Чаму мы такія?..

У адным з папярэдніх артыкулаў мы ўжо разважалі пра фармаванне мужнасці ў хлопчыкаў. На гэты раз паспрабуем прасачыць, як уплываюць адносіны дзяўчынкі з бацькам на фармаванне ў ёй жаночага характару.


Ва ўзросце ад трох да шасці гадоў закладваюцца асновы палавой ідэнтычнасці дзяўчынак. І зноў бацька адыгрывае ў гэтым працэсе вырашальную ролю, толькі крыху іншым чынам. Так, дзяўчынка, у адрозненне ад хлопчыка, падсвядома вырашае стаць падобнаю да мамы, а значыць, стаць жанчынаю. Але для таго, каб у будучыні ў яе з’явілася магчымасць пабудаваць сваю сям’ю, менавіта бацька сваёй прысутнасцю павінен даць ёй прыклад прывабнасці і бяспекі мужчынскага свету. Аднак у сям’і могуць адбыцца некаторыя парушэнні.

Бацька не выклікае цёплых пачуццяў (агрэсіўны, часта палохае дзіця).

У гэтым выпадку дзяўчынка (хутчэй за ўсё, на працягу ўсяго жыцця) будзе асацыяваць мужчынскую сілу (т. зв. мужнасць) з агрэсіўнасцю. Стаўшы дарослаю, яна будзе або баяцца мужчынскага свету і будаваць сваё жыццё, выключаючы кантакты з супрацьлеглым полам (нават выйшаўшы замуж, яна будзе аддаляцца ад мужа і падсвядома падазраваць яго ў жаданні напасці на яе, прынізіць, абразіць альбо навязаць сваю волю), або стане лічыць сапраўднымі мужчынамі толькі агрэсараў і пагарджаць небяспечнымі мужчынамі, несвядома помсцячы ім за свой страх. І гэта зусім нярэдкая гісторыя.

Маладыя дзяўчаты часта задаюць псіхолагам пытанне: «Чаму мне падабаюцца тыя мужчыны, якія не звяртаюць на мяне ўвагі, ігнаруюць, адносяцца да мяне пагардліва, а тыя, каму я падабаюся, хто клапоціцца пра мяне, наадварот, раздражняюць мяне і здаюцца мне слабымі?» Адказ дастаткова відавочны, варта толькі звярнуць увагу на тыя рысы характару, па якіх гэтая дзяўчына робіць выснову пра сілу мужчыны. У такім спосабе пабудовы адносінаў ёсць свая пастка: як толькі «незалежны і моцны» мужчына, які дагэтуль адпрэчваў дзяўчыну, пачынае прыхільна да яе ставіцца і праяўляць пяшчоту, ён аўтаматычна пераходзіць у катэгорыю слабых, а значыць тых, кім яна пагарджае. Няцяжка здагадацца, як такая жанчына будзе выхоўваць свайго сына, якія «мужчынскія» якасці будзе развіваць у ім, якіх адносінаў да жанчынаў (праўда, толькі да іншых) будзе чакаць ад яго і ці дазволіць свайму мужу ўплываць на выхаванне сына.

Застаецца толькі дадаць, што паводле статыстыкі жанчыны, якія ў дзяцінстве сталі ахвярамі бацькавай агрэсіі, часцей з’яўляюцца ініцыятарамі разводаў і самастойна выхоўваюць дзяцей, бо ў іх ад пачатку жыцця падарваны давер да мужчынаў.

Бацька вельмі прывабны для дачкі, але не ўдзяляе ёй дастаткова ўвагі.

Дарэчы, да гэтай катэгорыі можна аднесці і дзяўчынак, якія выхоўваліся без бацькі, але сканструявалі ў сваім уяўленні яго ідэалізаваны вобраз, які палюбілі. У дзяўчынкі ў гэтай сітуацыі фармуецца трывалы вобраз самой сябе як непрывабнай для мужчынаў. У далейшым гэта небяспечна тым, што дзяўчынка будзе пастаянна незадаволеная сабою, у тым ліку сваёй знешнасцю, можа адчуваць сябе прыніжанаю, і, магчыма, у яе сфармуецца навязлівае жаданне выклікаць захапленне мужчынаў «хуткадзейснымі» сродкамі — занадта кідкім адзеннем, крыклівымі манерамі паводзінаў, а нярэдка і сексуальнай даступнасцю. Выбар сродкаў абумоўлены менавіта падсвядомым нявер’ем у тое, што яна можа быць цікавая для мужчыны як асоба, паколькі яна не адчувала зацікаўленасці і ад свайго бацькі.

Як правіла, гэта прыводзіць да таго, што, падрастаючы, дзяўчына актыўна спрабуе прывабліваць увагу ўжо не толькі бацькі, але і ўсіх мужчынаў, не задумваючыся пры гэтым, наколькі кожны канкрэтны мужчына сімпатычны менавіта ёй. У выніку з’яўляюцца дзве праблемы. Па-першае, атрымліваючы неабходную ўвагу згаданымі сродкамі, дзяўчына не ўмее ўтрымліваць яе працяглы час, гэта значыць, адпавядаць той увазе, на якую яна прэтэндавала.

Што рабіць з мужчынскаю ўвагаю — вось адна з самых складаных праблемаў для жанчын, якія ў дзяцінстве не атрымалі дастатковай эмацыйнай увагі ад бацькі. Вынікам часта становіцца мноства непрацяглых сувязяў і яшчэ больш разбуральная выснова: «Мяне немагчыма любіць, а мужчынам патрэбны толькі секс». Па-другое, дзяўчына, якая выхавана ў такой сям’і, схільная рамантызаваць кожны від мужчынскай увагі, прымаючы яго за любоў і адчуваючы шчырую ўдзячнасць і гатоўнасць ахвяраваць усім за адзін толькі зацікаўлены позірк. Гэта прыводзіць да таго, што яна не выбірае спадарожніка жыцця сама, а закохваецца ва ўсіх, хто хаця б на імгненне звярнуў увагу на яе. Няцяжка здагадацца, што мужчыны часта будуць выкарыстоўваць яе ў адносінах, у тым ліку і сексуальна. Псіхалагічная статыстыка сцвярджае, што большая частка жанчынаў, якія займаюцца прастытуцыяй, у дзяцінстве пакутавала менавіта ад недахопу эмацыйнага кантакту з бацькам.

Бацька займае ў сям’і яўна падпарадкавальнае становішча.

У гэтым выпадку ў дзяўчынкі фармуецца супярэчлівае ўспрыманне пола: з аднаго боку — спачуванне бацьку, а з другога — гнеў на яго за тое, што ён як мужчына не зменіць становішча ў сям’і да лепшага; з аднаго боку — гнеў на маці, а з другога — гордасць за прыналежнасць да «моцнага» жаночага полу. Калі перамагае тэндэнцыя спачуваць бацьку і абвінавачваць маці, гэтыя дзяўчынкі, стаўшы дарослымі, часта звязваюць сваё жыццё з «моцнымі» агрэсіўнымі мужчынамі (у супрацьлегласць свайму бацьку), яны пакутуюць, але не дазваляюць сабе ім пярэчыць, баючыся прынізіць мужчыну і стаць падобнаю да маці.

У іншым выпадку, калі пераважвае гнеў на бацьку за яго слабасць, жанчыны нярэдка становяцца сапраўднымі «генераліхамі» ў сям’і, вечна незадаволенымі «слабасцю і безадказнасцю» сваіх мужоў. Дзеля справядлівасці варта адзначыць, што іх мужы нярэдка адпавядаюць гэтаму апісанню, але менавіта таму, што сярод усіх прэтэндэнтаў у спадарожнікі жыцця дзяўчаты беспамылкова выбіраюць менавіта гэты (такі знаёмы з дзяцінства, а значыць прадказальны і небяспечны) тып мужчынаў.

Бацька аддае ў сям’і яўную перавагу дачцэ, а не жонцы.

У такім выпадку дзяўчынка не мае патрэбы станавіцца падобнаю да маці, а значыць навучацца жаноцкасці. У выніку яна засвойвае тыя зацікаўленні, да якіх яе падахвочвае бацька і якія больш пасавалі б хлопчыку. Пры гэтым, не маючы ўяўлення пра ўнутранае перажыванне жаноцкасці (жаночыя пачуцці, думкі, жаданні), бацька ўхваляе ў дачцэ толькі знешнія атрыбуты жаноцкасці — знешні выгляд і падкрэслена жаноцкую манернасць. Дзяўчынка вырастае з яўнаю пагардаю і пачуццём канкурэнтнасці ў адносінах да іншых жанчынаў (па прыкладзе адносінаў з мамаю) і з празмернаю заклапочанасцю сваёю знешнасцю або інтэлектам (сцвярджаючы, што мысленне ў яе мужчынскае, у адрозненне ад іншых жанчынаў).

Ідэальная жаночая знешнасць і душа (г. зн., розум, пачуцці і жаданні) мужчыны — вось той недасягальны ідэал, да якога імкнецца такая жанчына. Менавіта таму вынікам яе адносінаў з мужчынамі і светам бывае паражэнне, незадаволенасць, расчараванне, а нярэдка і дэпрэсіўны стан, і ўсё гэта чаргуецца з кар’ернымі рыўкамі і пластычнымі аперацыямі.

Мама выхоўвае дачку без бацькі.

У гэтым выпадку дзяўчынка не мае магчымасці перажыць зачараванне мужчынскім светам. Далейшае сваё жыццё яна будуе без уліку яго існавання як адрознага ад жаночага. Па сутнасці яна не мае патрэбы ў мужчынах або, як яна сама сцвярджае, з’яўляецца «моцнаю і самадастатковаю». Дарэчы, ідэя самадастатковасці, такая папулярная ў сучасным свеце, не мае нічога агульнага з хрысціянскай ідэяй манаскай адасобленасці ад свету, якая зусім не азначае самадастатковасць, але дастатковасць Бога і адносінаў з Ім. Сучасную ж самадастатковасць прыдумалі людзі, якія так і не адкрылі прыгажосці ў непадобнасці іншага чалавека, а ўбачылі ў гэтай незразумеласці і непадобнасці толькі пагрозу або глупства.

І ўсё гэта мы з вамі, дарагія жанчыны... і дарагія мужчыны-бацькі, цяперашнія і будучыя. І так з пакалення ў пакаленне. Хто ж вылечыць нашыя раны? Хто здыме з нас праклён?

Але давайце памятаць, што Бог не зробіць гэтага сілаю, без нашай волі. Такім чынам, неабходна наша ўласнае пакаянне і малітва, у тым ліку і за нашых бацькоў і дзяцей. «Бо мы маем не такога першасвятара, які не мог бы спачуваць слабасцям нашым, але такога, які, паводле падабенства, зведаў усе выпрабаванні, акрамя грэху. Таму наблізімся з даверам да трону ласкі, каб атрымаць міласэрнасць і знайсці ласку для своечасовай дапамогі» (Гбр 4, 15–16).


Наталля Пан
Надрукавана ў «Ave Maria» № 10 (175), 2009

 

Гл. яшчэ артыкулы псіхолага Наталлі Пан:

Мы вельмі радыя
бачыць вас на сайце
часопіса «Ave Maria».
Гэта плён працы
неабыякавых людзей,
якія з радасцю ствараюць
гэты часопіс для вас.

Падпіска
Ахвяраванні

Сайт часопіса „Ave Maria“ Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла ў Беларусі

Часопіс існуе дзякуючы вашым ахвяраванням. Сёння мы просім вашай дапамогі — нават невялікая сума падтрымае нас.

Падрабязней