Пагутарым пра залежнасць. Працяг

Працяг. Пачатак гл. тут.

Мы вяртаемся да вельмі няпростай і балючай тэмы пра залежнасць. Няпростай, бо шмат чаго даводзіцца адкрываць не толькі ў сваіх блізкіх, але і ў саміх сабе. І вы ўжо, мяркую, гэта заўважылі. Такія адкрыцці нас часта палохаюць, а часам выклікаюць непрыемнае пачуццё бездапаможнасці, віны, гневу. «Што ж з усім гэтым рабіць?» — разгублена думаем мы.


Перадусім трэба набрацца адвагі і цярпліва перажыць усе гэтыя пачуцці і непрыемныя думкі, не спрабуючы адхіліцца на больш лёгкія тэмы і не апускаючы рукі. Мы ж на шляху аздараўлення, а заблудзіўшыся ў лесе, у першую чаргу трэба вызначыць не тое, куды мы хочам трапіць, а тое, дзе мы знаходзімся ў дадзены момант. І разуменне сутнасці праблемы — гэта першы крок. Такім чынам, мужна працягнем.

ХАРЧОВАЯ ЗАЛЕЖНАСЦЬ

Харчовая залежнасць, на першы погляд, не настолькі разбуральная, як алкагалізм. Але тыя, хто ад яе пакутуе, расказалі б нам, што задышка, незадаволенасць сабою, заўсёднае пачуццё стомленасці — гэта толькі пачатак. А ў далейшым — гіпертанія, праблемы са страўнікам, печанню, абменам рэчываў, суставамі, і гэты непрыемны пералік можна працягваць. Больш рухацца і правільна харчавацца (а гэта значыць, у тым ліку, і менш есці) раяць урачы, трэнеры па фітнесу і аэробіцы. І, напэўна, няма такой жанчыны, якая ў сярэднім узросце не спрабавала б узяць пад кантроль сваё харчаванне. Але ўдаецца гэта далёка не ўсім, таму што ўся справа ў залежнасці.

А калі чалавек — залежная асоба, то аб’ект залежнасці, як вы памятаеце, адыгрывае другасную ролю: замест ежы можа быць яшчэ штосьці — ці то праца з раніцы да ночы, ці то іншы чалавек, ці зноў жа алкаголь.

Прынцып усё той жа: з’яўляецца трывога, няўпэўненасць у сабе альбо ў будучыні. Трывога прымушае неадкладна шукаць падтрымкі, апоры. І хаця б хто-небудзь у гэты момант па ўласнай ініцыятыве, без падказкі падышоў і, абняўшы, сказаў: «Матуля, я так цябе люблю, ты лепшая мама на свеце», або: «Мілы (мілая), не трывожся, я з табою і ўсё будзе добра!» Але сям’я сядзіць каля тэлевізара, і многія з нас ідуць разам са сваёй трывогаю «паляваць на ежу».

А калі сур’ёзна, то ці здольныя вы адрозніць, дзе пачуццё голаду, а дзе трывога? Абсалютна дакладна, голад — гэта вельмі канкрэтныя фізіялагічныя адчуванні ў страўніку. А трывога — гэта збянтэжанасць у душы плюс павярхоўнае, амаль незаўважнае дыханне верхняй трэццю лёгкіх, паскораны пульс, мышачнае напружанне ў плечавым поясе, зблытаныя думкі, якія пераскокваюць з адной на другую, і часам холад у канечнасцях. Ці адносіцца ўсё гэта да голаду, і чаму, адчуваючы гэта, людзі часта пачынаюць паглынаць ежу, і менавіта да той пары, пакуль не адступіць трывога, не звяртаючы ўвагі на пачуццё сытасці?

Справа ў тым, што ежа таксама валодае пэўным «наркатычным» эфектам, асабліва салодкая, цяжкая (напрыклад, мясная альбо тлустая) і «хуткія вугляводы» (чыпсы і да таго падобнае). Гэтыя прадукты альбо ўзмацняюць выпрацоўку «гармонаў шчасця», альбо адцягваюць усе сілы арганізма ад кідання з кута ў кут і цяжкіх думак на пераварванне «цагліны» ў страўніку, альбо выклікаюць кароткачасовы энергетычны ўсплеск, ненадоўга паляпшаючы настрой. Чым не наркотык? Тым больш, што праблема не вырашаецца і трывога хутка вяртаецца.

Такім чынам, калі вы рэгулярна пераядаеце, то вы знойдзеце ў сябе большасць прыкметаў залежнай асобы, пра якія мы гаварылі раней. А гэта значыць, што ні дыеты, ні самаўнушэнні, а тым больш нянавісць да сябе, на жаль, вам не дапамогуць. І асабліва хачу падкрэсліць гэта для дзяўчат: мардаванне сябе голадам і хваляванні з-за сваёй фігуры толькі павялічваюць незадаволенасць сабою і ступень трывогі. І тады цяга да знаёмага «наркотыка» ўзрастае, «голад» узмацняецца, і вы з’ядаеце нават больш, чым маглі ўявіць. А потым — пачуццё віны, трывога і ўсё спачатку.

Вырашаць трэба праблему залежнасці. Памятаеце? Няўпэўненасць у сабе, няўменне адэкватна выяўляць эмоцыі, страх перад цяжкасцямі і гэтак далей.

ГУЛЬНЁВАЯ ЗАЛЕЖНАСЦЬ

Гульнёвая залежнасць сёння нашмат больш пашыраная, чым у гады нашага дзяцінства. Так, так, менавіта сучасныя школьнікі часта гатовыя жыць у камп’ютэрнай рэальнасці. Ці памятаеце тыя нядаўнія часы, калі хлопчыкі бегалі па двары з пісталетамі, падзяляючыся на «нашых» і «нянашых», здзяйсняючы подзвігі і ратуючы сяброў? Сёння яны ахвотней робяць гэта ў камп’ютарных клубах, за паралельнымі камп’ютарамі, у сетцы. У неіснуючым свеце, дзе няма мяжы магчымасцям і ёсць запасныя жыцці, дзе забіць — гэта значыць выйграць, дзе табе падпарадкоўваецца ўсё. А гэта нараджае асаблівы эмацыйны ўздым, які дазваляе часова забыцца пра школьныя і хатнія трывогі, ці проста аддацца забыццю.

Пазнаяце твар залежнасці: не спраўляюся — не ведаю, што рабіць — непакоюся, мне дрэнна — хачу забыцца пра ўсё і адчуць сябе на вышыні — наркотык (пакуль яшчэ толькі камп’ютарны)?

Але праблемы гэтым не вырашаюцца: дзеці падрастаюць і змяняюцца толькі аб’екты іх залежнасці. А ці ўмее вашае дзіця глядзець праблемам у твар, ці навучылі вы яго? Дарэчы, навучылі — гэта не значыць, што закінулі ў цэнтр возера і прымусілі, каб яно выплыла само. Будучую «залежную асобу» можна беспамылкова вызначыць ужо пасля дзевяці гадоў.

Мужчыны, жанчыны, дзеці — усе маюць патрэбу ў падтрымцы і апоры. Цяжка жыць, калі гэтаю апораю становіцца алкаголь, ежа або камп’ютэр, бо такую апору даводзіцца заўсёды трымаць пры сабе, без яе амаль немагчыма жыць.

Засталося ўсяго два пытанні: чаму і як? Але не будзем спяшацца. Нашыя апоры патрабуюць да сябе павагі і напружанай увагі.

Калі ў чым-небудзь з апісанага вышэй вы аддалена пазналі сябе і вырашылі штосьці змяніць у сваім жыцці, тады з сённяшняга дня вы заводзіце дзённік.

Але гэта не той дзённік, які вы, магчыма, вялі ў дзяцінстве ці ў юнацтве і так часта бачылі ў кіно. Гэты дзённік спатрэбіцца вам як мінімум на наступныя чатыры тыдні. На працягу ўсяго дня вы будзеце назіраць за сабою (калі ўспомніце, вядома, без лішняга фанатызму, але прыкладаючы намаганні), а вечарам запісваць. Запісваць трэба няшмат. Па-першае, у якой сітуацыі ў вас з’явілася трывога, неспакой. Напрыклад, вы заспелі сябе за налётам на халадзільнік, значыць, у гэты момант трывога ўжо была. Што вы рабілі непасрэдна перад гэтым? Чапляліся да дзіцяці? Значыць, і тады яна ўжо была. І так паступова, адмотваючы час назад, вы знойдзеце сітуацыю, у якой яна з’явілася.

У дзённік трэба коратка запісаць толькі гэтую сітуацыю: «Муж не пахваліў новую прычоску», «Загадчык зноў прамаўчаў пра павышэнне». Не трэба старацца знайсці штосьці вельмі значнае, бо трывога жывіцца дробязямі. Падзяліце старонку на дзве калонкі: «Чаго я хацеў(хацела) ў гэты момант?» і «Чаго я баяўся (баялася) пасля гэтага?» І пачынайце запаўняць. Ужо праз некалькі дзён шмат што стане зразумелым. А галоўнае, стане зразумела, з чаго менавіта трэба распачынаць змены ў жыцці.


Наталля Пан

Надрукавана ў «Ave Maria» № 10 (163), 2008

 

Гл. яшчэ артыкулы Наталлі Пан:

Мы вельмі радыя
бачыць вас на сайце
часопіса «Ave Maria».
Гэта плён працы
неабыякавых людзей,
якія з радасцю ствараюць
гэты часопіс для вас.

Падпіска
Ахвяраванні

Сайт часопіса „Ave Maria“ Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла ў Беларусі

Часопіс існуе дзякуючы вашым ахвяраванням. Сёння мы просім вашай дапамогі — нават невялікая сума падтрымае нас.

Падрабязней