Пагутарым пра залежнасць

Пра што вы думаеце, калі чуеце слова «залежнасць»? Пра суседа алкаголіка? Пра натоўп раз’юшаных падлеткаў-наркаманаў у цёмным завулку? А магчыма, пра тое, што і ў вашую сям’ю можа пранікнуць гэтае зло? Ці пра гэта лепш нават не думаць?


Я прапаную вам паглядзець на гэтую з’яву як на супрацьлегласць незалежнасці або свабодзе.

Залежаць ад чагосьці або ад кагосьці — значыць не спраўляцца з жыццём без гэтага прадмета, рэчыва альбо чалавека і верыць у тое, што толькі з ім магчымы дабрабыт і спакой. Так, чалавек з хвораю нагою не ўяўляе свайго жыцця без мыліцы, і гэта не проста прыхамаць. Не мець мыліцы для яго значыць заўсёды адчуваць боль падчас спробы ісці наперад. Для асобы, якая пакутуе ад залежнасці, не мець «мыліцы» значыць заўсёды адчуваць душэўны боль: «Мне страшна жыць», «Я баюся людзей», «Мне заўсёды сорамна за сябе», «Мяне ажно разрывае ад абурэння», «Я безнадзейны чалавек». Але не мець «мыліцы» — гэта таксама і быць паралізаваным: «Падкажыце, што рабіць далей», «Ніколі не ведаю, як правільна зрабіць», «Не ведаю, што мне пасуе», «Не магу выбіраць самастойна», «Мяне заўсёды непакоіць, што пра мяне думаюць людзі», або проста «Я не спраўляюся» і «Я не ўмею жыць». Гэта толькі некаторыя з тых тыповых фразаў, якія псіхолагі чуюць у сваіх кабінетах. І тады становіцца зразумелым, чаму п’е алкаголік і шукае наркотыкі падлетак, і што здарыцца, калі адабраць у іх «мыліцу».

Але алкагалізм і наркаманія — гэта далёка не ўсе віды залежнасцяў. На жаль, не менш пашыраная і разбуральная залежнасць ад ежы (пастаяннае пераяданне), гульнёвая залежнасць (азартныя ці камп’ютэрныя гульні), залежнасць ад сексу (навязлівая патрэба шукаць сексуальныя кантакты з усё новымі партнёрамі) і, нарэшце, псіхалагічная залежнасць ад іншага чалавека альбо групы (штосьці накшталт «не магу без яго жыць»). Такім чынам, паспрабуем паглядзець бліжэй на гэтыя віды залежнасцяў.

Алкаголь часова здымае трывогу, а значыць дапамагае забыцца пра сумненні «добра-дрэнна», «правільна-няправільна», «прыгожа-непрыгожа», «разумна-неразумна».

У стане ап’янення «ўсё становіцца проста», не трэба больш выбіраць. Разам з трывогаю часова знікае і няўпэўненасць у сабе (як хваравітая, так і здаровая) і вырываецца на волю ранняя дзіцячая мара пра ўсемагутнасць, пасля чаго пачынае цягнуць «на подзвігі». Гэты стан здаецца асабліва прыемным на фоне агульнага пачуцця бяссілля і непаўназначнасці, ад якога заўжды пакутуе залежная асоба. Акрамя таго, алкаголь змяняе эмацыйны фон, паляпшае настрой: знікаюць страхі (з’яўляецца пачуццё свабоды, у тым ліку і ў выяўленні гневу), узнікае весялосць (але яна вельмі адрозніваецца ад сапраўднай радасці), паслабляецца пачуццё сораму і віны, што стварае ілюзію ўпэўненасці ў сабе... Раніцаю эйфарыя праходзіць, а душэўны боль вяртаецца, узмоцнены віною «за ўчарашняе». І гэта значыць, што апоўдні зноў узнікае неабходнасць пазбавіцца ад прыкрага пачуцця, хаця б часова.

А цяпер адкрыем сакрэт, вядомы спецыялістам: кожны алкаголік або чалавек, які рэгулярна «выпівае», у цвярозым стане тайна:

— вельмі няўпэўнены ў сабе, з-за чаго адчувае цяжкасці ў зносінах з людзьмі, вольна размаўляючы толькі на адну-дзве тэмы, не ўмее падтрымаць супольную гутарку і заражацца агульным настроем, прычым чужая сумесная весялосць выклікае ў ім зайздрасць і ўспышкі раздражнення;

— вельмі пакутуе з-за меркавання іншых людзей пра яго, ад чаго, у прыватнасці, не пераносіць крытыкі і патрабуе няспыннага захаплення і пахвалы;

— губляецца пры ўзнікненні цяжкасцяў і баіцца пераадольваць перашкоды, з-за чаго не церпіць абмежаванняў;

— баіцца будучыні, у выніку чаго не мае цвёрдай мэты і няздольны прыкладаць намаганні даўжэй за 4 – 6 тыдняў;

— не ўмее адэкватна выяўляць гнеў і пяшчоту, баіцца падацца слабым, і таму першае выяўляе ў непрымальнай форме, а другое цалкам заглушае;

— у глыбіні душы баіцца людзей супрацьлеглага полу, не ведаючы, чаго ад іх чакаць і адчуваючы з іх боку пагрозу, і таму не ўмее будаваць адносіны шчырай блізкасці, клопату і падтрымкі, заўсёды падлічвае «хто больш — хто менш», баючыся выкарыстання і здрады.

Важна зразумець, што ўсе пералічаныя асаблівасці ні ў якім выпадку не з’яўляюцца вынікам ужывання алкаголю і не «алкаголь зрабіў яго такім». Гэтыя прыкметы ўказваюць на тое, што дадзены чалавек — проста залежная асоба, якая не ўмее жыць без «мыліцы», а алкаголь ён выкарыстоўвае толькі для таго, каб выжываць ва ўсім гэтым жаху, «расслабіцца», як часта кажуць алкаголікі. І тады для яго ўжо не важныя наступствы накшталт пагаршэння здароўя, дэградацыі і няшчасця блізкіх.

Іншыя наркатычныя сродкі аказваюць падобнае ўздзеянне. Розніца толькі ў тым, што іх часцей ужываюць падлеткі і маладыя людзі і, на жаль, як правіла, даволі неардынарныя і адораныя. Усе вышэйпералічаныя асаблівасці залежнай асобы характэрныя і для гэтай групы з невялікім дадаткам.

Тыя, хто ўжывае наркотыкі, як і іншыя залежныя людзі, баяцца жыцця і блізкіх стасункаў, асабліва сямейных, і таму ніколі не рэалізоўваюць свае таленты, хоць адчуваюць пры гэтым патэнцыяльныя творчыя і інтэлектуальныя магчымасці. Адсутнасць плёну і бяздзейнасць хаваюцца пад асаблівым відам пыхі: мы не такія, як усе, вы ніколі нас не зразумееце. Вядома, гэта толькі абарончая пазіцыя, якая не вызваляе ад страху і перажыванняў, і таму наступная доза наркотыка з’явіцца абавязкова. Яшчэ адна яркая асаблівасць людзей з такім відам залежнасці — гэта няздольнасць разумець і выказваць свае пачуцці, якія заўсёды задушваюцца і хаваюцца, у той час як на твар «прыклеена» нязменная ўсмешка альбо маска абыякавасці і нуды. А ў душы — боль, няўпэўненасць і трывога... Але ўсё гэта, зразумела, у перыяды паміж ужываннямі. Наркатычнае ап’яненне прыносіць кароткачасовую ілюзію лёгкасці жыцця, упэўненасці ў сабе і свабоды. А пра наступствы мы ўсе ведаем...

Але калі не наркотык і алкаголь робіць чалавека такім, то тады ў чым прычына залежнасці? Чаму адным патрэбна «мыліца», а іншым — не? І ўрэшце, што з гэтым рабіць?

Залежная структура асобы фармуецца ў дзіцяці ва ўзросце да трох гадоў і звязана з адносінамі ў сям’і, і ў значнай ступені — з паводзінамі маці.

Але больш падрабязна пра гэта, а таксама пра іншыя віды залежнасці мы пагаворым пры наступнай нашай сустрэчы на старонках часопіса.


Наталля Пан

Надрукавана ў «Ave Maria» № 9 (162), 2008


Гл. яшчэ артыкулы Наталлі Пан:

Мы вельмі радыя
бачыць вас на сайце
часопіса «Ave Maria».
Гэта плён працы
неабыякавых людзей,
якія з радасцю ствараюць
гэты часопіс для вас.

Падпіска
Ахвяраванні

Сайт часопіса „Ave Maria“ Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла ў Беларусі

Часопіс існуе дзякуючы вашым ахвяраванням. Сёння мы просім вашай дапамогі — нават невялікая сума падтрымае нас.

Падрабязней