Дакументы Другога Ватыканскга Сабору пацвярджаюць пакліканне кожнага хрысціяніна да святасці. Сваімі думкамі пра гэта з намі дзеляцца двое маладых парафіянаў мінскага архікатэдральнага касцёля Найсвяцейшага Імя Панны Марыі.
Лізавета Еліневіч: «Хачу стаць карцінай Творцы...»
— Вінсэнт Ван Гог напісаў у адным са сваіх лістоў: «Хрыстус — адзіны, хто сцвярджаў як найбольшую праўду вечнасць жыцця, бясконцасць часу, небыццё смерці, яснасць духу і самаахвярнасць як неабходную ўмову і апраўданне існавання. Ён пражыў чыстае жыццё і быў найбольшым з мастакоў, бо, адпрэчыўшы мармур і гліну, і фарбы, працаваў з жывою плоццю… Ён адкрыта аб’явіў, што стварае жывых несмяротных людзей. Гэта надзвычай важна і перш за ўсё таму, што гэта праўда». Добрая карціна — тая, якая змяняе светапогляд, чыніць таго, хто ўбачыў яе, лепшым і глыбейшым чалавекам, яна перамяняе прастору вакол сябе. Шэдэўр — тая карціна, якая цалкам захавала задуму мастака і пранесла яе ў вечнасць. Я вельмі хачу стаць такой карцінай, карцінай, якая не бачыць сама сябе. Карцінай, якая нясе шчасце і благаслаўленне людзям. Ці дасягаю гэтага?.. Я імкнуся дасягнуць еднасці са сваім Творцам і Ягонага бачання мяне з дапамогаю малітвы і цішыні. Імкнуся як мага часцей вяртацца да думкі, што вакол мяне — Яго шэдэўры, і бачыць у іх свайго Стварыцеля. У гэтым мне дапамагае споведзь і святая Камунія.
Сяргей Кучынскі: «Калі ты — не святы, ты — у пекле...»
— У мяне няма дакладнага плану, як можна дасягнуць святасці — я ніколі пра гэта не думаў. Для мяне пакліканне азначае, што Бог, ствараючы чалавека, надзяліў яго нейкімі талентамі, якасцямі, і чалавек павінен следаваць плану, які Бог падрыхтаваў для яго. А пакліканне да святасці — больш шырокае паняцце, бо ствараючы кожнага чалавека, Бог ад пачатку задумваў, што той стане святым. Што тычыцца мяне, я проста жыву адпаведна ідэалаў, якія дае мне Біблія, жыццё святых і імкнуся быць шчаслівым. Кожны дзень ставіць перад чалавекам выбар: дабро або зло, Бога або ты сам. І ў гэтых сітуацыях я імкнуся выбіраць Бога.
Мне блізкая думка, што многія людзі, якія жывуць, не здзяйсняючы вялікіх подзвігаў, а проста нясуць сваю веру і робяць гэты штодзённы выбар, таксама становяцца святымі. Фактычна, калі ты — не святы, ты — у пекле, бо пасля смерці гэта адзіная альтэрнатыва раю і святасці. Часта, калі пачынаеш гаварыць з людзьмі пра святасць, яны кажуць, што жыццяпісы святых іх прыгнятаюць. Яны лічаць, што святы заўжды выпраменьвае дабро, ніколі не памыляцецца, гэта проста ідэальны чалавек, таму можна і не спрабаваць стаць такім. Але важна разумець, што ўсе мы розныя. Не кожны атрымаў добры характар, лагодны тэмперамент, гэта не заўжды залежыць ад чалавека, але ад яго залежыць, што з гэтым рабіць... І трэба памятаць пра тыя шклянкі, пра якія казала св. Тэрэза: адны меншыя, іншыя большыя, і кожная мае свой аб’ём святасці. Я чытаў недзе гісторыю пра тое, што настаяцель аднаго кляштара ці то памёр, ці то атрымаў візію і размаўляў з Богам. І ён спытаў Пана, хто ў ягоным кляштары лепшы манах. Бог паказаў яму аднаго. Настаяцель здзівіўся: «Ты што, Пане, ён жа страшна злы чалавек! Без канца зласловіць, дрэнна з іншымі абыходзіцца…» А Бог адказаў: «І тым не менш — ён самы лепшы, бо калі б кожнае імгненне не рабіў высілку, ужо даўно б вас усіх пазабіваў». Таму і я лічу, што следаваць пакліканню да святасці — гэта значыць на сваім жыццёвым шляху штодня выбіраць Бога».