...Стварыў мужчыну і жанчыну. Працяг

Пачатак гл. тут.

У мінулым артыкуле мы абмяркоўвалі раннія этапы фармавання ў дзіцяці ўяўленняў пра палавыя асаблівасці і адрозненні. Так, на аўтаэратычнай стадыі дзіця яшчэ не ведае пра палавыя асаблівасці (хоць само ўжо валодае імі) і жыве так, быццам у свеце няма полаў. У наступны перыяд, названы псіхалогіяй бісексуальным, маленькі чалавечак думае, што ўсё, чым адрозніваюцца мужчыны і жанчыны, — гэта будова цела, не заўважаючы пры гэтым псіхалагічных адрозненняў.


Трэці этап у фармаванні полу традыцыйна называюць гомасексуальным, доўжыцца ён да 3,5–5 гадоў. Дарэчы, гомасексуальнасць у гэтым кантэксце зусім не прадугледжвае абавязковай наяўнасці сексуальных кантактаў з людзьмі свайго полу і сустракаецца нашмат часцей, чым мы прызвычаіліся думаць.

Сутнасць гомасексуальнасці заключаецца ў спецыфічным бачанні: «У свеце ёсць толькі два полы — мой і няправільны». Такі погляд адпавядае светаадчуванню малога дзіцяці, якое ўжо ведае, што ў свеце ёсць мужчыны і жанчыны, што яны думаюць і адчуваюць па-рознаму, але ўспрымаюць адрозненні іншага полу як заганы, адхіленні ад нормы, а нормай, вядома ж, з’яўляюцца «мае пачуцці і думкі».

Менавіта ў гэты перыяд у дзяцей упершыню нараджаюцца такія выказванні: «Гэтыя дзяўчынкі — плаксы», «Гэтыя хлопчыкі — задзіры». На жаль, такі перакос часта актыўна падтрымліваецца бацькамі: «Ты ж мужчына — не плач, як дзяўчынка», «Ты ж дзяўчынка — будзь разумнейшая». Меркаванне пра ўласную перавагу нараджаецца ў гэтым выпадку з няпоўнага разумення іншага полу.

У гэтым узросце мы ўжо ведаем, што людзі супрацьлеглага полу бачаць свет і жывуць інакш, але чаму? Не разумеючы прычынаў, мы не ведаем, чаго чакаць ад іх у наступную хвіліну, а гэта нараджае страх і жаданне няспынна абараняцца або трымацца ад супрацьлеглага полу як мага далей. А цяпер успомніце, хіба вы ніколі не чулі ад дарослых людзей чагосьці падобнага: «Гэтых жанчын ніколі не зразумееш», «Ад гэтых мужчын не чакай нічога добрага»? А як наконт больш замаскаваных сцверджанняў і азначэнняў: «жаночая логіка» (вядома ж, «другога гатунку», «шлях да сэрца мужчыны ляжыць праз яго страўнік» (нібы ў жывёліны)?

Можна лёгка стварыць цэлы даведнік ходкіх гомасексуальных афарызмаў, бо гэта даволі распаўсюджаны тып мыслення. Цяпер мы разумеем саму сутнасць гомасексуальнасці — страх перад непадобным і пагарда да яго.

Наступны этап у развіцці палавых уяўленняў — гетэрасексуальны. Гэта і ёсць перыяд станаўлення сексуальнай сталасці, што нельга блытаць з пачаткам сексуальнага жыцця. Наяўнасць гетэрасексуальнага ўзроўню развіцця прадугледжвае:

1. Разуменне спецыфічных псіхалагічных асаблівасцяў свайго полу.

2. Прыняцце гэтых асаблівасцяў і ўменне прадуктыўна выкарыстоўваць іх у жыцці.

3. Разуменне спецыфічных псіхалагічных асаблівасцяў іншага полу.

4. Прыняцце асаблівасцяў іншага полу і ўменне захапляцца адрозненнямі.

5. Адчуванне неабходнасці саюзу з чалавекам або людзьмі іншага полу і ўзаемадапаўняльнасці поглядаў на жыццё.

За апошнія 40 гадоў у свеце былі праведзены сотні тысяч даследаванняў на тэму палавых адрозненняў, якія выявілі іх вялізную колькасць, пачынаючы ад адрозненняў у рэагаванні нованароджаных хлопчыкаў і дзяўчынак і заканчваючы асаблівасцямі стаўлення да смерці ў старасці. Паспрабуем кампактна пералічыць галоўнае.

Па-першае, мы па-рознаму мыслім. Гаворачы «па-рознаму», я маю на ўвазе адрозненне ў траекторыях, якімі мы прыходзім да канчатковага вываду. Так, мужчына ў сваім мысленні аперыруе фактамі і словамі і выкарыстоўвае фармальную логіку, штосьці накшталт «a + b = c». Яго мысленне функцыянуе на свядомым узроўні, мужчына заўсёды можа апісаць той лагічны шлях, якім ён прыйшоў да пэўнага вываду.

Жаночы спосаб мыслення выглядае інакш: жанчына мысліць вобразамі і перажываннямі, яе мысленчы працэс шмат у чым працякае на несвядомым узроўні, і яна далёка не заўсёды можа апісаць шлях, якім прыйшла да пэўнага рашэння. Часам гэты спосаб памылкова называюць інтуіцыяй.

Па-другое, у нас па-рознаму арганізавана ўвага. Так, мужчыны валодаюць лепшай прыроджанай здольнасцю да канцэнтрацыі. Іх увага з большаю сілаю чапляецца за мэту і здольна ўтрымліваць яе доўгі час. Менавіта таму мужчыны могуць гадамі ісці па вызначаным шляху, застаючыся вернымі сваім поглядам і ўменню трымаць слова. Прасцей кажучы, усе іх сілы ідуць на засяроджванне, і яны не заўважаюць другасных фактараў, якія маглі б адцягнуць іх увагу, а гэта значыць, што мужчына не можа ўтрымліваць у полі зроку некалькі мэтаў адначасова, і, дарагія жанчыны, калі ён напружана сочыць за футбольным мячыкам, што бегае па экране, ён сапраўды не чуе, як вы трэці раз просіце яго дапамагчы вам.

Жаночая ўвага не ўпускае нічога. Жанчына вельмі проста можа гуляць з дзіцем, адначасова гатуючы абед, размаўляючы па тэлефоне і гледзячы адным вокам у тэлевізар. Аднак у яе ўсе сілы растрачваюцца на некалькі мэтаў адначасова, таму ўвага становіцца слабою. У выніку жанчыны няздольныя доўгі час прытрымлівацца пэўнай мэты або меркавання, мяняючы іх «кожныя паўгадзіны», але пры гэтым не ўпускаючы дэталяў. Закон просты: альбо мала бачыць, але быць мэтанакіраваным, альбо заўважаць шмат, але губляцца ў мэтах.

Па-трэцяе, падобным чынам мы адрозніваемся ў эмацыйнасці. Мужчыны маюць больш моцныя пачуцці і эмоцыі, але сканцэнтраваныя на адным перажыванні. Так, калі мужчына адчувае гнеў, то гэта на самай справе гнеў, калі страх, то страх, а калі радасць, то радасць.

Аднак такая моц пачуццяў прыносіць шмат дыскамфорту, а часам і пакуты, таму хлопчыкі часта вельмі рана вучацца ўтаймоўваць усе пачуцці, у тым ліку з дапамогаю алкаголю або абясцэньвання гэтай сферы жыцця. Ні да чога добрага гэта, зразумела, не прыводзіць, яны становяцца толькі больш выбуховымі (а пры эмацыйным выбуху немагчыма кіраваць эмоцыямі), часцей, чым жанчыны, паміраюць ад інфаркту і наогул менш жывуць.

Жаночая эмацыйнасць іншая і шмат у чым падобная да яе ўвагі. Калі жанчына адчувае гнеў, то ў ім ёсць крышку віны, крышку страху, крышку спачування, крышку суму, крышку цікаўнасці і, дзеля справядлівасці заўважым, крышку радасці. Такім чынам, жанчына можа спазнаваць некалькі пачуццяў адразу, і таму мужчыну так цяжка бывае зразумець: «Дык ты баішся ці паміраеш ад цікаўнасці?» (дарэчы, яна і сама не ведае дакладна). Але разам з тым жаночыя пачуцці і перажыванні менш трывалыя і часам бываюць проста «навальніцамі ў шклянцы вады».

Вось толькі некаторыя, але такія важныя адрозненні. Можна падумаць, што Пан Бог падзяліў паміж намі гэтыя здольнасці для таго, каб мы не фантазіравалі ў сваёй ганарыстасці, што мы — «як багі» і можам усё, і каб мы сапраўды мелі патрэбу адно ў адным, дапаўняючы слабасці і сляпыя плямы адно аднаго.

 


Наталля Пан
Надрукавана ў «Ave Maria» № 12 (177), 2008
Крыніца фотаздымкаў: vk.com/trita.plenka

Гл. яшчэ артыкулы Наталлі Пан:

Мы вельмі радыя
бачыць вас на сайце
часопіса «Ave Maria».
Гэта плён працы
неабыякавых людзей,
якія з радасцю ствараюць
гэты часопіс для вас.

Падпіска
Ахвяраванні

Сайт часопіса „Ave Maria“ Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла ў Беларусі

Часопіс існуе дзякуючы вашым ахвяраванням. Сёння мы просім вашай дапамогі — нават невялікая сума падтрымае нас.

Падрабязней