Адзінаццатая звычайная нядзеля, год С (16.06.2013).
«Адзін з фарысеяў запрасіў Езуса паесці з ім. І ўвайшоўшы ў дом фарысея, Ён узлёг за сталом. І вось, жанчына, якая была грэшніцай у горадзе, даведаўшыся, што Ён узлёг за сталом у доме фарысея, прынесла алебастравы флакон пахучага алею і, стоячы ззаду каля ног Ягоных і плачучы, пачала абліваць ногі Ягоныя слязьмі і валасамі сваёй галавы выцірала і цалавала ногі Яму, і намашчвала пахучым алеем. Убачыўшы гэта, фарысей, які запрасіў Яго, сказаў сам сабе: Калі б Ён быў прарокам, то ведаў бы, хто гэта жанчына, якая дакранаецца да Яго, што яна грэшніца. І Езус сказаў яму ў адказ: Сымон, Я хачу нешта сказаць табе. Ён жа кажа: Скажы, Настаўнік. У аднаго крэдытора былі два даўжнікі. Адзін вінен быў пяцьсот дынараў, а другі – пяцьдзесят. Паколькі не мелі чым заплаціць, ён дараваў абодвум. Дык хто з іх больш палюбіць яго? Сымон адказаў: Думаю, той, каму больш даравана. Ён сказаў яму: Ты правільна разважыў. І, павярнуўшыся да жанчыны, сказаў Сымону: Бачыш гэтую жанчыну? Я прыйшоў у твой дом, і ты не даў Мне вады для ног, а яна слязьмі абліла Мае ногі і выцерла сваімі валасамі. Ты пацалунку Мне не даў, а яна з той хвіліны, калі Я прыйшоў, няспынна цалуе Мне ногі. Ты галавы Мне алеем не намасціў, а яна пахучым алеем намасціла Мне ногі. Дзеля гэтага кажу табе: Даруюцца ёй грахі многія за тое, што яна вельмі палюбіла. А каму мала даруецца, той мала любіць. А ёй сказаў: Даруюцца табе грахі. І тыя, хто сядзеў за сталом разам з Ім, пачалі казаць самі сабе: Хто Ён такі, што нават грахі даруе? А Ён сказаў жанчыне: Вера твая ўратавала цябе, ідзі ў спакоі» (Лк 7, 36–50).
Калі?
Калі нам цяжка патэлефанаваць сябрам, бацькам? Калі нам цяжка паразмаўляць з імі? Калі нам цяжка дапамагаць адно аднаму?
Ёсць некалькі адказаў на гэтыя пытанні. Цяжка тады, калі мы пасварыліся з сябрам або сям’ёй. Тады, калі зрабілі ім нешта дрэннае. Магчыма, тады, калі мы схлусілі ім; магчыма, тады, калі казалі ў іх за спінай словы, якія шкодзілі іх рэпутацыі; магчыма, тады, калі захоўваем крыўду ў сэрцы і не можам прабачыць; а магчыма, тады, калі зайздросцім, што ў іх лепшае сужэнскае жыццё, машына, больш паслухмяныя дзеці, утульнейшае жытло, лепшая праца. Пералічваць можна бясконца. Цяжка сустрэцца з некім або патэлефанаваць, калі мы апанаваныя дрэнным настроем, хандрою, дэпрэсіяй.
Усе гэтыя сітуацыі аддзяляюць нас ад знаёмых, сяброў, сям’і, і менавіта тады, калі яны найбольш нам патрэбныя. Нам патрэбныя блізкія, калі мы злуемся, зайздросцім, абражаем, знаходзімся ў дэпрэсіі. Яны — адзіны наш шанец вярнуцца да нармальных сяброўскіх стасункаў, без іх гэта не атрымаецца. Без блізкіх людзей мы застанемся самотныя, замкнемся ва ўласным маленькім пекле.
Гэта ж тычыцца і нашых адносінаў з Езусам. Мы перастаем маліцца, перастаем чытаць Біблію, з цяжкасцю выбіраемся ў касцёл на святую Імшу тады, калі грашым. Тады, калі мы адчуваем расчараванне ў жыцці, калі зноўку некаму перамылі ўсе костачкі, а можа, напіліся да непрытомнасці. Пералічваць можна таксама бясконца. У такія моманты Езус найбольш нам патрэбны. Калі не прыйсці да Хрыста тады, калі я думаю, што зусім нічога не варты, адкуль жа возьмецца любоў, каб палюбіць сябе самога, каб прабачыць самому сабе? Без Езуса гэта немагчыма. Толькі Ён — крыніца маёй вартасці і любові.
Айцец Тамаш Міка ОР.