыстаю старонкаю і з добрым пачаткам!


Наталля Пан
Надрукавана ў «Ave Maria» № 1-2 (166-167), 2009

 

Гл. яшчэ артыкулы Наталлі Пан:

 

 

 

 

 

Мы вельмі радыя
бачыць вас на сайце
часопіса «Ave Maria».
Гэта плён працы
неабыякавых людзей,
якія з радасцю ствараюць
гэты часопіс для вас.

Падпіска
Ахвяраванні

Сайт часопіса „Ave Maria“ Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла ў Беларусі

Часопіс існуе дзякуючы вашым ахвяраванням. Сёння мы просім вашай дапамогі — нават невялікая сума падтрымае нас.

Падрабязней