...Стварыў мужчыну і жанчыну

 Хачу падзяліцца з вамі адным назіраннем. На першы погляд, яно можа падацца відавочным, але калі задумацца, то гэта можа стаць сур’ёзным адкрыццём для кожнага чалавека. Я маю на ўвазе тое, што кожны чалавек з’яўляецца або мужчынам, або жанчынаю. Так, менавіта кожны, а гэта значыць, што не існуе «проста людзей» або «проста асобаў», жыццё кожнага з нас афарбавана ў колеры нашага полу. Але ці правільна мы разумеем, пра што канкрэтна ідзе гаворка, калі разважаем пра мужчынскасць і жаноцкасць?


У сучаснай псіхалогіі перажыванне чалавекам сваёй палавой прыналежнасці і адносіны да яе прынята называць сексуальнасцю. Дарэчы, звярніце ўвагу на тое, як такое разуменне адрозніваецца ад таго, што мы прызвычаіліся называць гэтым словам. Сапраўды, часцей за ўсё мы зводзім паняцце сексуальнасці, а ўслед за ім паняцці мужчынскасці і жаноцкасці, да здольнасці або няздольнасці ажыццяўляць палавы акт.

Вось просты прыклад: паўпусты аўтобус спыняецца на прыпынку, дзе знаходзіцца шмат людзей. Дзверы адчыняюцца, і першым, агрэсіўна штурхаючы локцямі сваіх равесніцаў, у салон урываецца падстаркаваты мужчына і хуценька сядае на вольнае месца, гнеўна рэагуючы пры гэтым на ўсе заўвагі. Хто з нас ніколі не бачыў такой сцэны? Але запэўніваю вас, што гадоў 30–40 назад гэты мужчына не дазволіў бы сабе такіх паводзінаў! Чаму? Справа, зрэшты, не ва ўзросце і не ў хваробах, гадоў 30 назад ён адказаў бы нам: «Таму што я мужчына!» А што ж змянілася цяпер? Адзінае, што, напэўна, змянілася, гэта тое, што ён страціў здольнасць ажыццяўляць палавы акт, але хіба ён перастаў быць мужчынам? Відавочна, не. Іншы прыклад. Вось шасцігадовы хлопчык, які годна сябе паводзіць і старанна выкарыстоўвае сваю сілу (якой па вялікім рахунку не так ужо і шмат), каб дапамагаць і абараняць. Пра інтымныя адносіны ў яго жыцці яшчэ нават няма гутаркі, але, гледзячы на яго, мы разумеем: ён — мужчына.

Не пакінем без увагі і жанчынаў. ...Раней яна сачыла за сабою, была мілаю і ахайнаю, так бы мовіць, адчувала сябе жанчынаю, а цяпер, з узростам, стала недагледжанаю, неакуратнаю, вечна незадаволенаю і сварліваю. Перастала быць жанчынаю? Не, проста больш не мае інтымных адносінаў. Але хіба мужчынскасць і жаноцкасць — гэта толькі здольнасць да палавога акту?

Што азначае быць чалавекам вашага полу, і якія рысы характэрныя для людзей супрацьлеглага полу? Нашае разуменне гэтых асаблівасцяў не з’яўляецца раптоўна ў нейкім узросце, яно паступова фармуецца з самага нараджэння.

Немаўля, вядома ж, яшчэ нічога не ведае пра тое, што ў свеце ёсць мужчыны і жанчыны. Па вялікім рахунку, яно не ведае і пра тое, што ёсць сам свет і мноства людзей. Больш за тое, сучасныя даследаванні пацвярджаюць, што пры нараджэнні нервовая сістэма дзіцяці яшчэ настолькі неразвітая, што дзіця не можа ўспрымаць не толькі маму, але і сваё цела як нешта цэласнае. Замест гэтага яно выхоплівае сваёй увагаю толькі тую частку сябе або мамы, на якую скіраваны яго патрэбы.

Так, калі дзіця галоднае, яно найперш бачыць маміны грудзі, калі яму адзінока і трывожна, яно засяроджваецца на маміных вачах і руках. Але важна тое, што іншага чалавека з усімі тонкасцямі яго ўнутранага свету для дзіцяці не існуе, іншы чалавек для яго толькі функцыя (пакармі, вазьмі на рукі, прынясі, дай), якую яно не можа забяспечыць сабе само. Аднак не забудзем, што пол у гэтага дзіцяці ўжо ёсць, яно ўжо або мужчына, або жанчына.

Яшчэ адна важная заўвага. Сапраўды, мужчыны і жанчыны адрозніваюцца не толькі будоваю цела і колькасцю фізічнай сілы.

У нас розная псіхалагічная будова, вобразна кажучы, душа таксама мае пол. І гэтак жа, як мужчынская або жаночая будова цела дадзена нам ад нараджэння і яе немагчыма змяніць (можна толькі імітаваць змены сучаснымі хірургічнымі метадамі), немагчыма змяніць і «пол душы».

Такім чынам, вернемся да нашага немаўляці. Яно ўжо жыве як мужчына або жанчына, гэта значыць, успрымае свет як чалавек яго полу, мае жаночыя або мужчынскія эмоцыі і жаданні, але пакуль яшчэ не «ведае», што гэта палавыя асаблівасці, уласцівыя многім людзям, для яго гэта проста «я такі». Псіхолагі называюць гэты этап развіцця сексуальнасці аўтаэратычным, маючы на ўвазе, што адзіны знаёмы для дзіцяці чалавек, у якога ёсць перажыванні, — гэта ён сам, усе астатнія, уключаючы маму, гэта толькі функцыі або тое карыснае, што яны робяць для яго. Таму і своеасаблівая закаханасць дзіцяці ў гэты перыяд скіравана на сябе самога, а дакладней, на прымітыўнае задавальненне, якое не падразумявае наяўнасці ў свеце розных полаў.

Калі разуменне полу дарослым чалавекам засталося па нейкай прычыне на гэтым узроўні, то ён усё жыццё будзе разважаць па прынцыпе: «Якая розніца, мужчына ты або жанчына, галоўнае, ці робіш ты тое, што мне ад цябе патрэбна», або: «Калі гэта магу рабіць я (насіць цяжкія рэчы, эмацыйна, са слязьмі перажываць непрыемнасці і г. д.), значыць, можаш і ты».

Гэты погляд на адносіны можна было б ахарактарызаваць наступным чынам: «У свеце няма полаў, у свеце ёсць Я».

У інтымнай сферы такое разуменне жыцця, як правіла, суправаджаецца мастурбацыйнай актыўнасцю, якая не прадугледжвае наяўнасці партнёра. Нават калі ў гэтага чалавека з’яўляецца сям’я, ён расказвае псіхолагу пра тое, што атрымлівае менш задавальнення ў палавым акце з іншым, чым пры мастурбацыі. Ад сужэнцаў жа патрабуецца толькі абслугоўванне патрэбаў (усё тое ж прынясі, дай, зарабі). Так выглядае аўтаэратызм.

Наступны этап у развіцці сексуальнасці — бісексуальнасць. У норме ён павінен працягвацца прыкладна ад аднаго года пасля нараджэння да двух гадоў. У гэты перыяд дзіця моцна засяроджана на маці, але яшчэ не задумваецца пра значэнне полу. Яно ўжо бачыла, што целы людзей адрозніваюцца (у мамы, таты, браціка і сястрычкі), але не надавала гэтаму значэння, бо было занятае адносінамі з мамаю.

У пачатку гэтага перыяду дзіця імкнецца быць з мамаю адным цэлым і праводзіць з ёю ўвесь час, гэта значыць, быць у нейкім сэнсе такім жа, як мама. Таму крыху пазней для некаторых хлопчыкаў тое, што мама мае іншую будову цела, можа быць вялікай нечаканасцю. Але пакуль што ўсё яшчэ спакойна. Дзіця чула пра тое, што ў свеце ёсць хлопчыкі і дзяўчынкі, але для яго гэта яшчэ толькі словы. Насамрэч яно разумее іншых людзей праз разуменне сябе, гэта значыць, дзіця неўсвядомлена лічыць, што ўсе людзі, якія яго атачаюць, такія ж, як яно, адчуваюць і хочуць таго ж, што і яно. Умоўна кажучы, дзіця думае, што ў свеце ёсць толькі адзін пол — такі ж, як у яго.

Выснова з гэтага простая: мужчыны і жанчыны адрозніваюцца толькі будоваю цела, а псіхалагічных адрозненняў не існуе.

Дарослы чалавек з такім узроўнем сексуальнасці надзвычай клапоціцца пра тое, наколькі яго цела сексуальна прывабнае, няспынна яго ўдасканальваючы (ажно да пластычных аперацый) і ўпрыгожваючы адзеннем. Аднак у вочы, як правіла, кідаецца тое, як мала пры гэтым чалавек клапоціцца пра разуменне жаночай або мужчынскай прыроды сваёй сутнасці і як мала ведае пра мужчынскія і жаночыя рысы. Адносіны з супрацьлеглым полам у гэтым выпадку атаясамліваюцца толькі з палавымі кантактамі: «Мужчыны патрэбны толькі для сексу, астатняе я магу і хачу сама, у тым ліку і выхоўваць МАЁ дзіця», або: «А чаго яшчэ хацець ад жанчын, акрамя сексу». У некаторых выпадках людзі маюць палавыя кантакты з абодвума поламі, шчыра не разумеючы: «Якая розніца, ён (яна) ж добры чалавек». Гэта праява бісексуальнасці. І насамрэч такіх людзей вакол нас вельмі шмат!

А што ж з’яўляецца сапраўдным разуменнем палавой прыналежнасці і якія унікальныя асаблівасці дадзены Богам кожнаму полу? Пра гэта мы працягнем размову ў наступным артыкуле.


Наталля Пан

Надрукавана ў «Ave Maria» № 11 (176), 2009

Гл. яшчэ артыкулы Наталлі Пан:

Мы вельмі радыя
бачыць вас на сайце
часопіса «Ave Maria».
Гэта плён працы
неабыякавых людзей,
якія з радасцю ствараюць
гэты часопіс для вас.

Падпіска
Ахвяраванні

Сайт часопіса „Ave Maria“ Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла ў Беларусі

Часопіс існуе дзякуючы вашым ахвяраванням. Сёння мы просім вашай дапамогі — нават невялікая сума падтрымае нас.

Падрабязней